Каб трапіць у “прэзідэнцкі” ліміт, Toyota абвяшчае зніжэнне коштаў

У “Таёта Цэнтр Мінск” дзейнічае акцыя: купі Toyota Camry з прывабнай камплектацыяй за 24 900 долараў.


“Камплектацыя камфорт, з рухавіком 2,5 літра, салон з тканіны...”, — рэкламуюць машыну ў аддзеле продажаў. Кажуць, што менавіта гэтая мадэль карыстаецца асаблівым попытам ў беларусаў.


Указ Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што чыноўнікам нельга набываць службовыя аўто, даражэйшыя за 25 тысяч еўра, падпісаны 12 сакавіка і набудзе моц у сярэдзіне красавіка.


“Акцыя са зніжкай пачалася месяц назад. Зніжка — каля 1 тысячы ў доларах. Акцыя дзейнічае на мадэлі 2012 года. Вельмі папулярная мадэль”, — працягваюць маркетолагі Toyota. І заўважаюць, што з указам Аляксандра Лукашэнкі гэта ніяк не звязана. Хаця нават у прэс-рэлізе пра акцыю лічбу ў 25 тысяч еўра згадваюць.


Мадэль сапраўды папулярная, і сярод чыноўнікаў таксама.

За апошні час на сайце дзяржзакупак гэтую мадэль заказвалі і газета “Беларусь Сегодня”, і канцэрн “Беллегпром”, і Кітайскі індустрыяльны парк, які закупку хуценька адмяніў, і “Магілёўскае аддзяленне Беларускай чыгункі”, і Дзяржынскі райвыканкам, які яшчэ працягвае тэндар. І цяпер у “прэзідэнцкі” ліміт упісваецца цюцелька ў цюцельку!


Да асаблівых хітрыкаў дадумаўся “Гомельдрэў”. Яны аўтамабіль 2011 года выпуску мяняюць на новы мінівэн з даплатай, быццам бы гэта прэзідэнцкаму ўказу не супярэчыць!


“Схема такая: мы хочам абмяняць сваю Volkswagen Caravelle на Volkswagen Multivan Comfortline з даплатай”, — распавядаюць Еўрарадыё ў "Гомельдрэў".

Старую машыну ацанілі ў 200 мільёнаў беларускіх рублёў, даплаціць давядзецца больш за 500 мільёнаў!


“Для службовага карыстання купляем. А гэту прадаем, бо яна вельмі неяк нязручная зусім”, — працягваюць на прадпрыемстве. І дадаюць, што і іх старая машына ў добрым стане. І рухавік, і прабег усяго 60 тысяч кіламетраў...


Іншыя аўтасалоны таксама абвяшчаюць зніжкі — у сувязі з распродажам аўтамабіляў мінулага года.

У аўтасалоне "Атлант М WV" пытаюся пра аўтамабіль быццам бы для свайго начальніка з бюджэтнай арганізацыі. Каб быў не горшы, чым у іншых дзяржслужачых. На што дзяўчына-кансультант прапаноўвае машыну “як раз для бюджэтных арганізацый”. 

“Можна разглядзець Volkswagen Passat В7– Comfortline. Такую купілі нядаўна БДУ і “Асацыяцыя беларускіх банкаў”. Яна каштуе 35 тысяч долараў. Яна са зніжкай у 2000 долараў”, — радуе дзяўчына коштамі.


У аўтацэнтры "KIA Атлант М Баравая" пра аўтамабілі для дзяржслужачых распавядаюць, што звычайна чыноўнікі бяруць камплектацыю прэстыж ці прэміум.


“Звычайна бралі KIA Sportage. Дарэчы, якраз для чыноўнікаў яе часта і куплялі, але зараз выйшаў новы ўказ, таму папулярнасць трохі знізілася”, — шкадуюць у KIA. 

Кажуць, што ў іх салоне таксама зніжаныя кошты на аўтамабілі 2012 года. Але новых зніжак “адмыслова для чыноўнікаў” пакуль чакаць няма чаго.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі