Мінскі блогер выдаў кнігу без ніводнай друкаванай літары (фота)

 

Пра тое, што такая кніга
будзе, Глеб Лабадзенка абвясціў у эфіры Еўрарадыё яшчэ вясной мінулага года.
Усё пачалося з таго, што Глеб вывесіў у сваім блогу labadzenka.by некалькі
малюнкаў, дзе тлумачыў некаторыя моўныя тонкасці: розніцу між “сабе” і “сябе”,
“гаспадаркай” і “гаспадыняй”, “цяпер” і “зараз”.

Фота: labadzenka.by

Глеб Лабадзенка: “Потым чытачы
блогу сталі дасылаць свае “замовы” на той ці гэты сюжэт. А паколькі малюю я, як
трохгадовае дзіця, то адразу нарадзілася і назва будучай кнігі
“дзіцячая заМова”. Каб неяк акрэсліць межы праекта, я
вырашыў намаляваць 100 малюнкаў”.

Фота: labadzenka.by

Але на справе малюнкаў
выйшла 112, хоць на блогу было выкладзена толькі 100. Лабадзенка вырашыў, што
нармальныя беларусы не будуць купляць кнігу, калі ўжо бачылі гэта ўсё ў
інтэрнэце.

Глеб Лабадзенка: “Па-першае, гэты
тузін малюнкаў
яны абсалютна новыя, ніхто не бачыў. Па-другое, кніжку
вычытвалі два найаўтарытэтнейшыя для мяне чалавекі што да беларускай мовы

філолаг Юрась Бушлякоў і народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Кніжка
адмыслова зробленая “школьным” правапісам, каб яна была ўжывальная ў школе ці
ўніверсітэце”.

Фота: labadzenka.by

Фота: labadzenka.by

Што праўда, адну памылку
адмыслоўцы ў кнізе ўсё ж знайшлі. Слова “наждачная” ў версіі Лабадзенкі
напісана як “нождачная”.

Глеб Лабадзенка: “Ну скажыце, хто б
мог падумаць, а? Я, памятаю, у школе калі вучыў рускую мову, дык казалі да ўсіх
словаў падбіраць праверачныя. Я і падабраў: “нож”! Высветлілася, што “наждак”
гэта мінерал такі! Але праблема вырашылася: я проста
ўзяў асадку і ў гатовых асобніках дамаляваў патрэбную палачку. А там, дзе не
паспеў, дык кожны можа сам сабе дамаляваць!”

Фота: labadzenka.by

Фота: labadzenka.by

Кніжка ўнікальная ў
паліграфічным плане. У ёй няма ніводнай друкаванай літары — усё зроблена ад рукі: самі малюнкі, прадмова, слоўнік,
змест, выходныя звесткі. Выдадзена кніга як нататнік на спружыне, на грубай
дызайнерскай паперы, вокладка выкананая з 2-міліметровага кардону. Апроч
гэтага, кніга збіраецца і сшываецца ўручную.

Глеб Лабадзенка: “Кожны, хто бачыць,
дзівіцца: няўжо ён сядзеў і кожны асобнік ад рукі маляваў?! Найвялікшы
камплімент я атрымаў ад мастака Тодара Кашкурэвіча, калі ён паглядзеў і
спытаўся: “Што, рэальна ад рукі намалявана?” Гэта мастак запытаўся! Такое ж
пытанне мне задала і сястра Васіля Быкава Валянціна Уладзіміраўна, якая
атрымала кніжку поштаю”.

Фота: labadzenka.by

Фота: labadzenka.by

Выйшла кніга ў новым
мінскім выдавецтве “Паперус” Алеся Квіткевіча, стваральніка інтэрнэт-крамы
prastora.by. Паводле Глебе Лабадзенкі, яшчэ да выхаду кнігі праз блог labadzenka.by людзі
замовілі 720 кніг. Агульны ж наклад складзе 2000 асобнікаў, з якіх ужо
аддрукавана палова. Імправізаваная аўтограф-сесія адбудзецца 23 студзеня ў
“Кніжным салоне” (Калініна, 5) ад 16.00 да 19.00. Здабыць кнігу можна будзе або
там, або напісаўшы аўтару на [email protected]

Фота: labadzenka.by

Фота: labadzenka.by

Фота: labadzenka.by