На "Соседний мир" могуць паехаць Nizkiz ды "Девятый миллиметр"

У другім паўфінальным адборы на фестываль "Соседний мир" перамаглі гурты Nizkiz ды "Девятый миллиметр". У гэты ж дзень за права выступіць на ўкраінскім фэсце змагаліся гурты Eihelstraat, U.G.oslavia, Freelite, Amaroka, City A, Russian Roulette. Як і на першым паўфінале пераможцу і журы і публіка абралі аднагалосна, а вось з другім месцам меркаванні крыху разышліся.

"Музыкі даволі часта падыходзяць да сяброў журы, пытаюцца, чаму такія вынікі, - каментуе арганізатар адбору Віталь Ціхановіч. - Аднак, мне падаецца, што ўсё справядліва. Гэта ж конкурс, і ў любым выпадку, будзе нехта, хто будзе ў непаразуменні, гэта нармальна".

Паводле правілаў, гледачы абіраюць чатырох лідараў канцэрту, з якіх далей праходзяць гурты, што набралі больш балаў ад журы. Прычым, журы прастаўляе балы адразу пасля выступу кожнага канкурсанта. Гэтым разам другое месца гледачы падзялілі паміж Amaroka ды City A,  "Девятый миллиметр" заняў трэцюю пазіцыю. Але па суме балаў журы менавіта "інтэлігентныя панкі" былі другімі, таму яны і атрымалі права на ўдзел у фінальным адборы.

“Агулам жа, з кожным новым паўфіналам атмасфера ў зале ўсё больш сяброўская. Нават гурты-ўдзельнікі пастаянна падтрымліваюць сваіх, так бы мовіць, прамых канкурэнтаў, і гэта не можа не радаваць”, - падагульняе Віталь.

Наступны паўфінал адбудзецца 4 красавіка ў тым жа клубе "Юла". Гэтым разам змагацца за права выступіць на сцэне фестывалю "Соседний мир" будуць мінскія гурты Step Hall, Ann Core, "Одним Днем", TweeD, Астения, Weesp, Remissia, Sub Rosa Dictum.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі