Лівійскія паўстанцы захапілі сталіцу краіны Трыпалі

18.37 МЗС: Урад Кадафі не прасіў у Беларусі прытулку


Пра гэта заявіў прэс-сакратар беларускага Міністэрства замежных спраў Андрэй Савіных. 
Па яго словах, якія перадае БелаПАН, беларуская дыпламатыя ўважліва сочыць за развіццём сітуацыі ў Лівіі і дзейнічаць будзе зыходзячы з таго, як складуцца падзеі. 
Савіных адзначыў, што працэдура прызнання ўрадаў не носіць нейкага ўстойлівага характару. Нагадаем, што сёння над лівійскай амбасадай у Мінску быў узняты сцяг паўстанцаў.

15.42 Расія лічыць, што пераход улады да паўстанцаў спыніць кровапраліццё


Пра гэта гаворыцца ў спецыяльнай заяве расійскага МЗС. 
У дакуменце выказваецца ўпэўненасць, што ўлада ў Лівіі неўзабаве пяройдзе ў рукі паўстанцаў. Разам з тым Масква заклікала міжнародную супольнасць не ўмешвацца ва ўнутраныя справы Лівіі, інфармуе РІА "Новости"
Тым часам, тэлеканал "Аль-Джазіра" паведаміў, што кіраўнік Вышэйшага народнага камітэта (ураду) Лівіі Аль-Багдадзі аль-Махмудзі ўцёк у суседні Туніс. Аль-Махмудзі увесь апошні час заставаўся верны Муамару Кадафі, неаднаразова спрабаваў пачаць перамовы з міжнароднай супольнасцю, каб спыніць гвалт у краіне. Ён таксама выступаў на прэс-канферэнцыях у Лівіі, калі сам Кадафі ужо не з'яўляўся на публіцы з меркаванняў бяспекі. 
Цяпер напружаныя баі ідуць ва ўмацаваным квартале Баб-аль-Азізія лівійскай сталіцы. Там размяшчаецца рэзідэнцыя Кадафі. Паўстанцы паведамляюць пра вялікія страты ў гэтых баях. Урадавыя войскі, якія ахоўваюць рэзідэнцыю Кадафі, ужываюць цяжкую бронетэхніку. Акрамя таго з'явілася інфармацыя, што да цэнтра Трыпалі на дапамогу абаронцам Баб-аль-Азізію прарываюцца элітныя часткі спецбрыгады сына Кадафі Хаміса.

15.18 Лівійскім паўстанцам дарогу да рэзідэнцыі Кадафі расчысціць NАТО


Вайскоўцы NАТО рыхтуюцца нанесці ўдар па рэзідэнцыі Муамара Кадафі. 
Як паведамляе Lenta.ru, удар плануецца нанесці на сценах, за якімі знаходзіцца палац палкоўніка. У сувязі з падрыхтоўкай аперацыі лівійскія паўстанцы заклікаюць мясцовых жыхароў не падыходзіць да рэзідэнцыі. 
Тым часам дзе знаходзіцца сам Кадафі, пакуль застаецца невядома. Паводле адных звестак, ён усё яшчэ ў сваім палацы ў Трыпалі. Іншыя паведамляюць, што Кадафі мог пакінуць радзіму і з'ехаць у Алжыр.

***

У ноч на панядзелак атрады лівійскіх паўстанцаў увайшлі ў сталіцу краіны Трыпалі, паведамляе ВВС. Праз некалькі гадзін баёў паўстанцы заявілі, што ваенныя, якія ахоўвалі сталіцу і асабіста палкоўніка Муамара Кадафі, перайшлі на бок апазіцыі і "далучыліся да рэвалюцыі". Ужо арыштаваны сын лівійскага лідара, Сейф-аль-Іслам Кадафі.

На дадзены момант паўстанцы кантралююць галоўную плошчу сталіцы, будынак дзяржаўнага тэлебачання, аэрапорт і дарогу на Туніс.

Лёс Кадафі застаецца невядомым. За ноч ён тройчы звяртаўся да лівійцаў па тэлебачанні. Але апошні раз голас Кадафі гучаў у эфіры некалькі гадзін таму. Пасля захопу тэлецэнтра паўстанцамі звароты трансляваць перасталі і ў дадзены момант ніхто не ведае, дзе знаходзіцца дыктатар. Раней паведамлялася, што у Туніс ўдалося збегчы прэм’ер-міністру краіны, а тры сыны Кадафі былі схопленыя паўстанцамі. Заходнія інфармагенцтвы са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы паведамляюць, што Кадафі пакуль застаецца ў Трыпалі.

У сувязі з лівійскімі падзеямі прэзідэнт ЗША Барак Абама перарваў адпачынак і выступіў з заявай. Ён заклікаў Кадафі прызнаць, што час праўлення скончыўся; што ён больш не кантралюе Лівію. Абама таксама выказаў меркаванне, што Кадафі павінен сысці. Звяртаючыся да паўстанцаў, прэзідэнт ЗША адзначыў неабходнасць пазбягаць ахвяр сярод мірнага насельніцтва, абараняць інстытуты ўлады і дамагацца пераходу да дэмакратыі. Праз некаторы час з падобнай заявай выступіў Еўрасаюз.

З цалкам адваротнай заявай выступіў прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавэс, які абвінаваціў Захад ва ўмяшальніцтве ў лівійскія справы і жаданні атрымаць кантроль над нафтавымі радовішчамі.

Між тым у Трыпалі ўпершыню за апошнія месяцы пачаў працаваць інтэрнэт. Адзін з аператараў сотавай сувязі налічыў кожнаму са сваіх абанентаў па 30 долараў, каб яны маглі карыстацца тэлефонамі.

Падзеі ў Лівіі паўплывалі на міжнародныя фондавыя рынкі — кошт нафты папоўз уніз.

Злева направа: былы кіраўнік Туніса Бен Алі (атрымаў турэмны тэрмін), лідар Йемена Салех (атрымаў раненне падчас абстрэлу яго рэзідэнцыі з гранатамётаў), палкоўнік Муамар Кадафі (у дадзены момант лёс невядомы) і былы кіраўнік Егіпта Хосні Мубарак (Зараз дае паказанні ў судзе).

Фота — daylife.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі