“Фляус и Кляйн” пераехалі ў Маскву

111122 Ma6a Fljaus.mp3

Наваполацкая каманда “Фляус и Кляйн” пакінула родны горад і рушыла па прыкладзе калег і землякоў скараць Маскву.

“Масква – гэта, хутчэй, крок чыста тэхнічны, бо ўсе асноўныя інструменты для дасягнення поспеху музычнага гурта, на радасць ці на жаль, знаходзяцца там, – тлумачыць пераезд гурта яго прадзюсер Саша Моцарт. – І дзеля таго, каб рэалізаваць пастаўленыя мэты і задачы, якія тычацца прасоўвання гурта, папулярызацыі, і ўвогуле, каб быць пачутымі і вынесці сваю творчасць да шырокага слухача, у Маскве для гэтага больш інструментаў. Таму наш пераезд быў абумоўлены выключна жаданнем стаць на іншы ўзровень і выкарыстаць для гэтага самыя перадавыя магчымасці”.


Пахваліцца гучнымі эфірамі ці яскравымі маскоўскімі выступамі “Фляўсы” пакуль не могуць: музыкі прыехалі ў Маскву толькі тры месяцы таму. Але, па словах прадзюсера, канцэрты – не самамэта: спачатку гурт мусіць завесці патрэбныя кантакты.

Саша Моцарт: “Самы вялікі поспех, напэўна, тое, што мне ўдалося ўвайсці ў гэтую сферу. То бок, я ўжо маю стасункі з вядомымі музыкамі, прадзюсерамі, прамоўтарамі, адміністратарамі і г.д. І, напэўна, самае першае і істотнае для кожнага гурта – гэта непасрэдна быць унутры і зразумець, што ўсё абсалютна не так, як падаецца, пакуль ты туды імкнешся”.


Менавіта “ключавыя людзі”, згодна са схемай поспеху Моцарта, могуць паўплываць на далейшы паспяховы шлях гурта.

Саша Моцарт: “У Маскве арганізацыя канцэртаў у клубах ці недзе яшчэ – гэта абсалютна неэфектыўна. Гэта не той шлях, якім трэба ісці. Тут усё вырашаецца ў кавярні за столікам з ключавымі людзьмі, якія могуць арганізаваць эфіры, гучныя канцэрты на добрых пляцоўках адразу, на масавых мерапрыемствах з вялікай колькасцю людзей, фестывалях і г.д. Таму мы ідзем гэтым шляхам”.


Пакуль Саша Моцарт вядзе перамовы наконт выхаду дэбютнага альбома “Фляус и Кляйн” і заводзіць патрэбныя кантакты, музыкі гурта час дарма не марнуюць: падпрацоўваюць, прызвычайваюцца да новага жыцця.

“Мы з Сярожкам, напрыклад, працавалі кур’ерамі – разносілі дакументацыю з банку ў банк, – распавядае бас-гітарыст гурта Аляксандр Верны. У прынцыпе, гэта не праца, а падпрацоўка для падтрымкі штаноў, якая нам была патрэбная першы час, каб тут адаптавацца. Таму што тут усё па-іншаму. Узровень жыцця, вядома, іншы, і ўвогуле запросы іншыя. Адзін праезд на метро каштуе адзін долар. Таму трэба было неяк уліцца. Цяпер ужо прасцей. Я вось зараз збіраюся займацца школай выкладання ігры на бас-гітары. У майго сябра ў цэнтры Масквы ёсць барабанная школа. Мы ўжо рабілі прэзентацыю”.


Уся кампанія пасялілася ў вялікай чатырохпакаёўцы ля метро. Ёсць месца нават для арганізацыі асабістай прасторы. Гатуюць музыкі сабе самі, аднак часам з задавальненнем ходзяць у госці да маскоўскіх сяброў есці мяса. Дадому ездзяць раз на месяц. Сярод звычайных клопатаў “Фляўсы” знаходзяць час на здымкі прыкольных відэа, тусоўкі і канцэрты. Нядаўна музыкі сустрэлі ў Маскве Рамана Арлова і наведалі канцэрт землякоў – гурта The Stokes.

Аляксандр Верны: “Быў някепскі канцэрт, дарэчы. Гурт заўважна пасталеў, стаў больш прафесійным. У іх з’явіліся сапраўдныя хіты – не толькі беларускага месцячковага фармату, калі браць Беларусь як невялікую краіну, а прызначаныя для расійскага слухача. Гурт заўважна змяніўся, і вельмі нават някепска гучыць. І Лёша спяваць навучыўся добра. То бок, калі ён раней перажываў за свой вакал, то зараз ён афігенна спявае”.


“Фляус и Кляйн” вераць у поспех старэйшых землякоў, аднак спадзяецца, што ўласны маскоўскі шлях да поспеху будзе значна карацейшым і лягчэйшым. Пакуль жа гурт рыхтуецца да вялікага канцэрта ў Кіеве, які адбудзецца 9 снежня ў клубе “Бінго”.

Фота:  www.lookatme.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі