Намесніца Макея выступіла перад нямецкім амбасадарам па-беларуску (відэа)

Святкаванне прайшло ў Палацы культуры МАЗа. Нямецкая амбасада сабрала тут больш за 300 гасцей. Сярод іх былі дыпламаты, чыноўнікі, грамадскія дзеячы і прадстаўнікі палітычных партый.

Амбасадар Вольфрам Маас упершыню прывітаў шырокае грамадства ў гэтым статусе. Ён выказаў асаблівую падзяку Алене Купчыной — намесніцы міністра замежных справаў Уладзіміра Макея. Спадарыня Купчына была найбольш высакапастаўленай беларускай чыноўніцай на імпрэзе. Пры гэтым, па нямецкай звычцы, амбасадар называў яе “гер міністр”.

Купчына выступала па-беларуску і без паперкі, пры гэтым не дапусціўшы ў прамове ніводнай памылкі.

“За гэтыя два дзесяцігоддзі нашыя двухбаковыя дачыненні перажывалі розныя перыяды і не заўсёды развіваліся, магчыма, так, як гэтага хацелі абодва бакі, — абцякальна зазначыла чыноўніца. — Але я ўпэўнена, што нам трэба разам глядзець у будучыню, таму што гэтаму нас вучаць урокі нашай агульнай гісторыі”.

“Самае важнае, што і немцы, і беларусы, мы жывем у адзінай еўрапейскай сям’і народаў”, — нетрадыцыйна для беларускіх чыноўнікаў адзначыла Купчына.

На развітанне намесніца Макея сказала, што хоча “пазычыць Германіі моцы, нямецкаму народу — шчасця і дабрабыту, і выказаць надзею на хуткае аднаўленне ўзаемнага даверу між нашымі краінамі”.

З двухсэнсоўнага слова “пазычыць” пакпіла ў сваім фэйсбуку Ірына Халіп: маўляў, што Беларусь можа пазычыць Нямеччыне?..

У кулуарах імпрэзы Халіп распавяла, што некалі Купчыну прымаў на працу ў МЗС Андрэй Саннікаў, калі быў намеснікам міністра. Цяпер Купчына сама даслужылася да гэтай пасады. Халіп кажа, што да прэзідэнцкіх выбараў 2010 года Купчына нават бывала ў іх у гасцях, але цяпер пазбягае кантактаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі