Гурт “No comment band” прадставіць Беларусь у маскоўскім фінале Emergenza

Мінскі гурт “No comment band” выступіць у маскоўскім фінале міжнароднага фестывалю "Emergenza". Гэты калектыў 18 сакавіка абрала аўтарытэтнае журы падчас канцэрту ў сталічным “Рэактары”.

Момант абвяшчэння пераможцамі No comment band

За права ўзяць удзел у расійскім фінале змагаліся сем гуртоў JJ-Bingz, The Fraiz, No comment band, Marie chante quelle elle telephone, Mechanical Heart, Clover Club і Sang Sattawood. Галасаванне праходзіла так жа, як і на паўфіналах – арганізатары падлічвалі ўзнятыя рукі гледачоў.

Але гэтым разам наведвальнікі вызначалі тройку лепшых, а вось пераможцу абірала прафесійнае журы. Дарэчы, па словах арганізатара адбору Змітра Хламава, суддзяў давялося шукаць у апошні момант.

Гурт JJ-Bingz выступаў першым, а 17-й! гадзіне

JJ-Bingz зладзілі сапраўднае шоў

Зміцер Хламаў: "Давялося за дзень змяняць склад журы, бо ў людзей проста не атрымлівалася. Ну, і ў выніку, мне падаецца, падабралі адэкватных і таленавітых людзей для гэтага рашэння - гэта Алег Хаменка з гурта "Палац", музычны крытык Таццяна Заміроўская, дырэктар тэлеканала "А1" у Беларусі Алег Скарабагаты і, зразумела, дырэктар фестывалю "Emergenza-Russia" Андрэй Штэйнмарк".

Выступ берасцейцаў The Fraiz

У выніку галасавання ў Расію паедзе гурт “No comment band”, які выконвае выдатны англамоўны фанк. І тут варта адзначыць, што іх кампазіцыі запальваюць не менш, чым сусветна вядомыя хіты Jamiroquai ці Lenny Kravitz, ва ўсялякім выпадку, мяркуючы па рэакцыі публікі. Перамога для музыкаў стала такой нечаканай, што вакаліст гурта Мацвей Бандарэнка нават не ведаў, як гэта пракаментаваць.

Мацвей Бандарэнка

Мацвей Бандарэнка: “Я не ведаю што казаць! Сур’ёзна, гэта… Я не ведаю ці будзем мы што-небудзь рабіць адмыслова… у мяне зараз няма думак! Я думаю толькі пра тое, што мы прайшлі. У мяне ўзарваны мозг!”

Выступ No comment band

Адрыў пад пераможцаў 

Другое месца заняў гурт JJ-Bingz, які нягледзячы на тое, што выступаў першым, а адпаведна перад найменшай колькасцю гледачоў, усё ж здолеў патрапіць у лік лепшых. Трэцяе і чацвёртае месца падзялілі гурты “The Fraiz” і “Clover Club”. Ну а “Marie chante quelle elle telephone”, “Sang Sattawood” і “Mechanical Heart” занялі сёмую, шостую і пятую пазіцыі адпаведна.

Нягледзячы, што на фестывалі “Emergenza” пераможца толькі адзін, кожны ўдзельнік фіналу атрымаў каштоўныя падарункі, пачынаючы ад чахлоў для барабанаў і заканчваючы грашымі ды прапановамі на выступы за мяжой. Але больш за ўсіх прызоў атрымалі ўсё тыя ж пераможцы гурт “No Comment Band”. Яшчэ да абвяшчэння вынікаў фестывалю на сцэну выйшаў Алег Скарабагаты, які ўручыў падарунак ад тэлеканала "А1" у Беларусі.

Алег Сакарабагаты: "Сёння мяне шмат што ўразіла і незалежна ад рашэння журы ў тэлеканала "А1" ёсць абсалютна суб'ектыўнае меркаванне і канкрэтны прыз. Прафесійны мікрафон я хачу ўручыць гурту "No Comment Band"! Здымайце відэа, будзем глядзець! Ну а тое, што было там, напэўна, ніводны мужчына не прапусціў! Дзякуй!"

Апошнія словы Алега датычыліся трох скрыпачак, якія з'явіліся на дадатковай пляцоўцы каля сцэны падчас выканання гуртом адной з песень.

Дарэчы, на фінале беларускага Emergenza ўсе выступоўцы заўважна выраслі і змяніліся, калі параўноўваць нават з паўфіналамі. Асабліва гэта датычылася падрыхтоўкі музыкаў да самога выступу, то бок да яго шоў-праграмы.

"Сёння гурты здзіўляюць, амаль ва ўсіх калектываў была нейкая фішка, нейкі элемент шоў, і гэта не можа не радаваць. – падзяліўся арганізатар фэсту Зміцер Хламаў. – Арт-дырэктар "Рэактара" нават пажартаваў, што “Emergenza” пераўтвараецца ў конкурс "Еўрабачанне", дзе вырашае не музыка, а шоў".

Чарговае галасаванне

Выступ Clover Club

Выступ Sang Sattawood

Алег Хаменка і Андрэй Штэйнмарк уручаюць прыз гурту Sang Sattawood за самае незвычайнае гучанне

Завяршалі канцэрт мінулагоднія пераможцы расійскага фіналу “Emergenza” гурт “Скворцы Степанова”. Хоць калектыў амаль невядомы ў Беларусі, але запаліў публіку з першых акордаў. Гэта і не дзіўна, бо імідж музыкантаў, іх музыка ды напоўненыя пачуццём гумару тэксты проста не маглі не прыцягнуць увагі наведвальнікаў. Дарэчы музыкі калектыву пагадзіліся з выбарам журы і лічаць, што ў "No Comment Band" ёсць усе шанцы на перамогу.

Скворцы Степанова


Скворцы Степанова: “У кожнага гурта ёсць шанец, калі гэта гурт адзінадумцаў. Яшчэ важна, каб гурт не ўвязаў у дрыгве, нават калі грае добрую музыку. Трэба ўвесь час працаваць, як, напрыклад, “Zdob si Zdub”. Яны ж усё робяць самі – рэкламкі, касцюмы, усё – self-made band. Ніхто не прыйдзе і не возьме цябе за руку, не скажа: хадзем, я адвяду цябе ў зоркі. Такога ніколі не будзе! То бок трэба ўсяго дабівацца самастойна. Гэта самае галоўнае, але на гэта ўсе чамусьці забываюцца”.

Скворцы Степанова

Нагадаем, што пераможца беларускай часткі фестывалю “Emergenza” паедзе на нацыянальны фінал расійска-беларускага конкурсу ў Маскве. Там "No Comment band" будуць змагацца з прадстаўнікамі Масквы, Санкт-Пецярбурга, Калінінграда, Казані, Іванава і Екацерынбурга. Журы з дапамогай гледачоў абярэ адзін гурт, які паедзе на міжнародны конкурс у нямецкім мястэчку Таўберталь, які будзе праходзіць з 12-га па 14-га жніўня.

Фота: Gluctim

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі