На байк-фэсце ў Лагойску збярэцца блізу 1 тысячы матацыклаў

Байк-фэст “Мінск – 2011” пройдзе ў санаторна-аздараўленчым комплексе “Лагойск” 22-23 ліпеня. У гэтым месцы байкеры як з Беларусі, гэтак і з іншых краінаў збіраюцца ўжо шосты раз.

Згодна са словамі аднаго з лідараў беларускага байк-руху Уладзіміра Сівакова, галоўная ідэя фэста — даць байкерам мэту для вандроўкі. Для людзей, якія жывуць дарогай, вельмі важна ехаць не проста так, а кудысьці канкрэтна.

Уладзімір Сівакоў: “Для байкера ж галоўнае — дарога, правільна? Дык вось, гэты фестываль — магчымасць ехаць не абы-куды, а ехаць з мэтай. Праехаць па дарозе і сустрэцца з сябрамі, папіць піва, патанчыць, паглядзець горад, хто не бачыў. Думаем, што прыедзе блізу 1 тысячы матацыклаў. А краіны... Будуць прыбалты, украінцы, расіяне, палякі.  Што тычыцца далёкага замежжа, то адтуль не вельмі шмат людзей будзе. Можа, які дзясятак набярэцца. Шведы прыедуць, нарвежцы, але гэты нашыя, клубныя сябры”.

Што тычыцца расіян і ўкраінцаў, дык яны едуць у Беларусь без страху і сумневаў. А вось заходнікі, перш чым прыняць рашэнне наконт паездкі ў нашую краіну, задаюць шмат ўдакладняючых пытанняў.

Уладзімір Сівакоў: “Палітычнай сітуацыяй не цікавяцца. Цікавяцца, ці можна разлічыцца карткай VISA і ці ёсць у нас паліва. Рэч у тым, што сродкі інфармацыі там крыху карціну не такую паказваюць, якая яна насамрэч тут ёсць. Пішуць, што і есці няма чаго, і піць. Мы кажам: “Прыязджайце — гарэлкі хопіць на ўсіх!”

Якія гурты запрашаць на свой карпаратыў, байкеры вырашалі самі. Дзякуючы арганізатарам “Басовішча”, якія сёлета вырашылі ў чарговы раз памяняць фармат свайго мерапрыемства і не запрасілі большасць “генералаў айчыннага року”, пад Лагойскам зайграюць “Крама” і N.R.M. Таксама выступяць украінскі гурт “От винта!” і расійскія гурты “Корабли” ды “Листья травы”.

Што ж тычыцца таго, што па часе “Мінск-2011” супадае з “Басовішчам”, то, паводле Уладзіміра, байкеры на гэта не звярталі ніякай увагі — у іх зусім іншая публіка. Ды і прыхільнікі “Крамы” і N.R.M. гэтым разам будуць не ў Польшчы, а пад Лагойскам.

На гэта ж разлічвае і музыка N.R.M. Піт Паўлаў.

Піт Паўлаў: “Я разлічваю яшчэ на публіку N.R.M. Ёсць людзі, якія на адных байкераў не паехалі б, нягледзячы на тое, што там усё адно досыць цікавая праграма. Ды і што яшчэ рабіць у пятніцу ўвечары ў гэтым распаленым горадзе, які проста цячэ, нібыта рака? І лепш усё ж паехаць туды”.

Як адзначае музыка, да гэтага выступу яны нават адмыслова падрыхтаваліся.

Піт Паўлаў: “Мы зрабілі пераклад песні найвядомай  — сусветнага хіта ад гурта Metallica, якую любяць усе байкеры. У маім перакладзе гэта песня называецца “Сродак і мэта”. Да таго ж, мы паўнавартасны рокавы канцэрт там “валім” — гадзіна, а то і паўтары можа быць”.

Выступ N.R.M. прызначаны на 22 ліпеня і пачнецца а 21-й гадзіне. “Крама” выйдзе на сцэну байк-фэста 23 чэрвеня ў 20:00. На байкерскіх фэстах “крамчукі” выступалі неаднаразова. Былі і ў Гродне, і ў Сілічах. Лідар гурта Ігар Варашкевіч кажа, што блюз-рок, які выконвае “Крама”, да спадобы ўсім байкерам без выключэння. Праўда, айчынныя любяць больш цяжкі рок. Але яны не супраць традыцый.

Ігар выказаў спадзяванні, што на канцэрт гурта 23 ліпеня прыедзе як мага больш аматараў “Крамы”.

Што да кошту квіткоў, дык на пятніцу праход складзе 65 тысяч рублёў, а на суботу — 85 тысяч. Дзеці да 10 гадоў удзельнічаюць у байк-фэсце бясплатна.

Канцэртная праграма фэсту “Мінск-2011”. САК “Лагойск”.

22 ліпеня, пятніца
18:10 — Гаер
19:00 — Pro.Спект
19:40 — Пиво вдвоем
20:00 — Листья травы (Расія)
21:00 — N.R.M.
24:00—3:00 — DJ Alex Mad

23 ліпеня, субота
18:00 — Artefact
19:00 — Корабли (Расія)
20:00 — Крама
21:00 — От винта (Украіна)
22:00 — Листья травы (Расія)
24:00 — феерверк

дыскатэка да 03:00 — DJ Alex Mad.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі