Магілёўцы выбіраюць па прынцыпе: не самы малады, і не зусім стары

Два маладыя незалежныя кандыдаты балатуюцца па Дубровенскай акрузе Магілёва. Гэта 25-гадовы Яўген Андрэенка і 28-гадовы Кірыл Шарапкін. Разам з імі за дэпутацкі мандат змагаецца кіраўнік Цэнтральнага ўнівермага горада Ўладзімір Вежнавец. Еўрарадыё сустрэла на адным з участкаў Кірыла Шарапкіна з АГП. Яму 28 год, ён працуе дырэктарам кампаніі “Атлант Тэлеком” у Магілёве. Балатуецца ўжо не першы раз і ўжо быў гарадскім савеце.
“Я веру ў перамогу, інакш бы не пайшоў на выбары. А прычына, чаму я іду, у дэпутаты - у мяне ёсць бачанне, як павінен працаваць дэпутат і я хачу гэта рэалізаваць у жыцці. У рамках нашага заканадаўства функцыі дэпутата вельмі абмежаваныя, але калі ёсць жаданне, то заўсёды можна дапамагаць сваім выбаршчыкам”.
Падчас збору подпісаў выбаршчыкі ўжо пачыналі звяртацца з просьбамі. Нехта проста выказваў падтрымку, нехта прасіў разабрацца са сметніцамі ва дварах, адна пенсіянерка прасіла падключыць незалежнае тэлебачанне.
"Я сам хадзіў збіраў подпісы, гэта дапамагала і пазнаёміцца з выбаршчыкамі і ў тым ліку даведацца пра іх праблемы. Мне званілі на мабільны тэлефон, пісалі лісты на пошту і прыходзілі ў офіс. Звярнулася нават жанчына з просьбай паразмаўляць з кабельным аператарам, каб ёй далі пашыраны пакет канала, бо яна хоча глядзець Еўраньюс".


Па словах старшыні камісіі і дырэктаркі школы Алены Бялісавай выбаршчыкі пайдуць за больш граматнымі людзьмі. Сярод тых, хто шмат зрабіў для горада і школы, яна вылучае кіраўніка ўнівермага.
"Ён заўсёды звяртае ўвагу на школы, да яго звяртаемся і мы. Калі ў яго ёсць магчымасць, ён дапамагае".
Большасць выбаршчыкаў на акрузе былыя вучні школы і іх бацькі. Яны выбіраюць па прынцыпе: не малады, і не зусім стары.
"Асабіста я нікога не ведаю з кандыдатаў. Фактараў вырашальных шмат, гэта і ўзрост, і месца працы, і тое за што яны будуць змагацца. А ўзрост напэўна недзе сярэдні, год 30".
Што ж тычыцца зменаў у выбарчае заканадаўства, то іх амаль не адчулі ні кандыдаты, ні камісіі.
Адзінае, кажа Алена Аляксандраўна, што хваляваліся, каб нічога не наблытаць.
"Мы ведалі дакладна, што ўрну трэба апячатваць і ў канцы дня складаўся пратакол. Для нас гэта і не так складана".
На 57-м участку 28 працэнтаў прагаласавала датэрмінова, а разлічвае камісія на 50 працэнтаў. Тады, кажа Алена Аляксандраўна, камісія будзе задаволеная сваёй працай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі