Падатковымі льготамі карыстаюцца ВНУ, міліцыя і пахавальныя бюро

120521 Svjardlou Lgoty.mp3

“Мы афіцыйна зарэгістраваная сядзіба. Пакуль што плацім афіцыйны падатак у 35 тысяч рублёў”, — распавядае Еўрарадыё Рагіна Лабуць, гаспадыня аграсядзібы “Прыазёрная” на Браслаўшчыне.

35 тысяч падатку… за год! Не дзіва, што да канца 2012 года колькасць аграсядзібаў у Беларусі можа перавысіць 2 тысячы! У “падатковым парніку” яны развіваюцца нашмат больш імкліва за ўсю астатнюю турыстычную інфраструктуру.

“У нас нават у Браславе прадуктаў часам не хапае, — распавядае Кацярына Шакель, гаспадыня аграсядзібы "На ўзлеску". — Праз наплыў турыстаў мяса цяжка купіць на выхадных. Калі вы ў суботу захочаце недзе пад’есці — паўсюль спецабслугоўванне. Бяда, як мала кавярняў! Турысты ходзяць, грукаюцца ў адны дзверы, у іншыя, а паўсюль вяселлі і юбілеі. У выніку набываюць сасіскі і іх смажаць на мангалах”.

Справы зараз ідуць добра: расіяне пачалі браніраваць месцы і прыязджаць яшчэ ў красавіку. Але, паводле слоў Кацярыны Шакель, аграсядзіба адразу з’ядае ўвесь прыбытак: то адрамантаваць нешта трэба, то лазню дабудаваць…

Кацярына Шакель: “Калі заўтра скажуць: плаціце большы падатак, ну, не ведаю, які, — мне здаецца, што шмат хто сыдзе з гэтага бізнесу. Ці ў нелегальны бізнес пяройдзе. Бо развіваць яго з нашых прыбыткаў пакуль што нерэальна. Мы хацелі ўзяць крэдыт, але там 12 пунктаў, па якіх трэба браць даведкі. Адна даведка сапраўдная 10 дзён, іншая — месяц. Пакуль адну здабудзеш — іншая ўжо скончыцца… Чым хадзіць па гэтых даведках, вырашылі без крэдыту абысціся”.

Не здолеўшы ўявіць падпольную аграсядзібу, Еўрарадыё вырашыла даведацца, колькі ў Беларусі падатковых ільготнікаў. Тэлефаную ў Міністэрства па падатках і зборах:

“У нас ёсць заканадаўча замацаванае вызваленне ад падатку на прыбытак. Арганізацыі, якія маюць на гэта права, гэтым карыстаюцца. Але вось такога рэестру мы не вядзем”, — адказваюць там.

Вылічыць, колькі падаткаў краіна недаатрымлівае праз ільготы, немагчыма. Затое лёгка знайсці кампаніі, якія карыстаюцца падатковымі льготамі і пры гэтым маюць абарачэнне ў некалькі мільёнаў долараў!

EPAM Systems — самы заўважны са 109 рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій — за 2011 год атрымаў прыбытак у $55 млн. Але, як рэзідэнт ПВТ, ён не плаціць падатак на дададзеную вартасць (ПДВ) і падатак на прыбытак!

“Калі зараз узняць ім падаткі — яны сыдуць у цень. Ці зарэгіструюць іншыя замежныя прадпрыемствы, ці разаб’юцца на ІП. Варыянтаў дастаткова, — мяркуе першы віцэ-старшыня ГА “Мінскі сталічны Саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў” Віктар Маргелаў. — Краіна не атрымае валютную выручку, не атрымае адлічэнняў у Фонд сацыяльнай абароны з даволі вялікіх афіцыйных заробкаў. Вялікае пытанне — выйграе краіна ці не”.

Белтэлерадыёкампанія трэці год мае палёгку. Грошы, якія БТ “зарабляе” праз ільготнае абкладанне падаткам, ідуць на развіццё вытворчай базы, стварэнне ўласных праграм і… набыццё правоў на замежныя тэлетрансляцыі. То бок, “уцякаюць” з краіны!

Падатковая зніжка для Белтэлерадыёкампаніі заканчваецца 31 снежня 2012 года. А вось беларускія ўніверсітэты толькі-толькі атрымалі права не плаціць падаткаў са сваіх прыбыткаў.

“Дзяржаўныя ВНУ даўно вызваленыя ад падатку на дададзеную вартасць. І мы некалькі гадоў жавалі пытанне пра розныя ўмовы для ўсіх. Зараз няроўнасць выпраўленая: дзяржаўныя і прыватныя ўніверсітэты ў аднолькавых умовах. Гэта спрыяе таму, што вышэйшая адукацыя больш павольна расце ў коштах. Калі б ПДВ застаўся, рост быў бы больш імклівы”, — працягвае Віктар Маргелаў.

Вызваляюцца ад падаткаў платныя паслугі, якія аказвае грамадзянам міліцыя. Хаця МУС і фінансуецца з бюджэта, часам атрымліваецца нешта і зарабіць. Напрыклад, калі міліцыянты працуюць на апазіцыйных мітынгах.

“Ёсць паслугі дэпартамента аховы, — спраўджвае прэс-сакратар мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі. — Ёсць паслугі па лініі ўпраўлення грамадзянства і міграцыі. Ёсць, нарэшце, паслугі ДАІ. Такія, як выдача ці замена правоў кіроўцы”.

Не плацяць падатак на дададзеную вартасць і фірмы, якія аказваюць рытуальныя паслугі. Увогуле тых, хто карыстаецца падатковымі палёгкамі, даволі шмат. Таму вылічыць, колькі падаткаў краіна недаатрымлівае праз ільготы, немагчыма.

Фота: n1.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі