Капскі пра Шытава: У нас няма крыўдаў, але футбол — гэта не жорсткі бізнэс

Еўрарадыё: БАТЭ заўсёды добра расстаецца з футбалістамі. А з Шытавым незвычайная гісторыя, з’явілася незразумелая фармулёўка “страціў матывацыю”...

Анатоль Капскі: Я лічу, што тут не ў матывацыі справа. Клуб заўсёды выконваў абавязкі перад гульцамі не згодна з формай, а згодна са зместам. І нават калі з’явіліся валютныя праблемы, нашы футбалісты ніяк гэта не адчулі. Клуб сёлета перазаключыў кантракт з Шытавым на лепшых умовах, заплаціў за гэта грошы яго агенту Шпілеўскаму. У нас няма крыўдаў, але каманда — гэта каманда. Футбол — гэта не проста жорсткі бізнэс, гэта яшчэ і каманда, і людзі, якія жывуць адной мэтай. Каманда павінна быць адной футбольнай сям’ёй. Няма ніякіх пытанняў. Шытаў — прафесіянал, сказаў, што няма матывацыі, не хоча гуляць і гэтак далей. Але тут пытанне стаўлення да сваіх партнёраў. Мы б яго адпусцілі без аніякіх пытанняў, але я лічу, што трэба было дапамагчы хлопцам згуляць найважную гульню. Пасля другога матчу са “Штурмам” ён сышоў бы — мы гарантавалі гэта і яму, і яго агенту. Калі б Шытаў перайшоў у ліпені, то мы б набывалі іншага гульца. Але тады ён не перайшоў — у яго была траўма і ён быў нікому не патрэбны.

Еўрарадыё: Атрымоўваецца, што Ігар падвёў каманду?

Анатоль Капскі: Цяпер ён нейкім чынам нашу абарону проста скараціў. Вось і ўсё. А пацярпець трэба было толькі да сярэдзіны наступнага тыдня.

Футбалісты часта звяртаюцца да трыбунаў, вітаюць іх і гэтак далей. Футбол — усё роўна гульня. На мой погляд, калі гуляеш у камандзе і людзі перадаюць табе свае сімпатыі і эмоцыі, то трэба неяк з імі развітацца.

Еўрарадыё: Ніякага развітальнага матчу, атрымоўваецца, не будзе? Мог бы згуляць і з “Гомелем”, і са “Штурмам”.

Анатоль Капскі: Не хачу высвятляць адносіны. Мы за яго атрымоўваем добрую кампенсацыю. Але для нас заўсёды быў важны дух. Ігар гэта пацвердзіць. 

Еўрарадыё: З БАТЭ выйшла шмат вядомых футбалістаў: Глеб, Крывец, Верамко, цяпер Шытаў. Які пераход быў для клуба самым непрыемным ці нечаканым?

Анатоль Капскі: Верамко сыходзіў перад сезонам, калі ў нас была магчымасць прыняць рашэнне. Мы адпусцілі яго за значна меншыя грошы, чым Шытава. Я разумею, што ў Ігара вельмі добрая прапанова, значна лепшая за ўсе папярэднія прапановы. Пытанне ў тым, што інтарэсы чалавека і калектыва павінны быць у разумным балансе.

На сайце мы зрабілі заяву зусім не крыўдную. Я папярэдзіў Ігара, што мушу растлумачыцца з заўзятарамі. Ёсць людзі, якія могуць скакаць грудзьмі на амбразуры, а ёсць такія, хто дбае толькі пра ўласныя інтарэсы. У мірны час гэта нядрэнна. Але я гэтага не прымаю.

Еўрарадыё: Чаму Шытаў не гуляў у першым матчы супраць “Штурма”? Рыхтаваўся да пераходу ў “Дынама”?

Анатоль Капскі: Я не ведаю. Я прывык давяраць і гульцам, і лекарам. Нагу яго адпусціла ў панядзелак, але да таго ён тыдзень не трэніраваўся, таму ён не гуляў супраць “Штурма”. Я не падазраю яго ў тым, што ён не хацеў гуляць з-за перахода ў “Дынама”.

Еўрарадыё: Наколькі агент сваімі дзеяннямі перашкаджае камандзе?

Анатоль Капскі: Агент зацікаўлены ў тым, каб гулец некуды пераходзіў, тады ён зарабляе. Клуб так ці інакш у адносінах да канкрэтнага футбаліста не можа быць заўсёды добрым. Часам трэнер прымае рашэнне не ставіць гульца ў склад — хтосьці не задаволены. Часам не падабаецца пазіцыя, на якой цябе выкарыстоўвае трэнер. Але гэта робіцца, зыходзячы з інтарэсаў усёй каманды. Часам клуб плаціць заробак, а футбаліст лічыць, што ён заслугоўвае больш. Бываюць розныя моманты. А агент заўсёды добры. Ён ні грошай не выдаткоўвае, нічога. Ён проста кажа футбалісту, што былы клуб дрэнны, а ты малайчына.

Еўрарадыё: Сайт transfermarkt.de піша, што трансфер Шытава быў здзейснены за 800 тысяч еўра.

Анатоль Капскі: Няпраўда! Мы Ігара прадалі значна даражэй. Калі кантракт будзе падпісаны і ўмовы трансфера будуць дазваляць, то мы агучым суму, нам няма чаго хаваць. Калі б мы былі настойлівымі, мы маглі б усё сапсаваць спадару Шпілеўскаму і самому Шытаву. Мы б сказалі — што ў нас яшчэ 1,5 года кантракта з Шытавым, што нас не задавальняюць грошы, якія нам прапанавалі. Усе б вакол казалі, што я магільшчык талентаў.

Мяне крыўдзіць тое, што мы пайшлі насустрач. Зразумелі, што Ігару цяжка адмовіцца ад прапановы “Дынама”. Мы гэта прынялі. У нас было толькі жаданне, каб ён дагуляў бліжэйшыя матчы. Мы сказалі: “25-га жніўня сядзем і ўсё аформім належным чынам”. А пайшла зусім іншая сітуацыя. Няма ніякіх эмоцый. Проста для мяне БАТЭ — на ўсё жыццё! А для кагосьці гэта проста часовая станцыя. Такі зараз час. І кожны да гэтага ставіцца па-рознаму.

Тым не менш, пры ўсіх супярэчнасцях Капскі адзначыў, што Шытаў добры футбаліст і пажадаў яму паспяховых выступаў у маскоўскім клубе.

Фота: goals.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі