На “Камяніцы” Алег Скрыпка “круціў” музыкаў з чорнага спісу

110905 Malina Kamjanica.mp3

3 верасня ў Музеі народнай архітэктуры і побыту прайшоў трэці фолк-фэст "Камяніца". Ужо а 13-й гадзіне канцэрт адкрыў гурт “Госціца”, які пад сцэнай віталі каля двух тысяч чалавек. Нават невялічкі дождж не разагнаў наведвальнікаў з-пад сцены. Затое з-за надвор'я адсырэў гукарэжысёрскі пульт і прыкладна на сярэдзіне выступу "Старога Ольсы" гук... знік.

Пакуль рамантавалі апаратуру, а гэта зацягнулася амаль на гадзіну, гурт "Ветах" зладзіў імправізаваны акустычны канцэрт.

Нехта ў гэты час скарыстаў паўзу для таго, каб набыць піва ці паесці. Чэргі паўсюль павырасталі неверагодныя. Нават, калі трапіш на вольнае месца за столікам у адной з кавярняў і пашанцуе адразу ж злавіць афіцыянтку, то чакаць ежу даводзілася больш за гадзіну. Ну і гадзіна ў чарзе па піва таксама нікога ўжо не здзіўляла. Напэўна, гэта і стала асноўнай хібай у арганізацыі фестывалю. Тым больш, што па словах каардынатара фэсту Сяргея Чагрынца на мерапрыемства з’ехалася каля 7 тысяч чалавек, праўда дырэктар музея называе меншую лічбу.

"Гэта разам з тымі, каго мы запрасілі, з дзецьмі, якія праходзілі на тэрыторыю фестывалю бясплатна, а іх было шмат, бо шмат прыехала сямейных, агулам больш за 4 тысячы наведвальнікаў – расказвае дырэктар музею Святлана Лакотка. – А грошай мы сабралі 33,5 мільёны. Пэўная частка гэтых грошай пойдзе на гаспадарчыя патрэбы ды на рэстаўрацыйныя працы. На набыццё матэрыялу, каб скончыць тую ці іншую рэстаўрацыю".

Калі нарэшце прывезлі новы пульт, на сцэну падняўся "Хоха Бэнд".

"Насамрэч, пасля такой вялікай паўзы было дастаткова складана выступаць, – прызнаецца лідар гурта "Хоха Бэнд" Маша Яр. – Тым больш гэта была паўза пасля "Старога Ольсы", які ўжо так нармальна раскачаў людзей. Мне, напрыклад, было неяк мандражова выступаць, бо падавалася, што нас могуць адразу не ўспрыняць. Аднак публіка была гатовая да нечага новага, бо, відаць, гэтая паўза занадта зацягнулася. Людзі пачалі таньчыць, а таму, мне падаецца, у нас атрымалася галоўнае – людзі пачалі таньчыць".

І сапраўды, людзі пад сцэнай адрываліся абсалютна пад усіх, нават пад "Аляксандру і Канстанціна", якія відавочна выпадалі з агульнага гучання фэсту. Натуральна, сапраўдным танцавальным апагеем на фестывалі "Камяніца" стаў выступ Алега Скрыпкі, які гэтым разам быў у ролі дыджэя з праграмай, якую сам музыка называе "Этна-дыска".

"Для мяне кайф у тым, што на канцэрце з "Воплямі Відоплясова" я прадстаўляю сваю музыку і некалькі кавераў на іншых выканаўцаў ці народную музыку, – распавядае Алег Скрыпка пра сваю новую праграму. - А тут я магу паказаць добрую палітру рознай музыкі, як бы маё ўяўленне таго, які музычны свет на сённяшні дзень. Тое, што я прадстаўляю на дыскатэцы, зразумела, гэта мой фантазм. Мне б хацелася, каб гэтая музыка гучала паўсюль, але яна мае ратацыю толькі ў мяне ў праграме. Асабліва я рад, што я ў вас у гасцях у Беларусі, бо недзе адна пятая праграмы гэта добрыя беларускія трэкі, якія правераныя, якія качаюць".

Падчас свайго дыджэй-сэту Скрыпка круціў песні "Палаца", "Троіцы", Змітра Вайцюшкевіча, а таксама ўкраінскія народныя і не зусім народныя кампазіцыі. Дарэчы, пра тое, што ў яго сэт трапілі песні "забароненых" у Беларусі гуртоў Скрыпка даведаўся толькі пасля выступу і быў гэтаму шчыра здзіўлены. Агулам “Камяніца” Алегу спадабалася настолькі, што ў наступным годзе ён вырашыў правесці тут свой фолк-фэст "Краіна мрій".

Фестываль "Камяніца-2011" скончыўся бліжэй да 23-й гадзіны святочным феерверкам і ўжо праз паўгадзіны, амаль усіх наведвальнікаў з пляцоўкі вывезлі на бясплатных аўтобусах. Цікава, што пакуль моладзь рухалася да прыпынку, чакала аўтобусаў, і потым у саміх аўтобусах няспынна спявалі песні "N.R.M.", перабраўшы, напэўна, усе асноўныя хіты гурта.

Гурт "Ветах"

Аляксандра і Канстанцін

Пераможцы ў конкурсе строяў і вядучы фэсту Алег Хаменка

Іван Кірчук "Троіца"

Вельмі шмат людзей прыехала на фэст на роварах

Osimira

Алег Скрыпка

Фота: GlucTim

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі