"Героі" сенсацыйнай гісторыі падпалкоўніка Казлова пагражаюць яму судом

Сёння актывісты кампаніі "Грамадзянін" наведалі выбарчы ўчастак №24 горада Мінска. Ён цікавы тым, што старшыню гэтай камісіі – Аляўціну Гладкую – былы падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў, па яго словах, злавіў за руку пры фальсіфікацыях на парламенцкіх выбараў у 2008 годзе.

Актывіст кампаніі "Грамадзянін" Вячаслаў Дзіянаў"Нашыя актывісты аб'ехалі ўжо шмат участкаў. Яны выдавалі сябрам камісій імправізаваныя павесткі – падобна тым, якія яны атрымалі б у РАУС, калі парушылі заканадаўства".

Старшыня камісіі №24 Аляўціна Гладкая кажа, што фальсіфікатар – гэта сам Мікалай Казлоў.

Аляўціна Гладкая"Што да публікацыі ў "Народнай Волі" і выступлення Казлова – гэта проста фальсіфікацыі, ён сам сябе зганьбіў сваімі дзеянням".

Нагадаем, Мікалай Казлоў паведаміў для СМІ гісторыю, якая выклікала вялікі рэзананс у грамадстве. Ён сцвярджае, што калі на парламенцкіх выбарах нёс службу на сталічным участку №463, то бачыў на свае вочы, як старшыня камісіі Аляўціна Гладкая і сакратар камісіі Аляксей Пятніца ўкідвалі бюлетэні ў скрынкі для датэрміновага галасавання.

Яны ж цяпер лічаць галасы ў камісіі №24 у школе №188. Яе дырэктарам зараз з'яўляецца Аляксей Пятніца. Ён кажа, што мае намер падаць іск на Мікалая Казлова.

Аляксей Пятніца: "Поўнае трызненне! Ёсць песня такая: “Ой мне малым-мало спалось, да во сне привиделось”. Я, напэўна, буду сам на яго іск падаваць пасля выбараў!"

На самім участку падчас візіту моладзевых актывістаў не было ніводнага назіральніка. Такім чынам, скрынкі зноўку падкантрольныя Аляўціне Гладкай і Аляксею Пятніцу.

Актывісты "Грамадзяніна" маюць намер абыйсці ўсе ўчастковыя камісіі Мінску і папярэдзіць сябраў усіх камісій пра крымінальную адказнасць за фальсіфікацыі.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі