Мінпрацы: “БПМ — гэта для таго, каб не па-мер-ці”

Каханы сказаў, што я схуднела. Гаворыць, што яму падабаецца. Мне таксама, але яшчэ два тыдні мне трэба пражыць на лішкі бюджэта пражытковага мінімуму — за 14 дзён я распусціла больш за 600 тысяч рублёў і не сказаць, што не эканоміла.

“БПМ разлічваецца на ўвесь год. І гэта мінімум, каб выжыць чалавеку. Мінімум, максімальна проста, аскетычна, урэзана. У яго і назва такая — бюджэт пражытковага мінімуму. Каб проста не па-мер-ці”, — кажа супрацоўніца Мінпрацы, што разлічвае пражытковы мінімум.

Месяц будучага амаль аскетычнага жыцця адзначыла паходам у "Макдональдс" і кіно, а таксама схавала заробкавую картку ў сястры. 

“Кошты нам дае Белстат. Мо ў вёсцы якой бяруць кошты”

Першы тыдзень прайшоў даволі лёгка. Харчавалася тым, што месяц назад прывезла ад бацькоў. Ездзіць далёка, 300 кіламетраў, таму дома бываю не вельмі часта, і пад канец тыдня амаль уся мая ежа знікла.

Але жыву я шыкоўна. Ранкам — яечня, кава з цукрам і малачком, увечары бульбачка з салам, рысам ці макаронамі, на дэсерт — бананы і яблыкі. Дарэчы, піць каву паводле нормаў пражытковага мінімуму мне не належыць.  

У Мінпрацы мне патлумачылі, што разлікі БПМ вельмі цікавыя.

“БПМ разлічваецца на ўвесь год і потым гэта сума проста дзеліцца шляхам арыфметычных падлікаў на месяц. Карэктуецца кожныя тры месяцы. На пачатку года прымаецца пастанова, дзе прапісаны нормы, што трэба есці, насіць, а потым пералічваецца па коштах”. 

Згодна са структурай БПМ жанчыне працаздольнага ўзросту на месяц прапісаны нормы ежы, адзення, транспартных і камунальных паслуг. За месяц мне прапаноўваецца разнастайнейшае меню. З асноўнага: амаль 10 кілаграмаў бульбы, 8 кілаграмаў хлеба, галінка кропа (0, 21 грама зеляніны), 300 грамаў агуркоў, 5 літраў малака, палова яйка ў дзень і лыжачка смятаны (гл. табліцу). А таксама шмат якіх яшчэ выдаткаў і паслуг.

“Кошты і тарыфы нам даюцца таксама сярэднія па рэспубліцы. Гэта не кошты Мінска, гэта могуць быць кошты з вёскі якой-небудзь. І зноў жа, Белстат пралічвае нейкія сярэднія велічыні і выдае кошты”, — няўпэўнена тлумачыць Мінпрацы.

От выдалі, дык выдалі кошты. Паважаныя чыноўнікі, вы даўно былі ў крамах? Нават у сельскіх. Кураціна там таксама каштуе, як і ў горадзе. Дык адкуль вы бераце кошты…

Паводле маіх падлікаў штодня на ежу мне выдзяляецца не болей за 18 тысяч рублёў. За гэты час я віртуозна навучылася размяркоўваюць 18 тысяч на хлеб-малако і маленькую палачку варанай каўбасы, якую і каўбасой назваць нельга з-за колеру — яна зусім белая!

Першы тыдзень пераязджала на новую кватэру. На камерцыйныя перавозкі мне трэба было выдаткаваць мінімум 300 тысяч рублёў. На дапамогу прыйшлі родныя. Брат з сябрам перавезлі ўсе мае пакункі на новую кватэру амаль бясплатна.

Паездкі "зайцам" і галодным на працу

Найбольшыя нервовыя вымотванні ў мяне выклікалі паездкі на працу на грамадскім транспарце. Згодна з БПМ мне выдзялялася каля 7,7% на транспартныя і бытавыя выдаткі. Бог з імі, з бытавымі — гаспадарчае мыла ёсць, і хопіць. А вось як быць з транспартам?

7,7% ад БПМ — гэта адзін праязны. Але мне трэба мінімум два віда транспарта і "зайцам" ездзіць непрыстойна.

У Мінсктрансе ў адказ на скаргі пра гора мяне паўшчувалі.

“Вы і сапраўды не можаце ездзіць на гэтыя грошы? Вы хочаце, каб Мінсктранс вам кампенсаваў? Можа пешшу?” — паразважалі ў Мінсктрансе.

Калі я пайду на працу пешшу, дык можна ўвогуле не хадзіць дадому — а спаць на канапцы і начаваць у офісе. Урэшце рэшт усё вырашылася вельмі проста — я пачала ездзіць у аўтобусе "зайцам".

Так, непрыстойна, так, адбіраю заробак у кіроўцаў. Але што рабіць? А што рабіць тым, хто на працу дабіраецца на трох відах? 

Канечне, пры магчымасці я плаціла за квіткі кандуктару, але шчыра скажу, што адзін-два прыпынкі, а то і ўсю дарогу я ездзіла бясплатна. А вось у метро нікуды не дзенешся — прыйшлося купіць праязны.

Нядаўна на станцыі “Кастрычніцкая” нешта завісла ці што там здарылася, але ва ўсіх турнікетах гарэў зялёны сігнал. Я юркнула туды і змяшалася з натоўпам. Халява, лавіся!

Дзень нараджэння, сумнае свята!

Яшчэ адна праблема — чатыры дні нараджэння: таты, брата, каханага і сяброўкі.

Тату і каханаму, ведаючы каварныя планы рэдактараў, купіла падарункі загадзя. А вось як праляцець дні нараджэння брата і сяброўкі?

Брату падаравала 150 тысяч рублёў, а сяброўцы пашыла падушку. Самую рэальную і сваімі ж рукамі. Адно з маіх хобі — шыццё, таму тканіна ў мяне заўсёды ёсць. Паглядзела ў краме: такая падушка каштавала каля 100 тысяч рублёў. Сяброўка сказала, што добра на ёй спіць кожны дзень. 

З бюджэта пражытковага мінімуму — 963 тысячы рублёў — за два тыдні ў мяне вылецела больш за палову. Дні нараджэння, паездкі і перасяленні на новую кватэру, а таксама харчаванне. Урэшце засталося трохі больш за 300 тысяч рублёў.

Апошні дзень паловы тэрміну ранкам не было чаго есці — паехала на працу проста так. Па дарозе забегла ў краму і купіла шакаладку. На гэтым працавала цэлы дзень, а ўвечары напрасілася ў госці да сястры. Яна толькі пазірала, як з талеркі ўмомант знікаюць піца і салодкае.

Як на БПМ купляць адзенне, аплачваць камуналку, адпачываць, лячыцца, а таксама пра тое, што ёсць на свеце добрыя людзі, чытайце ў наступнай частцы дзённікаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі