Гісторык Вольга Бабкова высветліла дату пабудовы Мінскай ратушы!

Хто і навошта познім летнім вечарам 1600 года ўварваўся ў дом менскага аптэкара Матыса Чаховіча? Дзе ў Менску XVII стагоддзя знаходзіліся Траецкая гара, Зборавая вуліца, Новы Рынак? Як баба-чараўніца Аўдоцця Алешкавая са Студзяніцы адпомсціла нялюбай суседцы? Якую лаянку ўжывалі беларусы чатырыста гадоў таму?

Адказы на гэтыя, здавалася б, рытарычныя пытанні дае Вольга Бабкова ў сваёй кнізе “І цуды, і страхі…” Прэзентацыя выдання адбылася ўчора ў галерэі "Ў". Аўтарка прызналася, што назву для кнігі вынайшла ў творах Яна Баршчэўскага. У адным месцы аўтар, ва ўласцівым яму стылі, апісвае незвычайныя, містычныя падзеі, а пасля падсумоўвае: “Карацей, і цуды, і страхі…”

Вольга Бабкова ўжо чвэрць стагоддзя працуе ў Нацыянальным гістарычным архіве, у аддзеле старажытных актаў. Праз яе рукі прайшлі тысячы дакументаў, большасці з якіх трыста, чатырыста гадоў. Адтуль спадарыня Вольга расчытвала найдрабнейшыя падрабязнасці з жыцця старадаўніх беларусаў. Нават назвы раздзелаў кнігі вабяць і прымушаюць неадкладна пачаць чытанне: “Лаянка”, “Чарадзейства”, “Карчма”, “Дарога”, “Скарбы са шляхецкіх скрыняў”. Вольга Бабкова апавядае, што падлічыла агульную колькасць дакументаў, якія апрацавала для стварэння кнігі.

Вольга Бабкова: "Першая кніжка, з якой я пачала працаваць – гэта Менская кніжка, яна мае 1,5 тысячы старонак. Такіх кніжак было тры. Пасля мне яшчэ даводзілася чытаць судовыя кнігі Слонімскіх судоў, Берасцейскіх судоў… Яны былі ўжо не такія велізарныя – па 600, 800 старонак…

Агулам, калі падумаць, колькі старажытных дакументаў мне давялося пагартаць за 25 гадоў працы ў архіве, то з дапамогай спадара Арлова, я падлічыла, што прачытала недзе 20 тысяч аркушаў. Калі іх выкласці адзін за другім, атрымаецца ў даўжыню каля 60-ці кіламетраў. Гэта прыкладна як адлегласць ад Мінска да Бырысава!..
"

Вёў імпрэзу Ўладзімір Арлоў – славуты пісьменнік-гісторык, калега і даўні сябар Вольгі Бабковай. Спадар Арлоў распавёў, што яму спадабалася ў кнізе найбольш.

Уладзімір Арлоў: "Мой улюбёны раздзел з гэтай кніжкі — раздзел “Імёны”. Я проста чытаю гэты раздзел як паэму!.. Вы толькі паслухайце: Сэбасцьян Спадоба, Апанас Перапеча, Стэфан Шчодра, Хама Драгба, Сцяпан Хіха, Зафея Зелянуха, Янка Ліхі, Каспар Непітушчы… Можна толькі ўявіць, колькі ён выпіў, перш чым заробіў такое імя сабе!..

Я спадзяюся, што сярод гэтых імёнаў — імёны маіх будучых апавяданняў і аповесцяў. Вельмі прыемна таксама, што гэтыя імёны не канулі ў Лету. Што сёння ў зале былі выступоўцы, імёны большасці з якіх я знайшоў у кнізе сярод імёнаў жыхароў Менску XVI-XVII стагоддзяў..."


На імпрэзе выступалі сябры і калегі Вольгі Бабковай. Сярод іх — знаны архівіст, адзін з найлепшых знаўцаў гісторыі Мінска Ўладзімір Дзянісаў. Спадар Дзянісаў паведаміў прысутным, што Вольга Бабкова зрабіла ў кнізе сапраўднае навуковае адкрыццё.

Уладзімір Дзянісаў: "Спадарыня Вольга адшукала на старонках адной з крымінальных спраў вельмі каштоўную інфармацыю — дагэтуль гісторыкі не ведалі, калі ўсё ж такі было скончана ў Менску будаўніцтва мураванай ратушы. А яно было скончана ў 1600 годзе! І, як сказана ў дакуменце, “ратуш новазбудаваны ку аздобе мяста”.

Больш за тое — у гэтым жа дакуменце ёсць згадка пра тое, што Менская ратуша мела гарадскі гадзіннік! Нават не кожны еўрапейскі горад мог дазволіць сабе набыць такую каштоўнасць!..
"

Уладзімір Арлоў адзначыў на заканчэнне, што Вольга Бабкова робіць надзвычай каштоўную справу – напаўняе наш горад старадаўнімі міфамі, фактамі, дэталямі. Тым, што так старанна вынішчалася тут працяглы час.


Вольга Бабкова


Вокладка кнігі


Імпрэза адбывалася ў "Галерэі Ў"


Вядзе імпрэзу Уладзімір Арлоў


З выхадам кнігі Вольгу Бабкову віншуе гісторык Уладзімір Дзянісаў


Імпрэза праходзіла нязмушана і цікава


Цёплыя словы сказала колішняя намесніца дырэктарка архіва Святлана Іванаўна Паўловіч


Чытае вершы Андрэй Хадановіч


Андрэй Хадановіч прызнаўся, што захапляецца гістарычнымі ведамі спадарыні Бабковай


Вольга Бабкова ведае шмат дэталяў з жыцця Менска XVIІ стагоддзя!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі