Інвестыцыйны атлас горада Мінска шукае грошы на... закрыты завод

120918_eurafokus.mp3

66 праектаў шукаюць інвестараў праз сайт Мінгарвыканкама. Узначальвае спіс “Дзелавы цэнтр “Мінск-сіці”: прыкладны аб’ём інвестыцый у яго — 5 мільярдаў долараў. “Белкамунмаш” праз сайт шукае грошы на… “Тэхнічнае пераўзбраенне “Белкамунмашу”. У якасці магчымага эфекту ад інвеставання ў рэканструкцыю карпусоў анкалагічнага дыспансера сціпла пазначана “470 ложкаў”. Інвестару?

РУП “Белмытсаюз” інвестара для будаўніцтва лагістычных цэнтраў знайшло ў Чэхіі. У якасці кантактнай асобы на сайце Мінгарвыканкама ўказаны “вядучы эканаміст “Белмытсаюз” — Сакалоўскі Я.А.”. Але на тэлефанаванне замест яго адказвае дзяўчына:

“Сакалоўскі? Я такога не ведаю! Ды і арганізацыя наша называецца “Белмытсервіс”.

Ці сапраўды знайсці інвестара дапамог гэты сайт Мінгарвыканкама?

Ёсць у "Інвестыцыйным атласе" і звычайныя адрукоўкі

Ніводны з набраных намі нумароў не вядзе наўпрост да чалавека, які займаецца пошукам інвестыцый. Каб укласці грошы ў мінскае прадпрыемства, патэнцыйнаму інвестару давядзецца пабегаць! Тэлефануем Ігару Глушакову, які ў якасці кантактнай асобы на “Мінскім парцалянавым заводзе” рэкамендаваны як “ліквідатар”.

“Завод? Яго ўжо і няма! Завод выкраслены з рэгістра Мінгарвыканкама, увогуле з рэспубліканскага рэгістра 30 чэрвеня”, — агарошвае нас Ігар Міхайлавіч. Я ўсё ж пытаюся, ці тэлефанавалі на прадпрыемства інвестары.

“Па гэтым інвестпраекце за 5 гадоў, якія я працаваў на заводзе, быў адзін жадаючы. Але, відаць, не сышліся ў коштах з горадам…”

 

Завода няма, а абвестка пра пошук інвестыцый ёсць. Гэта яшчэ нічога! Ад спробы СП “Унібокс” знайсці інвестара пад вытворчасць коркаў хутка і абвесткі не застанецца! Рэч у тым, што кошт праекта, пазначаны на сайце Мінгарвыканкама, складае… 6 мільярдаў еўра! Кампанія быццам бы абяцала прыбытак у… 23,64 мільярда еўра!

“Дык там недакладная інфармацыя. Дакумент памылкова там размешчаны. Зараз будуць пісаць абвяржэнне і прыбяруць”, — распавядаюць Еўрарадыё. Аднак "памылковая інфармацыя" ў "Інвестыцыйным атласе" знаходзіцца амаль шэсць (!) месяцаў.

239 288 207 еўра... у мільёнах долараў ЗША?

Укласціся ў рэканструкцыю адразу 9 гарадскіх лазняў прапануе УП “Гарадскія лазні”. Прыкладны аб’ём інвестыцый — 6 мільёнаў долараў на кожную лазню. Начальнік аддзела арганізацыйнай і камерцыйнай работы “Гарадскіх лазняў” Віктар Рубцоў адразу кажа: інвестыцыі трэба шукаць інакш.

“Не магу вас парадаваць нічым: каб інвестары да нас звярталіся, я не чуў. Можа, тут трэба неяк іншым чынам ісці: не проста інфармацыю на сайце размяшчаць, а на амбасады выходзіць, на прадстаўніцтвы замежных кампаній…”.

Якая краіна магла б інвеставаць у рэканструкцыю мінскіх лазняў? Кажу, што ў галаву адразу прыходзяць Фінляндыя і Турцыя: і там, і там традыцыі лазняў вельмі моцныя!

“Еўропа наўрад ці ўкладзе грошы. Ім бы самім з крызісам расхлёбацца, вы ж бачыце, што там адбываецца, — працягвае Віктар Рубцоў. — А вось, напрыклад, кітайскія інвестыцыі… Я нават не ведаю, як у іх там усё арганізавана. Відаць, таксама ж лазні ёсць? Інвестыцыі з боку Кітая, Расіі — вось гэта магчыма”.

Фота: www.interfax.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі