Гаспадар кватэры: “Пакажу хату пасля заключэння дамовы!”

121207_savich_kvatery.mp3

На фоне ажыятажу на арэндныя метры гаспадары кватэры пачалі выстаўляць будучым жыхарам незвычайныя патрабаванні: мала мець грошы, трэба яшчэ адпавядаць умовам гаспадароў!

Агенцтва “Твая сталіца” прапаноўвала кліентам кватэру з…катом.

“Мо гаспадары з’язджаюць, а ката няма куды падзець — вось і здаюць, каб было каму дагледзець за катом”.

Кватэра ў цэнтры з добрым рамонтам каштавала каля 350 долараў. Здалі хутка!

На пытанне, чым кіруюцца гаспадары кватэр, калі выстаўляюць самыя розныя патрабаванні, агенты разводзяць рукамі.

“Магчыма, быў нейкі жыццёвы вопыт, што яны хочуць толькі сям'ю ці толькі хлопца. У нас была гаспадыня, якая патрабавала толькі сям’ю вайскоўца — каб нехта служыў”.


У гэтым жа агенцтве вісіць аб’ява аб здачы жылля ў цэнтры Мінска — двухпакаёўка каштуе 450 долараў, але гаспадыня хоча выключна сям’ю замежнікаў.

Гаспадар кватэры за 1 тысячу долараў на праспекце Незалежнасці будзе размаўляць толькі з прадстаўнікамі дыпламатычных карпусоў, буйных фірм ці з сямейнымі парамі.

“Няма паслоў — там яшчэ ёсць патрабаванне: прадстаўнікам буйных фірм ці сямейным парам. Што, сямейных параў мала па Мінску?” — гаспадар кватэры кідае трубку. Сямейных пар можа і нямала, але ці многа такіх, што гатовы маральна ці матэрыяльна аддаваць за кватэру штуку баксаў?

Агенцтва “Квадратны метр” дзеліцца гісторыяй, як гаспадар кватэры здаваў “ката ў мяшку”:

“Гэты мужчына з патэнцыйнымі арандатарамі дамаўляўся дзе-небудзь сустрэцца і прапаноўваў паглядзець на… будучых арандатараў. Потым ён прапаноўваў пайсці ў ЖЭС, заключыць дамову і аддаць яму грошы, і толькі пасля гэтага ён вёў жыхароў на кватэру”.

Самае цікавай у сітуацыі тое, што людзі пагаджаліся.

“Ён здаваў танней, чым былі кватэры, і людзі пагаджаліся на гэтыя ўмовы! Мо гэта былі зусім безвыходныя сітуацыі?” — не разумеюць такі "развод" у агенцтве.

Гаспадарка трохпакаёўкі ў Малінаўцы здае кватэру сама, без усялякіх агенцтваў, за 600 долараў. Кватэра не еўра, але ўсё вельмі чыста, новае і акуратнае. Гаспадыня катэгарычна патрабуе сабе толькі сям’ю.

“Тэлефануюць і студэнты, і пары, і прапаноўваюць жыць парамі ў кожным пакоі, але я не пагаджаюся: студэнты ўсё абдзяруць, паламаюць, за тры месяцы разаб'юць кватэру!”

Зразумела, што ахвотнікаў аддаваць кроўна заробленыя 5 мільёнаў фактычна ў нікуды пакуль няма. На пытанне, навошта сям’і цэлая трохпакаёўка ды яшчэ за такую вялікую суму, гаспадыня адказаць не можа:

“Гэта мая праблема, дзе я вазьму сям’ю! Мы два тыдні таму выставілі гэтую кватэру, тэлефануюць, мы ўжо стаміліся ад гэтых званкоў! Магу знізіць да 550 долараў”, — таргуецца гаспадыня.

На сайце па нерухомасці ўжо некалькі дзён вісіць аб’ява пра здачу апартаментаў Шэрлака Холмса! Ехаць нікуды не трэба — за 5000 долараў у месяц апартаменты самі прыедуць да вас! Рэзідэнцыя здаецца ў Мінску. Гаспадар кватэры кажа Еўрарадыё, што англійскі дэтэктыў ні пры чым.

“Дызайнер, які рабіў праект, выбраў такую тэматыку. Гэта яго задумка так называецца”.


А адна ІТ-кампанія размясціла аб’яву аб пошуках каштоўных кадраў на сайце аб арэндзе. Кампанія здыме праграмісту жыллё і прадаставіць працу!

“Мы думалі пра аднапакаёўку, але ў нас ёсць жадаючыя, таму мы задумаліся пра большыя плошчы”.


Ловяць добрых працаўнікоў на кватэры!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі