"Мужчынскі фэст" пацвердзіў статус рок-брэнду Брэста (фота)

Адным з першых гуртоў другога дня фестывалю стаў малады праект PIROUETTE!, які па праве прэтэндуе на званне брэсцкага супергурта. У калектыў увайшлі музыкі з вядомых у родным горадзе камандаў, такіх як ONEGIN, Слайды і іншыя. Адмыслова для фэсту рускамоўны гурт прэзэнтаваў сваю першую песню на беларускай мове "Механічная птушка". Са словаў саміх музыкаў, прысвечаная яна арганізатару фестывалю Змітру Назараву.

Міжнародную частку фестывалю распачалі першыя госці з Украіны — “Гуцул Каліпсо”. Склалася ўражанне, што брэсцкі слухач рыхтаваўся да выступу гурта з Чарнаўцоў як да хатняга задання. Жартаўлівыя рэп-куплеты амаль кожнай песні адгукаліся ў натоўпе. А віртуозныя салякі духавой секцыі адразу прымусілі прысутных у танчыць.

Да выступу “Роллікс” рыхтавацца загадзя не было патрэбы — херсонскі гурт добра знаёмы брэсцкім аматарам року. Удзел у сёлетнім Men's Fest'e стаў для ўкраінскіх ню-металістаў трэцім прыездам у горад над Бугам.

Брэсцкія альтэрнатыўшчыкі з гурта Sciana не змаглі не скарыстацца прысутнасцю на фэсце "Ролліксаў". Разам з іх вакалістам Змітром Ігнатавым яны выканалі сумесную песню "Беларусь-Украіна".

Выступ хэдлайнераў "Дай Дарогу!" часткова стаў "канцэртам па замовах". Юрый Стыльскі пытаўся у прыхільнікаў, што граць далей? Так, са сцэны ДК БЭМЗ прагучалі як старыя "баевікі", так і тэмы з апошняга альбома "Сквозь г..вно" за некалькі тыдняў да яго афіцыйнай прэзентацыі ў родным горадзе.

Галоўнае інтрыга фэста — ці спяюць ДД! па-беларуску — скончылася на карысць скептыкаў. Моўнай змены ў праграме панк-рокераў не адбылося. 

Са словаў вядучага фестывалю Сяргея Пятрухіна, падобныя буйныя рок-мерапрыемствы вельмі патрэбныя маладым брэсцкім выканаўцам, якія не маюць магчымасці выступаць на вялікіх пляцоўках:

"Так склалася, што ў нас, у Брэсце, няма цікавасці да музыкаў, якія граюць жыўцом. У нас шмат гуртоў, таленавітых і сапраўды добрых. Але чамусьці яны нідзе ніколі не прабіваюцца. Хто ў нас у прабіўся? “Дай Дарогу”... Дзякаваць богу, што брэсцкі гурт цяпер ведаюць паўсюль! Але ж колькі яны ўклалі ў гэта — велізарная праца!"

Нагадаем, што Men's Fest праводзіцца з 2009-га году, сёлета ён прайшоў у трэці раз, але ўжо ў лёгкім міжнародным фармаце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі