“Хутчэй за ўсё, прагаласую станоўча”

120827 Savich Vybary.mp3

“Хто кандыдат — не ведаю, але пайду галасаваць і, хутчэй за ўсё, прагаласую станоўча”, — такі адказ пачула Еўрарадыё падчас апытання жыхароў Шчучына. Гэта той выпадак, калі слова “станоўча” ў тэму. У Шчучыне пройдуць безальтэрнатыўныя выбары. Другія парламенцкія выбары запар.

Старшыні Шчучынскага райвыканкама, кандыдата ў дэпутаты Сяргея Ушкевіча на месцы няма: ён у адпачынку, рыхтуе перадвыбарную праграму. Сакратарка Кацярына без сумневаў адказвае, што на выбары пойдзе, бо “абавязак”, і будзе галасаваць за свайго кіраўніка.

“Ён вельмі добразычлівы і адказны. Вельмі ўважліва і адказна да ўсяго ставіцца", — амаль не рэкламуе сакратар свайго кіраўніка.

Еўрарадыё: А што ж зрабіў ваш начальнік для раёна?

Сакратарка Кацярына: "Шмат чаго. Усе пытанні вырашаюцца, усе звароты, да людзей добра адносіцца…"

Еўрарадыё: А як у вас там дарогі, як з працаўладкаваннем?

Сакратарка Кацярына: “Ну, дарогі не вельмі, але як кіроўца кажу вам, што ў нас яшчэ добрыя! А вось за мяжой… На Украіне дарогі вельмі дрэнныя. А беспрацоўе… У нас маленькі гарадок, вельмі цяжка ўладкавацца, але калі хто хоча знайсці працу...”.

А вось у аддзеле ідэалогіі райвыканкама... не вызначыліся, як будуць галасаваць: “Свой голас я скажу 23 верасня”, — урачыста адказвае Сяргей Генадзьевіч.

Старшыня акруговай камісіі Шчучына Васіль Сяргеевіч гаворыць, што выбары — гэта ўвогуле філасофскае пытанне. Ну, хто б сумняваўся.

“Без альтэрнатывы ці з альтэрнатывай — гэта філасофскае пытанне. Дзесяць ці адзін кандыдат — быў бы электарат, не такі, як трэба быць, можа заўтра было б і пяць кандыдатаў. Гэта ад нас не залежыць”.

Каб быў іншы народ? Пэўна, недачула.

Большасць з апытанага Еўрарадыё электарата пра кандыдата чуюць упершыню:

“Неяк нецікава, калі шчыра, хто ў нас кандыдат. Напэўна, на выбары пайду, бо гэта мой грамадзянскі абавязак”, — мяркуе прадавачка Аксана.

Пайсці на выбары — гэта абавязак, а ведаць за каго галасаваць — не?

Даярка Надзея кажа, што на выбары пойдзе таксама і, хутчэй за ўсё, прагаласуе “за”, хоць і не ведае, хто кандыдат у дэпутаты. 22-гадовы Зміцер, што працуе ў прыватнай фірме, выбары праігнаруе, бо “не цікава”.

Аргумент станоўчага адказу на выбарах кастэлянкі Таццяны Ліпскай жалезны: “Мы падпісваліся за старшыню райвыканкама. Я, напэўна, “за” буду галасаваць, бо калі чалавек так хоча…”.

Мне нават адказаць няма чаго на такую логіку. Усе жаданні павінны здзяйсняцца, як паводле фэн-шуя.

Ужо зусім страціўшы надзею знайсці чалавека, які б ведаў свайго адзінага кандыдата, тэлефаную па бюджэтных арганізацыях. Ала працуе ў лясніцтве, хто кандыдат — ведае, і з такім выбарам не згодная: “Было б добра, каб яшчэ які выбар быў. Я не згодная з такім выбарам”.

Таццяна, што працуе ў сферы камунальнай гаспадаркі, толькі ад Еўрарадыё даведваецца, што кандыдат — старшыня райвыканкама. Згодна з яе словамі, чыноўнік далёкі ад людзей:  

“Можа, каб просты чалавек яшчэ быў на выбарах, які ведаў бы праблемы ў горадзе... У аграгарадку Васілішкі басейн ёсць, да прыкладу, а ў нас, у горадзе, няма. З працоўнымі месцамі таксама неяк…так. А ён (старшыня. — заўв. Еўрарадыё) далёка ад усяго гэтага, у яго ўсё добра і ў яго шмат іншых праблем”.

Але ж на выбары Таццяна пойдзе. Бо... “дачушцы цікава, яна маленькая”. Ну, а які будзе выбар Таццяны, здаецца, зразумела.

Фота: rybinsk-onse.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі