Мінчане ў мароз саграваюцца фенам і фізічнай працай

На тыдні нас чакаюць маразы аж да мінус 30 градусаў. Таму Еўрарадыё выправілася у мінус 20, каб даведацца, як выжыць у горадзе на такім марозе.


А хто ж можа ведаць адказ на гэтае пытанне лепш за людзей, якія працуюць на вуліцы? Таму ў першую чаргу вырашылі зайсці на рынак "Дынама".


"Цёпла сёння! Сонца свеціць. Няўжо холадна? — здзіўляецца майму пытанню прадаўшчыца шапак. — Мы ўжо проста прызвычаіліся. Гартавацца трэба!"


Яе суседзі, якія прадаюць боты, апранутыя вельмі лёгка. Таксама кажуць, маўляў, арганізм прызвычаіўся, але прызнаюцца, што ёсць сакрэт.


"Чалавечы арганізм адаптуецца да любых умоваў. Я лічу, што ёсць сілы, якія арганізуюць арганізм на любую экстрэмальную сітуацыю. Ну, а ў мяне тэрмабялізна. Холадна, натуральна, але страшны не мароз, а вільготнасць. Сёння трошкі ёсць вільготнасць, а ўчора было лепш".


Праўда, не ўсе на Дынама такія загартаваныя, таму грэюцца рознымі спосабамі: нехта п'е гарбату, апранаецца цёпла ці чысціць снег.


"Натуральна, холадна, вось грэемся – працуем, чысцім снег. А так, трэба абуваць боты цёплыя на высокай падэшве, пухавік пажадана, рукавічкі, шапку цёплую", — распавядае прадаўшчыца вопраткі.


А нехта саграваецца і зусім дзіўным чынам.


"Я вось грэюся тэхнічным фенам, — распавядае мужчына, які прадае дыскі. — Таксама п’ю гарбату з цукрам. У мяне яшчэ ёсць такія бахілы, іх абуваю".


І галоўнае, ніхто не прызнаецца, што выпівае "для сугрэву".


"Можа, гэта вельмі дзіўна, але я не п’ю зусім, — кажа мужчына, прадавец шапак. — Я прызвычаіўся. Апранаю бялізну, швэдар добры, а лепш два. І боты на тоўстай падэшве".


А вось супрацоўнікі ЖРЭУ скардзяцца, што замярзаюць. І праўда, на выгляд апранутыя яны ў далёка не зімовую спецвопратку.


"Нам трэба, каб далі цёплую вопратку. А так, нам холадна, таму што нічога не выдаюць. Ні інструмента, ні матэрыялу, нават без рукавіц ходзім".


А вось дворнікам, якія прыбіраюць снег і лёд, нават горача на такім марозе. Галоўнае, што лапата заўсёды пры сабе.


"Нам холад не страшны. Мы заўсёды з шуфлям працуем, таму нават горача. Я 5 гадоў працую і ніколі нічога не адмарожвала. Сёння за дзень адбіла шмат лёду з ломікам і лапатай".


А для тых хто рыдлёўкі не мае, галоўнае — цёпла апранацца і хутка рухацца па горадзе. Важна, па меркаванні бывалых, каб у цяпле былі ногі і падэшва была тоўстая.

А вось як змагаюцца з марозам мінакі на вуліцах сталіцы:

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі