Кавалёва: Спадзяюся на спатканне з сынам, калі не выканаюць прысуд

Заяву ў адміністрацыю прэзідэнта з просьбай ўнесці мараторый на смяротнае пакаранне і захаваць жыццё сыну, якога прызналі вінаватым у саўдзеле ў тэракце, Любоў Кавалёва вырашыла несці сама.


Шматлікіх журналістаў на прыступках сустракаюць супрацоўнікі міліцыі і іх начальнік Ігар Яўсееў. Прэсу адразу папярэджваюць: збірацца каля метро нельга, здымаць можна толькі за паўкіламетра ад адміністрацыйных будынкаў.


Цікава, ці ёсць у Мінску кропка ад якой у радыюсе 500 метраў не будзе ніякіх судоў, пракуратур і адміністрацый?


Любоў Кавалёва ўслых зачытвае свой зварот: "Я Любоў Кавалёва, маці асуджанага на смяротнае пакаранне Ўладзіслава Кавалёва. Звяртаюся да вас, як да кіраўніка дзяржавы, гаранта канстытуцыі, бацькі траіх дзяцей з просьбай аб памілаванні майго сына".


Пасля гэтага міліцыя кажа, што натоўп перашкаджае пешаходам і тратуар не месца, каб даваць інтэрв’ю. Маці Ўладзіслава Кавалёва разам з дачкой нясе зварот у прыёмную адміністрацыі прэзідэнта.


"Запрасілі мяне ў прыёмную, зарэгістравалі маю заяву і сказалі, што будзе разгледжана ў межах, прадугледжаных законам. Вельмі карэктна і культурна мяне сустрэлі. Наконт асабістай сустрэчы, паколькі я не з Мінску, сказалі дасылаць заяву заказным лістом".



Па вуліцы Кірава Любоў Кавалёва ідзе ў бок Вярхоўнага суда, каб занесці заяву на спатканне з сынам. Увесь гэты час за невялікім натоўпам едзе УАЗік з амапам, які стварае за сабой корак. Побач ідзе чалавек ў цывільным і жанчына з камерай.
Любоў Кавалёва кажа, што сустракалася з Уладзіславам толькі адзін раз да суду. Спадзяецца яшчэ на адно спатканне.


"Законам гэта прадугледжана. Калі не прывядуць прысуд у выкананне. Я не ведаю, чаму. Учора адразу пасля вынясення прысуду, яму адразу рукі за спіну і тварам у падлогу і вывелі. Яму нават не далі магчымасць паразмаўляць з адвакатам. Хаця, адвакат прасіў у канвою даць яму хаця б хвіліну. Сын жыў надзеяй, што суд разгледзіць усе доказы, хаця суд не палічыў патрэбным уважліва разглядаць".


Перад тым, як увайсці ў будынак суда Кавалёва доўга размаўляе з адвакатам Станіславам Абразеям. Па яго словах, прысуд павінен асноўвацца на 100-працэнтных доказах.


"Бок дзяржабвінавачання гэтых доказаў суду не прадставіў. Больш за тое, у судовым прысудзе істотна скажоныя экспертызы. Будзем абскарджваць згодна з крымінальна-працэсуальным кодэксам. Касацыйна не абскарджваецца гэты прысуд, толькі ў парадку нагляду. Мы будзем знаёміцца з пратаколамі судовых паседжанняў сумесна ў СІЗА. Вывучаць, ці ўсё правільна адлюстравана ў пратаколах. Па аналізе будзем складаць скаргу".


Захаваць жыццё Кавалёву і Канавалаву, акрамя абскарджання, можа камісія па памілаванні і кіраўнік краіны. Да гэтага часу, па словах адваката, расстраляць асуджаных не могуць. Далей, застаецца магчымасць звярнуцца ў ААН, але гэта не дае гарантый, што Канавалава і Кавалёва не расстраляюць. Такі выпадак у гісторыі Беларусі быў.


"Тэрмінаў няма. Пра гэта не паведамляюць нават сваякам, а прысуд прыводзіцца ў выкананне ў строгай сакрэтнасці. Цела не выдаюць, а дзе магіла не паведамляецца", - тлумачыць адвакат Станіслаў Абразей.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі