Miascovyja прапануюць паслухаць “Небывалае”

Бярозаўскі софт-рок-гурт Miascovyja прэзентуе сінгл “Niebyvalae”, які самі музыкі лічаць прэм’ерай і новага, больш разнастайнага гучання калектыву.

“Нас заўсёды крыўдзіла, што нас параўноўваюць з гуртом :B:N:, — прызнаецца вакаліст Максім Петруковіч. — Таму мы вырашылі запісаць адну хуткую тэму, якая дакладна ўжо не :B:N:, але і не “старыя” Miascovyja. Плюс мы заўсёды спявалі па-беларуску, а зараз да нас прыйшла вакалістка Каця Зайко, якая прынесла сваю песню “Ты мой ангел” на рускай мове. Мы яе таксама вырашылі запісаць у той жа змененай стылістыцы”.

Для запісу EP “Небывалае” час знайшоўся падчас навагодніх святаў, калі басіст гурта Сяржук Карпінчык прыехаў на вакацыі з Расіі. Зараз музыкі гурта жывуць па розных гарадах, таму сустрэцца для рэпетыцый і абмеркаванняў могуць далёка не заўжды. Часам творчыя пытанні ўвогуле даводзіцца вырашаць праз Skype.

Макс дадае, што зараз Miascovyja плануюць пачаць працу над дэбютным альбомам, які прэзентуюць у наступным годзе, акурат да, “сорамна сказаць”, дзесяцігоддзя гурта.


Трэк-ліст:
01 — Небывалае... (словы: Марыэта Хаджакава, Макс Петруковіч; музыка: Miascovyja)
02 — Ты мой ангел (словы: Кацярына Зайко; музыка: Кацярына Зайко і Miascovyja)

Склад гурта:
Дзяніс Петруковіч — бубны
Макс Петруковіч — рытм-гітара, вакал
Яўген Мірзікян — сола-гітара
Сяржук Карпінчык — бас
Кацярына Зайко — вакал

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі