Камерцыйныя банкі не будуць набываць валюту для абменнікаў на біржы?

Валюта ў пунктах абмену валют з’явіцца праз пару дзён пасля дадатковай сесіі на валютна-фондавай біржы, якая адбудзецца 14 верасня. У гэтым запэўнівае Нацбанк. Але камерцыйныя банкі кажуць, што ўсё залежыць ад таго, які ўсталюецца курс і ці захочуць людзі здаваць валюту ў абменнікі па такім курсе.


“Прапанову фізасобам, акрамя саміх фізасобаў, ніхто не забяспечыць!” — кажуць Еўрарадыё ў адным з камерцыйных банкаў сталіцы.


На думку банкіраў, цяпер цяжка сказаць, які курс псіхалагічна задаволіць людзей…


Банк: “Калі папярэдні курс быў 7500, а наступны будзе 8000 ці 8500… Пры такім узроўні, магчыма, хтосьці ўжо і панясе. Ці будуць гатовыя людзі псіхалагічна несці па гэтым курсе? Я думаю, што па 8500, па 9000 панясуць з задавальненнем”.


Ці змогуць банкі ўсталяваць курс адрозны ад курсу дадатковай сесіі?


Банк: “Нацбанк даў дабро на тое, каб банкі маглі ставіць курсы на ўзроўні, які сфарміраваўся на дадатковай сесіі. Была дакладная рэкамендацыя Нацбанку. А як мы ведаем, рэкамендацыі як правіла носяць настойлівы характар. Курс на дадатковай сесіі будзе фармаваць курс на наяўным рынку”.


Нацбанк кажа, што валюта з’явіцца ў абменніках праз два дні. Але варта пачакаць, таму што курс будзе зніжацца…


“Мы вызначылі, што курс 5000 — матэматычна ўзважаны і апраўданы эканамічна. Я мяркую, што на працягу тыдню-паўтара, калі спадзе спекулятыўны настрой, курс будзе імкнуцца ўніз”, — гаворыць намеснік старшыні Нацбанка Тарас Надольны.


Пра тое, што пасля першай сесіі рэальны курс, магчыма, не будзе сфарміраваны, кажуць і ў камерцыйных банках. Але ў які бок —  невядома.


Трастбанк: “Магчыма, проста пры першай дадатковай сесіі не будзе сфарміраваны рэальны курс. Кліенты і юрасобы будуць баяцца выстаўляць заяўкі на тым узроўні, на якім хочуць”.


Нагадаем, што на нарадзе па сацыяльна-эканамічных пытаннях Аляксандр Лукашэнка абвясціў, што валюта для насельніцтва з’явіцца, але яе будуць прадаваць па пашпарце.


Супрацоўніца камерцыйнага банку кажа, што наўрад ці ў вас запатрабуюць пашпарт, калі вы прыйдзеце купіць 50 долараў. Іншая рэч, што, паводле заканадаўства, калі мяняеш буйныя сумы, трэба паказаць дакументы… А пасля таргоў на біржы і ўсталявання рынкавага курсу раней буйныя сумы могуць стаць зусім не буйнымі…


Банк: “У нас паводле заканадаўства звыш за 1000 базавых (сёння гэта больш за 35 мільёнаў) людзі абавязаныя прадстаўляць свае дакументы. То бок, калі базавая велічыня застанецца, валюта вырасце, курсы вырастуць, то гэта ўжо будзе не такая вялікая сума. А калі чалавек прыйшоў купіць сабе 50 долараў у абменніку, то я не думаю, што ў яго запатрабуюць пашпарт”.


“Але магчыма ўсё”, —  дадае супрацоўніца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі