Літвіна: Па сутнасці, суд забараніў дзейнасць незалежных журналістаў

Бо слова "прэса" асацыяцыі забаранілі пісаць на сваіх пасведчаннях. На думку старшыні БАЖ Жанны Літвіной, свабодныя журналісты, якія не з’яўляцца штатнымі супрацоўнікамі рэдакцый, страцяць магчымасць нармальна працаваць, бо ніводны чыноўнік не будзе размаўляць з чалавекам, які не здольны паказаць яму пасведчанне прэсы.

Жанна Літвіна:
“Па сутнасці, сваім рашэннем Вярхоўны суд пацвердзіў забарону на слова “прэса”. Калі браць яшчэ больш глабальна — забарона на дзейнасць незалежных журналістаў і незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Рэфрэнам падчас усяго судовага разбору праходзіла тое, што прафесійнай журналістыкай можа займацца толькі прафесійны журналіст. Чытай далей: той, хто з’яўляецца штатным супрацоўнікам, а яшчэ лепш — дзяржаўнага СМІ. Тады ўсё ў парадку!”.

Паводле словаў Літвіной, Вярхоўны суд сваім рашэннем парушыў канстытуцыйныя правы беларусаў.

Жанна Літвіна:
“Парушаны 34 артыкул Канстытуцыі, які гарантуе грамадзянам нашай краіны права збіраць, захоўваць і распаўсюджваць інфармацыю”.



Акрамя таго, згодна з рашэннем суда, БАЖ не зможа аказваць сродкам масавай інфармацыі прававую абарону. Не адпавядаюць рэчаіснасці, на думку суда і Мінюста, і мэты БАЖу, якія ў некалькіх словах сфармуляваныя на сайце арганізацыі. Апынулася, што і “абарона правоў журналістаў і прынцыпаў свабоднай, прафесійнай журналістыкі” — гэта не тыя мэты існавання арганізацыі, якія прапісаныя ў статуце.

Апратэставаць рашэнне суда БАЖ не можа, але мае магчымасць звярнуцца да старшыні Вярхоўнага суда, каб рашэнне праверылі ў парадку судовага нагляду. І арганізацыя, паводле слоў Літвіной, будзе выкарыстоўваць гэтае права. Больш за тое, разгляд справы БАЖ выйдзе на міжнародны ўзровень.

Жанна Літвіна:
“Па хадайніцтве парламентарыяў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Венецыянская камісія, а гэта кансультацыйны орган Савета Еўропы, будзе разглядаць 4 чэрвеня, наколькі гэтае папярэджанне адпавядае стандартам правоў чалавека”.

Кіраўнік Цэнтра прававой абароны СМІ пры БАЖ, былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў мяркуе, што цяпер асацыяцыю чакае жорсткі кантроль.

Міхаіл Пастухоў:
“Яны правераць, наколькі дакладна ўнесеныя праўкі ў пасведчанні БАЖ, што зроблена ў адносінах да Цэнтра прававой абароны СМІ, якія ўнесеныя праўкі ў сайт. Могуць знайсці, магчыма, нейкія парушэнні, могуць знайсці факты, што нехта карыстаецца старым пасведчаннем. Тады гэта можа стаць падставай для другога папярэджання. І гэта дае падставы ставіць пытанне аб спыненні дзейнасці арганізацыі”.



Што тычыцца будучыні Цэнтра прававой абароны СМІ пры БАЖ, то, адзначае юрыст, варыянтаў некалькі. Першы — унесці адпаведныя змены ў статут, якія будуць прадугледжваць існаванне пры БАЖ Цэнтра прававой абароны. Без згадкі ў назве “СМІ”.

Міхаіл Пастухоў:
“Другі — нам трэба стварыць самастойную структуру, юрыдычную асобу, якая будзе займацца прававой дапамогай журналістам. Для гэтага неабходна атрымаць адпаведную ліцэнзію на аказанне юрыдычных паслуг”.

Што, кажа Пастухоў, у сённяшніх умовах амаль немагчыма. І самае простае рашэнне — ліквідаваць Цэнтр. На якім варыянце спыніцца, у БАЖы будуць думаць, бо выконваць рашэнне суда неабходна. Калі нечакана для ўсіх старшыня суда, пасля звароту да яго, не прыме іншага рашэння.

Глядзі таксама:
Рашэнне па скарзе БАЖа да Мінюсту абвесцяць у панядзелак
У Вярхоўным судзе БАЖ судзіцца з Міністэрствам юстыцыі
Прадстаўнік БАЖу ў судзе адпрэчыў прэтэнзіі Мін'юсту
Рашэнне суда па сваёй справе БАЖ не зможа абскардзіць
Працэс "БАЖ супраць Мінюсту" працягнецца 18 сакавіка
Мінюст лічыць, што журналістам нельга быць без адпаведнай адукацыі


Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі