МНС не выключае, што сёлета давядзецца эвакуяваць людзей з-за паводкі

На сённяшні дзень у Гомельскай вобласці падтоплена каля 40 падворкаў, з іх палова дачы ў Мазырскім раёне. Пакуль няма неабходнасці высяляць людзей, але такая магчымасць не выключаная. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў Руслан Габрылёў, прэс-сакратар МНС Гомельскай вобласці.

Габрылёў: "Сітуацыя ў Гомельскай вобласці даволі складаная. У сувязі з ападкамі, якія выпалі падчас першага, другога і нават трэцяга цыклонаў, узровень запасаў снегу вырас у басейнах Дняпра, Сожа і Прыпяці. У сувязі з пацяпленнем чакаецца вялікі прыход вады. Сёння адбылася камісія па надзвычайных сітуацыях, дзе перагледзелі прагнозы і пралічылі неабходныя сродкі, каб зменшыць наступствы паводкі".

Гэтая паводка, як чакаецца, будзе большай, чым сярэднія паводкі за шмат гадоў. Не выключана, што давядзецца перасяляць людзей і жывёлаў. Месцы для гэтага ўжо вызначаныя, дадае Руслан Габрылёў.

Небяспечны ўзровень вады перавышаны ўжо ў раёне Турава, Петрыкава і Мазыра. У Мазыры вада падымаецца інтэнсіўна, за апошнія суткі ўзнялася на 8 сантыметраў, у Тураве — на 4 сантыметры. У Петрыкаве пакуль вада больш не падымалася.

Фота — 112.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі