Гурт IQ48 прэзентаваў новы Heavy-metal-rock

111108 Malina IQ48.mp3

Тое, што прэзентацыя мусіла адбыцца ў Re:Public крыху псавала настрой. Адзіны вялікі канцэртны клуб сталіцы пакуль не выдае якаснага гука. Але амаль гадзінны разагрэў ад "Разбітага сэрца пацана" кардынальна змяніў настрой прэзентацыі.

Дарэчы, "РСП" адыгралі свой сэт без нейкіх пытанняў, што апошнім часам здараецца рэдка. У вакаліста ды гітарыста Дзяніса Тарасенкі звычайна рвуцца струны, прычым, высвятляецца, што менавіта такой запаскі няма, ці нехта забываецца на словы песні. А гэтым разам усё было чысценька, нават самі музыкі былі гэтым узрушаныя.

Шкада толькі, што людзей на прэзентацыю прыйшло не шмат: пад сцэнай было максімум чалавек 400. Але гаспадароў вечара - гурт IQ48 і такая актыўнасць прыхільнікаў задаволіла, як і ўласны выступ.


"Блін, супер! Не чакалі такога прыёму, такога чаду не чакалаі! - дзеліцца ўражаннямі лідар і гітарыст гурта Яўген Бузоўскі. - Я не памятаю, калі ў нас былі такія канцэрты. Гэта лепшы наш канцэрт у гэтым тысячагоддзі".


Праўда, быў адзін інцыдэнт, які на кароткі час прыбраў усмешкі з твараў некаторых наведвальнікаў. Калі выступалі IQ48, на сцэне перыядычна з'яўляліся дзяўчаты, якія махалі белымі сцягамі - такая фішачка для прыгажосці. Дык вось, калі гучала дуэтная песня з Аляксандрам Памідоравым "Святло ў цемры", на сцэну вылез п'яны прыхільнік "айк'юшнікаў" і пачаў адбіраць сцяг у адной з дзяўчынак.

Памідораў заўважыў гэта і паспрабаваў вывесці фаната са сцэны, але той не пажадаў і пачалася барацьба. Але цягнулася гэта некалькі імгненняў і цалкам магчыма, што нават не ўсе наведвальнікі заўважылі інцыдэнт. Праўда, на сцэну Памідораў больш не выйшаў, але новым альбомам IQ48 застаўся задаволены.


"Ну, камусьці можа быць і шкада, але ніхто ж не кажа, што ён калі-небудзь не з'явіцца зноў, - кажа Аляксандр Памідораў пра новае гучанне гурта. - Гэта нармальны працэс. Затое з'явілася другая гітара, гурт трохі пацяжэў. Тут нельга ацэньваць ці добра, ці дрэнна. Гэта ўсяго толькі трэці альбом, і гэта нармальнае паступовае развіццё. Можа, на наступную праграму яны прыдумаюць нешта новае, можа, клавішы з'явяцца".


Памідораў дадаў, што сочыць за развіццём "айк'юшнікаў" ад самага пачатку, бо хлопцы робяць нешта падобнае на яго ўласную творчасць. Але не з-за нейкай там канкурэнцыі, а наадварот, і музыку цалкам задавальняе тое, што адбываецца з "ласямі".

Дарэчы, такое ж стаўленне да змены ў складзе і гучання IQ48 і ў аднаго з заснавальнікаў гурта Паўла "Фрэйда" Зыгмантовіча, які прыехаў з Масквы адмыслова на прэзентацыю альбома і выканаў разам з хлопцамі песню "Таполі".


"Ні адзін рок-гурт з рэп-начыткай не выкарыстоўваў саксафон, мы ўжо малайцы. Але просты спосаб вылучыцца, гэта не лепшы спосаб. То бок, гэта такая фішка, якая працуе без нашага ўдзелу. Саксафон - класна, але гурт быў неяк вакол яго. А зараз атрымаўся такі жорсткі шчыльны матэрыял. То бок мне падабаецца больш, чым з саксафонам - распавядае былы ўдзельнік IQ48 Павел "Фрэйд" Зыгмантовіч і прызнаецца, што часам шкадуе пра свой сыход. – Зараз, вядома, сумую, перажываю часам. Але, дзякуй Богу, прыязджаю, даюць паспяваць разам з імі, бяруць мае песні... Так што ўсё добра!"


У прынцыпе, расчараваных людзей на канцэрце заўважана не было, нягледзячы нават на ўжо звыкла кепскі гук у Re:Public. Няспынна натоўп скакаў пад сцэнай, а музыкаў IQ48 некалькі разоў выклікалі на біс. На апошняй песні вакаліст гурта Аляксандр Ракавец так разышоўся, што саскочыў у залу і, сабраўшы прыхільнікаў у кола, зладзіў невялічкі слэм, пры гэтым не спыняючы спеваў.


"Хачу яшчэ раз праз ваша радыё павіншаваць гурт IQ48, бо альбом - гэта самая галоўная падзея ў жыцці кожнага музыкі, - падышоў да нас удзельнік яшчэ аднаго дуэту з IQ48 і сааўтар песні "Дай сілы!" з альбому HMR рэпер Vinsent. - Я хачу сказаць, што дыск атрымаўся як моцны аднародны кулак. Гэта безумоўны плюс. А адыгралі сёння хлопцы магутна, яны трымаюць свой узровень ужо шмат гадоў. Я бачу рэакцыю публікі, людзям спадабалася".


Еўрарадыё далучаецца да віншаванняў Vinsentа і жадае "здаровым ласям" поспехаў. Зусім хутка чытайце на нашым сайце і слухайце ў эфіры Перадачу-Аглядачу пра новы альбом IQ48 Heavy-metal-rock.

Фота: GlucTim

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі