Магілёўдрэў: “Гэта прыгоннае права, гэта ўсе разумеюць”

121210_savich_raby.mp3

На “Барысаўдрэве” журналіста Еўрарадыё ўпэўніваюць, што працаўнікі ўспрынялі дэкрэт нармальна. Але на першае ж наша пытанне аператар прэса гэтага прадпрыемства Алег нечакана адказвае, што нічога пра дэкрэт не ведае:


“Калі шчыра, я не ў курсе, пра што вы кажаце... З кантрактам ці без кантракту — нічога не зменіцца. Калі будзем падпісваць гэты кантракт, раскажуць, што да чаго, і будзем вырашаць, падпісваць ці не”.


Аператара прэса Алега не задавальняюць умовы працы і заробак. Таму хоча звольніцца — і нават ёсць прапановы з Расіі:


“Працуем у, мякка сказаць, халодных цэхах, а таксама выконваем не толькі свае абавязкі. Вось глядзіце, за маім пультам павінна сядзець некалькі чалавек, а кіраўніцтва, замест таго, каб браць новых людзей, накіроўвае нас. Спраўляемся…”.


 На “Магілёўдрэў” інакш як прыгонным правам дэкрэт не называюць:


“Так, гэта прыгоннае права. Усе разумеюць, што гэта за закон, але людзі будуць самі вырашаць, як ім дзейнічаць. Як напісана, так і будзе праводзіцца. Дакладна вядома, што, калі вам будуць выплачвацца нейкія выплаты, дык вы павінны будзеце іх вярнуць, калі будзеце звальняцца”.


Не ведаюць на прадпрыемстве, дзе возьмуць грошы на выплату “прыгонных”, якія трэба будзе вярнуць пры звальненні. Бо няма прыбыткаў!


“Каб рабіць выплаты, трэба, каб прыбытак быў — а за 9 месяцаў у нас яго не было. Вось толькі ў гэтым месяцы выйшлі на прыбытак”, — разважаюць на “Рэчыцадрэў”.


На прадпрыемстве, дзе сярэдні заробак 2,5 мільёна рублёў, цякучка “ў межах нармальнага”.


На “Гомельдрэў” дакладна разумеюць задачу новага прэзідэнцкага дэкрэта. Але наконт выплатаў таксама толькі ўздыхаюць: кажуць, што будуць звяртацца да распрацоўшчыкаў закону.


А на “Івацэвічыдрэў” заўважаюць, што сітуацыя з кантрактамі можа працягнуцца бясконца.


“Гэта ж не я рыхтаваў гэты дэкрэт. Я як грамадзянін РБ павінен падпарадкоўвацца. Раней было так, што, калі хочаш звольніцца — праз месяц звальняешся. А зараз, калі я каштоўны працаўнік і мяне не адпускаюць, я буду пісаць губернатару, а калі і ён не адпусціць… Думаю, што такая сістэма будзе да канца мадэрнізацыі. Але наколькі гэта працягнецца…. Бясконца!”.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі