Футбольны фанат: “Калі выскачыў АМАП, звычайныя міліцыянеры ўцяклі”

Чарговы сігнал пра збіццё футбольных фанатаў АМАПам імгненна разляцеўся па сацсетках. На гэты раз скардзіцца тарсіда мінскага “Партызана”, якую, калі верыць інфармацыі, “па-зверску”, “бяспраўна” збілі ў лесе пад Асіповічамі. Нагадаем, што ў сярэдзіне красавіка на той жа АМАП наракаў заўзятар сталічнага “Дынама”. Праўда, у праваахоўныя органы ён не звярнуўся і справа далей не пайшла.

У мінулую суботу (20 красавіка. ― заўв. Еўрарадыё) мы з сябрамі вырашылі паехаць у Асіповічы на таварыскі матч “Партызана” з мясцовым клубам. Былі хлопцы з Мінска і Мар’інай горкі. Каля 20 чалавек, большасць ― непаўналетнія. Селі разам на электрычку ў Пухавічах і паехалі, ― распавядае 17-гадовы Р., непасрэдны ўдзельнік падзей. Нам усё ж удалося выйсці на фанатаў мінскага “Партызана”. ― Проста ехалі, нічога не крычалі, мелі з сабой банеры, іншую амуніцыю. Да матча заставалася яшчэ тры гадзіны, таму мы вырашылі выйсці на станцыі “Вярхі” і пачакаць іншых фанатаў “Партызана”.Калі б даехалі тады да Асіповічаў, то дзве гадзіны чакалі б матча ў “апорцы”.

Еўрарадыё: Міліцыя вас суправаджала?

“Так, нас давезлі да станцыі “Талька”. Потым яны выйшлі і павінны былі перадаць асіповіцкай міліцыі. На станцыю прыехалі мясцовыя міліцыянеры на машыне і прапанавалі прайсці да аўтобуса ― маленькага жоўтага МАЗа. Яго падагналі да лесу непадалёк. Нас павялі да гэтага аўтобуса, сказалі, што адвязуць на футбол. Раптам з МАЗа выскачылі супрацоўнікі АМАПа, з дубінкамі і ў масках, без пагонаў і бэйджаў. Яны пачалі ўсіх збіваць. Тыя супрацоўнікі міліцыі, якія нас падвялі да аўтобуса, ачмурэлі. Для іх гэта быў таксама шок. Помню, што там была жанчына гадоў 45-50, з валасамі бура-чырвонага колеру. Яна вельмі напалохалася і першай збегла адтуль. Так мы засталіся з гэтымі амапаўцамі. Нас запіхалі ў аўтобус і пачалі крычаць: “Чаго мы павінны за вамі ездзіць?” Потым нас выводзілі па два і збівалі”.

Еўрарадыё: Што азначае “збівалі”? Ты перада мной сядзіш цэлы, галава не разбіта.

“Білі толькі па нагах і па спіне. І сёння ў многіх там сінякі, ― паказвае Р. гематомы на нагах. ― У нас была паніка. Яны выводзілі нас па два за аўтобус, ставілі да яго тварам і абшуквалі: “У каго ёсць наркотыкі? Насвай? Калі знойдзем, будзеце яго жэрці”. Ні ў каго нічога не знайшлі. Мы ж ехалі проста глядзець футбол. Я паспрабаваў патэлефанаваць, мяне адвялі ад аўтобуса і збівалі ўтрох. Заляцела з дзвюх ног у спіну. Што праўда, біць правільна яны ўмеюць. Нікому нічога не зламалі, не рассяклі, былі толькі сінякі”.

Еўрарадыё: Як амапаўцы маглі даведацца, што вы на станцыі “Вярхі”?

“Выйшла так. Мы не даехалі на электрычцы да Асіповічаў, і яны паехалі нас шукаць. Відаць, меркавалі, што мы выйшлі, бо хацелі пабіцца з іншымі фанатамі. Пасля вобшуку нас зноўку ўсіх сабралі ў аўтобусе, пасадзілі і не дазвалялі падымаць галаву. Пачалася лекцыя: што мы дрэнныя, што размалёўваем электрычкі, што пужаем мірных людзей. Казалі, што пішам на “Хартыі” розную лухту, чаму нам не падабаецца рэжым Лукашэнкі. І кшталту таго, што мы выступаем супраць яго, мы быдла”.

Еўрарадыё: Дык вы на “Хартыю” нешта напісалі?

“Не”.

Еўрарадыё: Выступаеце супраць прэзідэнта?

“Мы антыфашысты, выступаем супраць нацыстаў, а не супраць улады”.

Еўрарадыё: Ці расказвалі яны нешта пра сябе?

“Так, што яны з Магілёва, што збіваюць “Дынама”, “Белшыну”, і ім за гэта нічога не бывае. Толькі самы галоўны амапавец быў без маскі, у пагонах. Называлі сябе па імёнах: Алег, Андрэй. Гаварылі яны і пра свайго калегу Рэцікава — што ён многа дасягнуў, а мы на розных сайтах пішам пра яго. Хоць мы нічога не пісалі. Сказалі, што калі б Рэцікаў выйшаў супраць чатырох, то ўсіх бы пазабіваў. Пасля ўсяго гэтага яны прымусілі напісаць кожнага паперу, што супрацоўнікі АМАПу не ўжывалі сілы і спецсродкаў. Раздалі паперу і звычайныя сінія шарыкавыя асадкі. Сказалі, што будуць біць, калі за 10 хвілін не напішам. І ўсім давялося пісаць. Усё працягвалася гадзіны дзве з паловай. Потым нас вырашылі весці на платформу і перадаваць “мусарам”, як яны сказалі. Звычайных міліцыянераў яны называлі “мусарамі” і “лахамі”.

Нас павялі на платформу і перадалі супрацоўнікам транспартнай міліцыі. Нас прымусілі бегчы да першага вагона, а хто кульгаў і не мог бегчы, падганялі, білі па нагах. Відаць, хацелі памучыць”.   

 

Еўрарадыё: Ці звярнуліся вы ў праваахоўныя органы?

“Не, усе палічылі, што гэта бессэнсоўна і небяспечна”.

Магілёўскі АМАП не ўпершыню фігуруе ў гучных матэрыялах аб футбольных фанатах. Але канкрэтна даказаць тое, што супрацоўнікі гэтай структуры перавышаюць службовае становішча, ніхто не можа. Ёсць толькі словы. І ніякіх дакументаў, дысцыплінарных спагнанняў і канкрэтных крымінальных спраў. 

Версію фанатаў “Партызана” мы давялі ва УУС Магілёўскага аблвыканкама. Там паведамілі, што ў дзень матча супрацоўнікі АМАПа неслі службу па ахове грамадскага парадку, дзейнічалі ў межах прававога поля. Ніякіх скаргаў не паступала — ні індывідуальных, ні калектыўных.

Цікавімся ва Упраўленні Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці, ці рэагавалі тут на фанацкія інтэрнэт-скаргі датычна мясцовага АМАПа.

Афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Аксана Салянюк высветліла, што матэрыялаў праверак па дадзеных фактах у вытворчасці няма.

Еўрарадыё: Інцыдэнт з удзелам фанатаў “Партызана” ніхто не запісваў на камеру. На чыім баку праўда, мы не ведаем. Калі ўсё было так, як расказаў Р., што павінны зрабіць футбольныя заўзятары?

Аксана Салянюк: “Непаўналетнія маюць права напісаць заяву наконт супрацьпраўных дзеянняў ў прысутнасці сваіх бацькоў. Ці бацькі як прадстаўнікі непаўналетняга могуць гэта зрабіць. Першапачаткова можна паскардзіцца ва ўпраўленне ўнутраных спраў. Кіраўніцтва павінна разабрацца і прыняць меры. Таксама магчыма звярнуцца ў пракуратуру, якая ў тым ліку здзяйсняе нагляд за міліцыяй. Звяртацца ў Следчы камітэт можна тады, калі на руках ёсць заключэнне з медустановы аб нанясенні цялесных пашкоджанняў. Альбо засталіся відавочныя пабоі. Таму на дадзены момант Следчы камітэт не можа нічога каментаваць. Афіцыйнай вытворчасці няма ні ў адной праваахоўнай структуры”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі