Міністэрства ЖКГ: Лукашэнка сказаў пра тарыфы, каб нас матываваць

З нецярпеннем чакала жыроўку за сакавік. У ёй, згодна з новым Жыллёвым кодэксам, ЖЭС павінен расшыфраваць графу "Тэхабслугоўванне". Але пабачыўшы, што жыроўка засталася без зменаў, па тлумачэнні звяртаюся ў свой ЖЭС № 81 Фрунзенскага раёна. Там махаюць рукамі:

“Не, дзесьці да 2014 года будзе гатовы падамавы ўлік і ў нас будзе асобна тэхабслугоўванне, асобна рамонт. Зараз дае датацыі горад, і таму ў тарыфах нічога не памянялася. Там будуць новыя тарыфы. Калі будуць рамантаваць дах ці яшчэ што, там будуць выстаўляцца проста неймаверныя сумы!” — пужаюць вялікімі грашыма ў ЖЭСе.

Ледзь не папракаюць, што за камуналку беларусы ўвогуле плацяць капейкі:

“Дзесьці 30% пакрываем”, — кажуць у ЖЭСе.

Але прэзідэнт на паседжанні з Мінэнерга таксама звяртае ўвагу, што і ён не ведае, адкуль бяруцца тарыфы. Згодна з яго падлікамі, насельніцтва пакрывае можа і 60%, и 70% выдаткаў.

“Гэта прэзідэнт казаў не пра электраэнергію, а пра ўсе паслугі. У нас насельніцтва пакрывае 30%”, — крыўдуюць у “Белэнерга” і раяць звярнуцца да Міністэрства ЖКГ.

У Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі нечакана па-свойму трактуюць словы прэзідэнта. Маўляў, так ён нас… матывуе:

“Гэта ён не да таго сказаў, што 70%. А для таго, каб стымуляваць нас, каб мы яму патлумачылі, даказалі, што гэта не так. Ён хоча, каб мы яму расшыфравалі, патлумачылі і паказалі. Ужо дзяўчаты працуюць”.

Даводзяць, што, да прыкладу, за ваду па норме ў 140 літраў мы ўвогуле амаль нічога не плацім — усяго 900 рублёў за куб, а сабекошт у разы большы — каля 20 тысяч за куб.

“Халодная вада — 900 рублёў, гэта тарыф для насельніцтва, гэта не сабекошт. Сабекошт вельмі вялікі! Вышэйшы намнога, гэта як для юрыдычных асоб”.

Паводле падлікаў Міністэрства, насамрэч насельніцтва не пакрывае і пятай часткі выдаткаў:

“Можам бачыць, колькі насельніцтва затрачвае і арганізацыі — мы бачым, што насельніцтва і 20% не выдаткоўвае”.


Такім чынам, маем тры лічбы: жыроўку сваю я аплачваю на 30%, па версіі ЖЭСа; на 20% — па версіі Міністэрства ЖКГ; і на 60-70% — па сумневе прэзідэнта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі