Фінансава адукоўваць насельніцтва будзе… БРСМ

Павысіць фінансавую граматнасць беларусаў Саўмін даручыў не толькі фінансістам і супрацоўнікам Нацбанка, але і членам БРСМ і прафесарам інстытутаў Акадэміі навук.

У Саўміне, дзе я спрабую знайсці кантакты членаў Савета па павышэнні фінансавай граматнасці насельніцтва, нечакана абураюцца:

“Мы не даведачнае бюро! Яны (Саўмін – заўвага Еўрарадыё) штомесяц нейкія саветы складаюць!!!”.

Прашу ў старэйшага навуковага супрацоўніка Інстытута сацыялогіі Акадэміі навук Наталлі Сячко навучыць мяне складаць бюджэт і распланоўваць выгадныя інвестыцыі — яна сярод членаў савета. Навукоўца сумняваецца, што ў большасці людзей ёсць на тое грошы:

“У чым захоўваць грошы? А вы ўпэўненыя, што ў большай часткі насельніцтва гэтае пытанне актуальнае? Большасці цікава, як вырасціць дзяцей, як іх абуць, накарміць. Таму трэба гаварыць прадметна па кожнай сацыяльнай групе. Можа, для каго і актуальна. Я, напрыклад, у дзяцей інвестую, у мяне двое дзяцей, таму праблема захоўвання грошай востра не стаіць”.


У спісе членаў Савета Еўрарадыё заўважае фінансістаў, чыноўнікаў мінадукацыі, прадстаўнікоў прэс-службаў і нават члена БРСМ...

“Моладзі трэба ўкладваць грошы ў сваю адукацыю, сем’ям — у дзяцей, — кажа другі сакратар цэнтральнага камітэта БРСМ Альбіна Сычэўская. — Цяпер вельмі цяжка сказаць, куды грошы ўкладваць. Моладзі трэба даваць магчымасць адкрываць сваю справу. Мы разам са спецыялістамі Нацыянальнага банка развіваем гульню “Фінансавы футбол”. Гэта гульня, якая дае мінімальныя веды пра свае фінансы, што такое крэдыт, што такое дэпазіт, адказнасць за крэдыт…”


Прадстаўнік мінадукацыі Дзяніс Канапацкі кажа, што перш-наперш яго задача — арганізацыя курсаў і семінараў па ўсёй краіне. Указваю на тое, што не паўсюль у глыбінцы ёсць нават ПТВ, на базе якіх можна было б адукоўваць людзей, але чыноўнік настроены аптымістычна:

“Мы вельмі мабільныя, мы можам арганізаваць выязныя семінары”.

На пытанне, дзе трымае грошы саветнік з Мінадукацыі, ён упэўнена адказаць не можа:

“Я думаю, што ў нас усё насельніцтва трымае грошы ў розных валютах. Галоўнае, каб было што трымаць!”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі