"Маўклівая" акцыя 13 ліпеня скончылася затрыманнямі (ФОТА + ВІДЭА)

22:00: Фотарэпартаж з акцыяў у Мінску і ў Магілёве глядзіце тут.

21:35, МІНСК: Затрыманы журналіст Радыё Свабода Алег Груздзіловіч. Ён паспеў паведаміць, што яго ўзялі ў метро літаральна каля цягніка. Затрыманне адбылося каля 21:00, ужо пасля таго як “маўклівая” акцыя скончылася і людзі з плошчы Якуба Коласа разышліся. Яго адвезлі ў пастарунак, адкуль пазней выпусцілі.

21:26, МІНСК: Людзі на плошчы Якуба Коласа, відэа:

21:16, НАВАПОЛАЦК: Затрыманы карэспандэнт "Хіміка" Аляксандр Муждабаеў.

21:10: У эфіры Еўрарадыё Уладзімір Хільмановіч з Гродна. “На жаль, сёння акцыя не была такая шматлюдная, як раней – да 1000 чалавек. Людзей можна было сёння лічыць дзясяткамі. Не атрымалася і акцыя будзільнікаў: да 20-й людзей проста разагналі – перапісвалі пашпарты, палохалі арыштамі. Папярэдняя інфармацыя – трох чалавек затрымалі каля 19:30. Характэрна, што пасля 19-й быў перактрыты рух, машыны спынялі і разварочвалі. Можа быць, з-за новага фармату людзі не паспелі зарыентавацца і адсюль іх было прасцей сагнаць, чым з цэнтральных вуліц Гродна”.

21:05: У эфіры Еўрарадыё каардынатарка моладзі БХД Настасся Сотнікава з Віцебска. “Мяне затрымалі прэвентыўна, перад пачаткам акцыі. Я ішла па Маскоўскім праспекце. Да мяне падыйшлі двое, не прадставіліся, запатрабавалі пашпарт. Я папрасіла прадставіцца. Яны просьбу выканалі. Сказалі, што пашпарт выклікае ў іх сумневы. Магчыма, ён несапраўдны. І адвезлі у апорны пункт на вул. Жаўткова. Там 20 хвілінаў мяне ўвогуле не чапалі, пашпарт не аддавалі, але затое прачыталі лекцыю. Змест: каб я не займалася нехарошымі справамі, што Пчолкіна затрымалі ўжо 2 разы, і мне тое самае будзе. Пратакол не складалі, але прыгразілі, што наступны раз будзе і пратакол, і ізалятар. Націснуць па месцы працы і вучобы яны на мяне не могуць. Таму пагражаюць, чым могуць.

21:00, ПІНСК: Па звестках з Пінска, усіх шасцёх затрыманых адпусцілі без складання пратаколаў. Але папярэдзілі ў вуснай форме.

20:55, ВІЦЕБСК: Каля 19:00 у цэнтры горада невядомымі ў цывільным быў затрыманы былы прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Ўладзімір Правальскі. Пра гэта са спасылкай на сына Правальскага Алега паведамляе “БелаПАН”.

Пры гэтым Алег Правальскі адзначыў, што пры затрыманні па тэлефоне былі чутныя пагрозы ў бок бацькі.

20:45, МІНСК: Сярод іншых на плошчы Якуба Коласа быў затрыманы Андрэй Цімашэнка. Ён здолеў пазваніць і паведаміць, што ён ужо ў аўтазаку. Ягоная жонка Алеся Жызнеўская спытала ў намесьніка начальніка ГУУС Мінгарвыканкама Ігара Яўсеева, дзе яе муж. Яўсееў адказаў, што ён не ведае, бо працуе шмат розных спецслужбаў.

20:43, ГРОДНА: Артур Ганько і Юрась Мандрык у пастарунку.

20:40, МІНСК: Ластоўскага на плошчы Якуба Коласа журналісты прымусілі даць імправізаваную прэс-канферэныю. Асноўнае пытанне: хто перашкаджаў працы журналістаў? Ён адказаў, што не ведае. Яго пыталі: Як гэта так, што за бандыты затрымліваюць людзей і пасля вязуць у пастарунак? Ён адказаў, што калі вязуць у пастарунка значыць не зусім бандыты, паведамляе Зміцер Лукашук.

Наста Манцэвіч паведамляе, што акцыю на Якуба Коласа можна лічыць завершанай. На плошчы засталіся "цывільныя", людзі з камерамі, няшмат звычайных гармадзянаў. Бачыла, як затрымліваюць 4 чалавек. Але іншыя людзі кажуць пра дзясятак затрыманых.

20:30, МІНСК: Пасля з'яўлення на плошчы інфармацыйнай групы міліцыі і кіраўніка прэс-службы Аляксандра Ластоўскага вакол яго сабраўся натоўп журналістаў і звычайных людзей. Журналісты пыталіся, чаму ён так позна з'явіўся і хто гэтыя людзі, якія праводзілі затрыманні. Людзі накінуліся з пытаннямі: чаму міліцыя не абараняе мірных жыхароў ад чэкістаў, чаму не абаранілі хлопца, якога збівалі. Ён нічога не адказвае. Маўляў, чаго на мяне накінуліся, можаце біць нагамі.

20:30, БРЭСТ: Затрыманы хлопец— Аляксей каутун, 23 гады.

20:28, МІНСК: Шмат людзей сабралося таксама ля цырка.

20:25, МІНСК: Перадае Зміцер Лукашук. "Я стаў сведкам некалькіх затрыманняў. Бачыў таксама, як людзей спрабавалі адбіць у "цывілаў", але не ведую, ці паспяхова... Журналісты гэтым разам сабраліся ў купку і спрабавалі трымацца разам, каб складана было ім перашкаджаць у працы. Але ім усё роўна чынілі перашкоды".

20:23, САЛІГОРСК:

20:20, МІНСК: Пасля невялікага перапынку пачаліся затрыманні. Журналісты працуюць групай, калі кінуліся затрыманага ім сталі перашкаджаць. Тыя, хто затрымлівалі, пачалі піхацца, закрываць камеры. Жанчына, якую хацелі затрымаць, казала, што апынулася на плошчы выпадкова. Спужалася і выбегла на праспект і не давала праехаць маршрутцы. Яе выцягнулі на тратуар людзі ў цывільным. І яна змагла пайсці далей.

20:20, БРЭСТ: На вуліцы выйшла 50-70 чалавек. Відавочца ў эфіры Еўрарадыё: "Людзі стаміліся, шмат хто сядзіць на сутках, іншыя атрымалі штрафы..."

20:18, МІНСК: Людзі з пл. Якуба Коласа разыйшліся, зараз там усё спакойна.

20:17, МІНСК: Карыстальнікі "Твітэра" паведамляюць, што на пл. Якуба Коласа затрымалі некалькі чалавек, якія вялі здымкі на мабільны тэлефон.

20:15, МІНСК: Журналістам на плошчы Якуба Коласа не даюць здымаць, адбіраюць відэакамэры, спрабуюць выбіваць фотаапаратуру з рук, закрываюць аб'ектывы рукамі.

20:11, МІНСК: На плошчы Якуба Коласа пачаліся затрыманні. Пад'ехаў аўтазак, пад'язджаюць яшчэ дзве машыны — мінівен і яшчэ адзін аўтобус. Людзей выхопліваюць з натоўпу і валакуць у машыны.

 

20:10, МІНСК: Людзі ў цывільным пачалі адціскаць людзей ад помніка Якубу Коласу, выстраіліся вакол яго ланцугом. Бачна, што перашкаджаюць працаваць журналістам з камерамі.

20:07, МІНСК: Рэзка паболела колькасць "бугаёў" у цывільным. Яны сабраліся ў адным месцы і збіраюцца да нейкіх зладжаных дзеянняў.

20:05, ПІНСК: Па звестках праваабаронцаў, колькасць затрыманых дасягнула 5 чалавек.

20:03, ГОМЕЛЬ: Затрымана не менш за 8 чалавек, у тым ліку карэспандэнт "Комсомольской правды в Белоруссии" Павел Міцкевіч, паведамляе "БелаПАН". Удзельнікі "маўклівай" акцыі сабраліся ла ўнівермага "Гомель". Ні плясканняў, ні званкоў будзільнікаў не гучала. Супрацоўнікі міліцыі ў чорнай форме затрымлівалі людзей, якія стаялі асобна. Пры затрыманні Міцкевіча была ўжытая фізічная сіла.

20:01, МІНСК: На плошчы Якуба Коласа сабралося трохі людзей, але не шмат. Вельмі шмат машын, якія праяжджаюць міма сігналяць. Карэспандэнт Еўрарадыё, які знаходзіцца на месцы, не чуў званкоў будзільнікаў.

20:00, БАРЫСАЎ: Галоўная плошча горада пустая. На лавах сядзяць толькі “цывільныя”. Ля кожнага аўто, прыпаркаванага ля Дома быта і Дома гандлю, стаіць каля 15 чалавек, распавядаюць відавочцы. Такім чынам, у акцыі маўклівага пратэсту ўдзельнічаюць каля 200 чалавек. Выпадкаў затрымання пакуль не было.

 

19:52, ГОМЕЛЬ: Плошча Леніна дагэтуль не перакрытая – упершыню за доўгі час у сераду. Аднак у раёне плошчы дзяжурыць некалькі нарадаў міліцыі, а ля помніка Леніну стаіць аўтазак. Гэта звязана з тым, што арганізатары перанеслі сённяшнюю акцыю з плошчы да ўнівермага "Гомель". Тут на ўсіх подступах дзяжураць міліцыянты і супрацоўнікі ДАІ, у мінакоў правяраюць дакументы і рэчы. Ля прыпынка грамадскага транспарта стаяць міліцэйскія машыны і аўтобус са спецназаўцамі.

19:48, МІНСК: Перадае карэспандэнтка Еўрарадыё Наста Манцэвіч. "Людзей па праспекце Незалежнасці ідзе вельмі шмат, ідуць і ідуць. Я падыйшла да плошчы Якуба Коласа, дзе гэтыя плыні мусяць сустрэцца, і ў 20:00 ва ўсіх зазвоняць будзільнікі. Паабапал праспекта шмат міліцыянтаў, людзей у цывільным. Стаяць аўтобусы і бусікі, у дварах заўважаныя аўтазакі".

19:50, ВІЦЕБСК: У Віцебску затрыманая кіраўніца моладзі "Беларускай хрысціянскай дэмакратыі", паведамляе сайт БХД. Каля 19:00, напярэдадні "маўклівай" акцыі, на пл. Перамогі затрымалі Настассю Сотнікаву. Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным быццам бы для высвятлення асобы даставілі яе ў апорны пункт Кастрычніцкага РАУС Віцебска.

19:47, МІНСК: На скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Акадэмічнай стаяць 4 аўтазакі. Заўважна, што людзей тут больш, чым звычайна, і што на адным баку вуліцы людзей больш, чым на іншым.

19:45, МІНСК: На плошчы Якуба Коласа 3 маленькіх аўтобусы, адзін з іх набіты "цывіламі". Каля крамы "1000 дробязяў" на пл. Калініна стаяць два аўтобусы без нумароў. Стаяць на аварыйцы, на іх напісана "Экспресс".

Ад плошчы Якуба Коласа да Акадэміі навук у дварах размешчаныя аўтазакі, на тратуарах "цывільныя" здымаюць усё на відэа. Між тым, загаддзя дамоўленай размовы прадстаўнікоў ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" з прэс-сакратаром мінскай міліцыі Аляксандрам Ластоўскім не адбылося. Той адмовіўся размаўляць. Сказаў, што пагавораць яны, калі ўсё скончыцца.

19:42, ЛОНДАН: Ля амбасады Беларусі ў Лондане каля 30 чалавек, у тым ліку 3 дэпутаты парламента Вялікабрытаніі. Прысутныя пляскаюць у ладкі.

19:40 Баранавічы. На плошчы каля 60 удзельнікаў акцыі. Міліцыянты падыходзяць да тых, хто знаходзіцца на плошчы, прад’яўляюць пасведчанні і настойліва рэкамэндуюць сысці ў іншае месца. Перад акцыяй затрымалі дваіх чалавек, паведамляе радыё "Свабода".

19:35, МІНСК: На выйсці з метро "Акадэмія навук" купка людзей у цывільным. Уздоўж праспекта стаяць асобы ў цывільным, па абодва бакі. На плошчы Якуба Коласа ля помніка некалькі соцен маладзёнаў.

19:35, САЛІГОРСК: Сайт www.saligorsk.org паведамляе пра затрыманні ў Салігорску. На падыходзе да галоўнай плошчы горада затырманы Адрусь Тычына. Пра гэта па тэлефоне паведаміў маладафронтавец Іван Шыла. На дадзены момант сувязь з Андусём адсутнічае. Нагадаем, што ён толькі ўчора выйшаў з салігорскага ізалятара часовага ўтрыманьня пасьля адбыцьця 13-ці суткавага арышту за ўдзел у "маўклівай" акцыі 29 чэрвеня. 

Затрыманы і дастаўлены ў Салігорскі РАУС Іван Шыла дастаўлены ў Салігорскі РАУС. Пра гэта паведаміла маці маладзёна, якая датэлефанавался ў дзяжурную частку. Па словах дзяжурнага міліцыянта, у дадзены момант адбываецца "разьбіральніцтва".

19:31, МІНСК: Ля станцыі метро "Кастрычніцкая" на кожным куце дома стаіць па тры чалавекі ў "цывільным", перадае карэспандэнт Еўрарадыё.

19:30, МІНСК: Перадае Зміцер Лукашук з плошчы Перамогі. "Двор "Галерэі Ў" забіты аўтазакамі і аўтобусамі з міліцыяй. Каля выхадаў з метро стаіць спецназ у чорнай форме з надпісам "міліцыя". Таксама людзі ў "цывільным". На рагу плошчы стаіць групка людзей з рацыямі і маёр Грышчанка.

19:28, БРЭСТ: На вуліцу Савецкую выйшла каля 50 чалавек. Яны рухаюцца да ЦУМа. Сярод іх заўважаныя старшыня Брэсцкай гарадской арганізацыі Беларускай партыі левых “справядлівы свет” Людміла Дзенісенка, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Ігар Маслоўскі.

19:27, МІНСК: Каля "Кароны" ці на шляху ад гіпермаркета да метро затрыманыя супрацоўнікі агенцтва "БелаПАН": відэааператар Павел Падабед і журналіст Захар Шчарбакоў. Сувязь з імі адсутнічае.

19:23, СЛУЦК: Для таго, каб атрымаць пісьмовыя тлумачэнні, міліцыянты затрымалі слуцкую карэспандэнтку радыё "Свабода" Таццяну Гусеву.

19:18, БРЭСТ: У рэгіёнах адбыліся прэвентыўныя затрыманні, паведамляе радыё "Свабода". У Брэсце спрабуюць затрымаць адміністратара мясцовай суполкі "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку" "вКонтакте" Сяргея Алексіевіча. Міліцыянт апытвае яго пра хуліганскія дзеянні моладзі ў ягоным раёне.

19:12, ПІНСК: У Пінску пачаліся затрыманні. Затрымалі непаўнагадовых дзяўчынак...


Пінскія міліцыянты традыцыйна загадзя ачапілі патрулямі плошчу Леніна і падыходы да яе. Праезд  і праход праз ачапленне забаронены. На сярэдзіне плошчы дэманстратыўна стаіць аўтазак. Ёсць тут і патруль з аўчаркай.

Прэвэнтыўна затрымалі дзвюх 14-гадовых дзяўчынак і юнака. Іх затрыліваюць амаль кожную сераду, хаця яны бавяць час на плошчы кожны вечар.

19:10, ГРОДНА: На Савецкай плошчы, дзе звычайна праходзяць "прагулкі", шмат міліцыі.

19:05, МІНСК: Каля ўніверсама "Чкалаўскі" пакуль што таксама ціха. Стаіць машына ДАІ, а калі прыгледзецца, можна заўважыць і "цывільных".

19:00, МІНСК: Каля кінатэатра "Кастрычнік" (станцыя метро "Акадэмія навук") супрацоўнікі міліцыі падыходзяць да мінакоў і рэкамендуюць ім "гуляць у іншым месцы". Між іншага, у гэтым і ў іншых мінскіх кінатэатрах сёння адбываецца прэм'ера апошняй часткі кінаэпапеі пра Гары Потэра...

18:50, МІНСК: Каля гандлёвага дома "Рагнеда" (зусім побач з фастфудам "Макси Бис", дзе збіраюцца ўдзельнікі "маўклівай" акцыі), з'явіўся аўтазак.

18:45, МАГІЛЁЎ: З 12 гадзіны дня адключаная вэб-камера на будынку гарвыканкама.

18:43, МІНСК: Каля ўнівермага "Беларусь" па-ранейшаму ціха. Ходзіць міліцыя вакол і ўнутры. Спецназу не відаць, але есць асобы ў цывільным. Збоку стаіць зялёны заказны аўтобус, у мінулы раз амаль у такі ж "грузілі" затрыманых. У аддзеле з тэлевізарамі паказваюць міліцэйскі серыял, дзе яны ў цывільным праводзяць аперацыю.

18:40, МІНСК: У інтэрнэце паведамляюць пра тое, што аўтобусы з міліцыянтамі пад'ехалі да задворкаў пл. Незалежнасці і пл. Якуба Коласа.

18:35, МІНСК: Перадае Зміцер Лукашук: Знаходжуся ля "Кароны" нічога асаблівага не адбываецца. Каля яе пуста, не відаць ні "ціхароў" ні міліцыі. Унутры таксама.

18:30, МІНСК: Карэспандэнтка Еўрарадыё ад універмага "Беларусь" перадае, што там пакуль што спакойна. Ні актыўнасці пратэстоўцаў, ні затрыманняў не назіраецца. Разам з тым, карыстальнікі "Твітэра" паведамляюць, што людзі ў цывільным канцэнтруюцца на скрыжаванні Партызанскага праспекта і вуліцы Жылуновіча.

18:20, МІНСК: Карэспандэнтка Еўрарадыё Наста Манцэвіч паведамляе, што мінскае метро пакуль што працуе ў штатным рэжыме.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі