На “студэнцкіх” участках яўка ў першы дзень даходзіла да 20-55 працэнтаў!

У сярэднім па краіне яўка ў першы дзень датэрміновага галасавання склала 3 працэнты. А на ўчастках, дзе выбіраюць студэнты, даходзіла да 20 і нават да 55 працэнтаў.

"Па акрузе прагаласавала 4,4% выбаршчыкаў. Ёсць участкі, дзе высокая актыўнасць вышэй за 10 працэнтаў. Гэта ўчасткі 47 і 61", — распавядаюць Еўрарадыё ў 20-й акруговай камісіі Віцебска.

Не здзіўляемся, калі даведваемся, што 61-ы ўчастак знаходзіцца ў галоўным корпусе Медуніверсітэта, а 47-ы — у Доме культуры ветэрынарнай акадэміі.

У Пінску яўка 2,1 працэнта. Але ёсць участкі, дзе ў першы дзень датэрмінова прагаласавалі больш за 10 працэнтаў. "Напэўна, дзе студэнцтва пражывае", — мяркуюць у пінскай 10-й акруговай камісіі. І праўда: аказваецца, высокая яўка на двух участках, дзе інтэрнаты Палескага ўніверсітэта — 10,9 і 17 працэнтаў. За першы дзень галасавання!

Сярод абласных гарадоў Еўрарадыё зафіксавала рэкордную яўку ў першы дзень у Брэсце. У 3-й акруговай камісіі кажуць — амаль 20 працэнтаў!

"Па 3-й акрузе больш за два працэнты яўка. Ёсць участак, дзе прагаласавала каля 20 працэнтаў. 15-й участак — 19,72% прагаласавала ў першы дзень. Гэты ўчастак знаходзіцца ў Брэсцкім дзяржаўным медыцынскім каледжы".

На 42-м участку ў магілёўскай гімназіі №3 за першы дзень зрабілі свой выбар 54 чалавекі. Там таксама галасуюць студэнты. Паводле спісаў на ўчастку 880 чалавек.

Сярэдняя яўка па гомельскай 33-й акрузе — 2,5 працэнты. Але там, дзе студэнты, прагаласавала больш, кажуць у акруговай камісіі.

"У прынцыпе, карціна больш-менш роўная. Адзінае — участкі там, дзе студэнты, яны ў суботу-нядзелю з'язджаюць, таму прыйшлі і ўчора прагаласавалі".

Тое, што многія студэнты галасуюць датэрмінова, не адмаўляе былы дырэктар прафесійнага вучылішча, а цяпер намеснік старшыні 19-й акруговай камісіі Віцебска. Не хавае, што і сам у свой час нагадваў студэнтам пра датэрміновае галасаванне.

"Як кіраўнік казаў: не забудзьце, калі ёсць жаданне, выканаць свой грамадзянскі абавязак, то можна прагаласаваць. Нагадваў ім нават падчас урокаў. Нічога кепскага ў гэтым не бачу. Студэнты, як правіла, вельмі многія галасуюць датэрмінова. Я больш за 25 гадоў быў кіраўніком навучальнай установы, і мае навучэнцы галасавалі, каб з'ехаць на выхадныя дадому. Яны прагаласавалі амаль усе датэрмінова, бо 75 працэнтаў было іншагародніх".

А вось у гомельскай 34-й акрузе раніцай 19 верасня яшчэ не ведаюць, колькі людзей прагаласавалі датэрмінова 18 верасня.

"Не магу вам даць такую інфармацыю. Колькі прагаласавала, пакуль гэтымі лічбамі мы не валодаем", — кажуць у камісіі.

Як жа тады Мікалай Лазавік ужо падбіў сярэднюю яўку па краіне і вобласці?

"Па рэспубліцы — 3% роўна, Брэсцкая вобласць 2,5%, Віцебская 3,3%, столькі ж Гомельская, Гродзенская 2,4%, Мінская 2,6%, Магілёўская 3,4%, у Мінску 3,2%", — кажа сакратар ЦВК раніцай 19 верасня.

Але ў параўнанні з астатнімі ўсе рэкорды ў першы дзень б'юць горацкія студэнты. Там на ўчастку № 3 для галасавання ў першы дзень яўка складае 55 працэнтаў. З 1600 чалавек прагаласавала 883. Пра гэта Еўрарадыё паведамляе назіральніца кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Галіна Будная.

"Учора, у першы дзень галасавання, можна сказаць, што яны проста хваляй туды рынуліся. Я акурат назіраю на гэтым участку. За першыя паўгадзіны з моманту адкрыцця да паловы на адзінаццатую прагаласавала каля 250 чалавек. Справа ў тым, што сёлета ў нас "Дажынкі" супалі з выбарамі, ці наадварот. Яны будуць 21-22 верасня. У Горкі прыедзе вельмі шмат гасцей. Іх трэба некуды сяліць. Таму студэнтам сказалі прагаласаваць і вызваліць інтэрнаты".

Мікалай Лазавік лічыць, што маладым выбаршчыкам у гарадах трэба падказаць, што перад тым як з'ехаць за горад ці да бацькоў у вёску, пажадана усё ж выканаць свой грамадзянскі абавязак.

Фота: Радыё Свабода

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі