"Мяне называлі кудлатым ублюдкам і абяцалі навучыць радзіму любіць"

Аркадзя Собалева затрымалі каля гіпермаркета ў Серабранцы. Людзі ў цывільным проста сцягнулі з ровара і разам з ім закінулі ў аўтобус. Бацькі даведаліся пра гэта выпадкова і пачалі шукаць сына. Еўрарадыё прайшло з імі разам ад затрымання да прысуду.

"Даведаліся выпадкова, узгадалі, што серада, пазванілі. Ён яшчэ змог адказаць і паведаміў, што ў аўтазаку знаходзіцца з роварам. Адразу паехалі ў Ленінскі РАУС. Там доўга спрабавалі высветліць нешта", - распавядае бацька затрыманага.

Бацькі Аркадзія на нагах з вечара затрымання. Спачатку спрабавалі знайсці сына каля Гіпа ў аўтобусах, пасля паехалі ў Ленінскі РАУС, там ніякага адказу дамагчыся не змаглі.

"Доўга, доўга чакалі. У выніку высветлілі, што ён там і там народу нямерана".

Ніякіх тлумачэнняў ніхто не даваў, пакуль маці не падняла шум. Тады ўжо нават дазволілі сустрэцца з сынам, які распавёў падрабязнасці затрымання.

"Цягнулі ў аўтобус, абадралі локці яму, лаяліся матам. Калі я падняла шум там, яго недзе каля 1 ночы вывелі разам з роварам, ён мне аддаў крыжык і ровар. У яго была яшчэ фотакамера вельмі дарагая, яе забралі. Прычыны ніхто не патлумачыў, потым сказалі, што дробнае хуліганства", - гаворыць маці Аркадзія.

У суд бацькі прыехалі а 9 раніцы, затрыманых прывезлі пазней, судовыя працэсы пачаліся бліжэй ў абед. Даведацца, у якім судзе будуць судзіць Аркадзя не атрымалася, у спісах ні ў адным з трох судоў дома правасуддзя яго не было. Нават супрацоўнікі суда, казалі, што нічога не ведаюць і спісы самі бачаць першы раз і таксама для сябе іх перапісваюць.

У выніку бацькі звярнуліся да людзей у цывільным, якія цудоўна ведалі, дзе хлопца будуць судзіць. Затрыманага ў Ленінскім РАУС судзілі чамусьці ў судзе партызанскага раёна.

На працэсе суддзя выслухала сведку міліцыянта Сукала, які распавёў што малады чалавек лаяўся матам і размахаў рукамі. На заўвагі што ён ехаў на ровары і не мог размахваць рукамі, і што яго проста сцягнулі з ровара, суддзя не звярнула ўвагі. Па словах хлопца, міліцыянты называлі яго "кудлатым ублюдкам і абяцалі навучыць радзіму любіць".

У перапынку з хлопцам атрымалася пагаварыць але нядоўга, ахоўнік забараніў.

"Распісаўся ў тым, каб мне дазволілі зрабіць тэлефонны званок, але яго не дазволілі. Ноч мы правялі ў камеры, нас было шасцёра а спальных месцаў толькі пяць", - распавёў Аркадзь.

Суддзя ці то з-за прысутнасці бацькоў і журналістаў, ці то з-за наяўнасці ровара ў гісторыі прысуд выносіла даволі доўга ў параўнанні з іншымі працэсамі. Але рашэнне было прадказальным: вінаваты, бо сведку міліцыянту прычынаў не давяраць няма. Такім чынам 5 сутак арышту, гэта трошкі ўсцешыла бацькоў, бо сын выйдзе акурат перад днём народзінаў, на што яны ўжо амаль не спадзяваліся.

Маці: "Суда ў Беларусі няма. Чалавек інтэлігентнейшы, з вышэйшай адукацыяй, ніколі не выражаўся, абвінавачаны ў тым, у чым яго нельга было абвінаваціць. Гэта “нон сэнс” і дзікая несправядлівасць. Беларусь, прачніся, інакш за табой заўтра прыйдуць таксама. Тут дадаць няма чаго, усё ўжо сказана, а казаць пра бясчынства пастаянна ўжо немагчыма".

Іншым пашанцавала меней, 7 ліпеня ў доме правасуддзя ў асноўным давалі ад 8 да 15 сутак арышту.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі