Ля рэчкі Дрыса знайшлі цэлую алею “ідалаў”

120118 Nasta Idol.mp3

Драўляная фігура стаіць цяпер на кафедры гісторыі, у кабінеце археолага Дзяніса Дука. Менавіта ён знайшоў “старажытную” знаходку і падняў яе разам з дайверамі са дна рэчкі Дрыса.

“Я Дуку сказала: вось табе твой ідал, забірай яго так жа сама па акце, як ты яго нам і даваў. Мы яму яго ўрачыста вярнулі”, — кажа Еўрарадыё загадчыца цэнтра гісторыі даіндустрыяльнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вольга Ляўко.

Падобна на тое, што ў Інстытуце гісторыі ад “ідала” пазбавіцца рады.

Вольга Ляўко: “Акты ў нас захоўваюцца, усё ў нас ёсць, а ідала ў нас няма. На шчасце. Таму што гэта не ідал. Гэта сучасны выраб”.

Як нечакана даведалася Еўрарадыё, на беразе рэчкі Дрыса, недалёка ад месца, дзе знайшлі ідала — за тры кіламетры, стаяць такія самыя драўляныя лялькі! Магчыма, адна з іх і патрапіла ў рэчку?

Вольга Ляўко: “На беразе рэчкі, недалёка ад таго месца на дрэвах, стаяць такія ж драўляныя лялькі — цудоўныя разныя скульптуры. У мяне адразу было адчуванне, што там ёсць нейкі падвох. Канчаткова я ў гэтым упэўнілася, калі ўбачыла алею зоны адпачынку ўздоўж ракі Дрыса. Там ёсць адно гарэлае дрэва, у якога выгарэў ствол… Я так думаю, што згарэла дрэва, ад яго адпілавалі галінку… з галінкі паспрабавалі зрабіць нейкую рэч, пасля падумалі, што нафіг яна трэба, кінулі яе… можа хтосьці яе спіхнуў у ваду”. “На беразе рэчкі, недалёка ад таго месца на дрэвах, стаяць такія ж драўляныя лялькі — цудоўныя разныя скульптуры". 

Аказваецца, пра тое, што “ідал” знаходзіцца на дне рэчкі, ведалі ўсе 20 гадоў, што ён там праляжаў. Чаму ж дастаць вырашылі толькі цяпер? Еўрарадыё пагаварыла з дайверамі, якія дасталі скульптуру з ракі Дрыса.

“Спачатку проста ніхто не надаваў гэтаму значэння, а пасля, як кажуць, успомніў чалавек “за бутэлечкай”, што пабачыў такую рэч… Паехалі, праверылі, паведамілі археолагам… У тыя часы нікому ў галаву не прыйшло на нейкую дзеравяку звяртаць увагу”, — кажа Еўрарадыё кіраўнік дайвінг-клуба "Капітан Морган" Вячаслаў Рамановіч.

Расонскага ідала, магчыма, у хуткім часе перададуць у музей, дзеліцца планамі археолаг Дзяніс Дук:

“Перадамо як народную творчасць XX стагоддзя”.


Фота: http://smolbattle.ru/index.php?showtopic=9810