Лукашэнка — энэргетыкам: Вы душыце насельніцтва, я не ведаю вашы тарыфы

Такая заява прагучала 16 красавіка на нарадзе па функцыянаванні і развіцці беларускай энэргетыкі, паведамляе БЕЛТА.

"Вы душыце насельніцтва, душыце прадпрыемствы, вы прыходзіце да мяне і ўвесь час просіце і патрабуеце: трэба тарыфы павялічваць для насельніцтва — трэба на смецце, на тое, на гэта", — абурыўся Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы згадаў заявы энэргетыкаў, што насельніцтва павінна пакрываць 60% выдаткаў і сёння гэтага няма. У адказ на гэта Лукашэнка заявіў, што сапраўдных тарыфаў ЖКГ не ведае нават ён. На яго думку, сабекошт паслуг у энэргетыкаў завышаны ўдвая.

Абурыўся беларускі кіраўнік і тым, што ў энэргетыкаў шмат дамоў адпачынку, санаторыяў, прафілакторыяў ды іншых баз адпачынку: "Яны столькі не працуюць, колькі ў іх баз адпачынку, і яны ўсё адпачываюць! Бо яны адпачываюць за кошт усяго беларускага народа! Таму што ўтрымоўваюць гэтыя базы адпачынку за кошт павелічэння тарыфаў, павелічэння кошту на электраэнэргію". Лукашэнка даручыў адпаведным органам дэталёва разабрацца ў гэтым пытанні.

Фота — novostimira.com.ua