"Ляпісы" пра замазаныя афішы: Нехта перастрахоўваецца... Але гэта абсурд

У Гомелі з’явіліся афішы музычнага фестывалю “Кубана”, які мае адбыцца ў Расіі з 29 па 31 ліпеня. Сярод пералічаных хэдлайнераў, што бяруць удзел у фэсце, заяўлены “Ляпіс Трубяцкой” і “Тараканы”. Але назвы гуртоў старанна замазаныя чорным маркерам! Нагадаем, што абодва калектывы трапілі ў “чорны спіс” дзеячаў культуры і мастацтва, пасля чаго іх канцэрты былі адмененыя, а кампазіцыі перасталі гучаць у тэле- і радыёэфіры. Па словах дырэктара "Ляпісаў" Яўгена Калмыкова, гэтага можна было чакаць, бо назва калектыву адсутнічае і ў іншых беларускіх рэкламах фестывалю.

Яўген Калмыкоў: "Нехта перастрахоўваецца... Але гэта абсурд, бо на фестывалі "Кубана" мы хэдлайнеры. У Маскве, напрыклад, мы ў рэкламных роліках на радыё прысутнічаем, а ў родным Мінску ў радыёроліках нас няма. То бок гэта перастрахоўкі і сумна пра гэта казаць".

У агенцтве, якое распаўсюджвала афішы ў Гомелі, пацвердзілі, што “Ляпісы” і “Тараканы” сапраўды замазаныя на ўсіх постэрах. Але там адзначылі, што адцэнзураваныя афішы ім прыйшлі з Мінска.

"Такую афішу нам перадаў замоўца. Гэта ж не мы асабіста робім. У такім выглядзе замоўца яе падаў, у такім выглядзе яна і размешчаная. Мы ж самі не вырабляем афішы, мы іх толькі размяшчаем", – кажа супрацоўніца агенцтва.

У кампаніі "Пломбир ТВ", якая вырабляла і распаўсюджвала афішы на тэрыторыі Беларусі, таксама сказалі, што нічога не закрэслівалі і нават не чулі пра гэта. Такім чынам, атрымалася, што па дарозе ад Мінска да Гомеля на іх нехта старанна замалёўваў маркерам "чорнаспісныя" гурты. Але бліжэй да вечара ў Гомелі прайшоў дождж і маркер змыла.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі