Ежы Бузэк: Беларусь можа страціць заходнія крэдыты

Калі нашы ўлады не зменяць тактыку дзеянняў адносна грамадзянскай супольнасці, то Беларусь можа больш не атрымаць заходніх крэдытаў.

Пра гэта заявіў старшыня Еўрапарламента Ежы Бузэк падчас сустрэчы ў Варшаве з лідэрам руху "За Свабоду” Аляксандрам Мілінкевічам. Ён адзначыў, што санкцыі — гэта магчымасць, якая вісіць у паветры.

Ежы Бузэк: “Сёння важны момант для адносін Еўрасаюза з Беларуссю. Беларускія ўлады павінны зразумець, як шмат могуць страціць з-за нешанавання правоў чалавека і невыканання ўмоў, якія дзейнічаюць у дэмакратычным свеце”.



Супраць палітыкі кампрамісаў выказаўся і Аляксандр Мілінкевіч. На яго думку, атака на Саюз палякаў не мае на мэце нацыянальнага прыгнёту польскай меншасці, а хутчэй з’яўляецца праявам ціску на ўсю грамадзянскую супольнасць.

Калі ідзе гаворка пра правы чалавека, паўплываць на беларускія ўлады могуць толькі рашучыя эканамічныя крокі Еўрасаюза. То бок — невыдаванне ўладам чарговых крэдытаў.

Аляксандр Мілінкевіч: “Я не вельмі люблю слова санкцыі. Я кажу не пра іх, а пра спыненне дапамогі. То бок Еўрасаюз, напрыклад, кажа беларускім уладам: “Калі вы ідзеце шляхам еўрапейскіх стандартаў, мы падтрымліваем вашую гаспадарку”. Фінансавая дапамога павінна залежаць ад канкрэтных крокаў па лібералізацыі. Ёсць крокі — ёсць дапамога”.


Жаданне паправіць сітуацыю з нешанаваннем правоў чалавека ў Беларусі ўсімі магчымымі сродкамі выказаў і Ежы Бузэк. Ён паабяцаў, што следам за рэзалюцыяй Еўрапарламента на наступным тыдні з’явіцца і рэакцыя іншых еўрапейскіх інстытутаў.

Ежы Бузэк: “Пэўныя добрыя жэсты з боку беларускіх уладаў скончыліся. У Беларусі наступіла замарозка дэмакратызацыі, і на гэта павінен быць адказ. Думаю, што не толькі ад Еўрапарламента, а таксама і ад іншых інстытутаў”.


Аднак гэтым разам Еўрасаюз абяцае не абмежавацца толькі словамі. Ежы Бузэк адзначыў, што новыя крэдыты беларускія ўлады атрымаюць толькі калі сітуацыя з дэмакратыяй сапраўды паправіцца.

Ежы Бузэк: “Новыя крэдыты будуць толькі тады, калі не будзе палітвязняў, калі паправіцца сітуацыя з незалежнымі грамадскімі арганізацыямі, калі не будзе ціску на грамадскія рухі. Мы будзем казаць пра магчымасці будучай дапамогі. Мы б вельмі хацелі дапамагчы Беларусі, аднак, калі там не будуць шанаваць правы чалавека і грамадзяніна, то мы не можам гэтага зрабіць”.

Аляксандр Мілінкевіч таксама паведаміў Еўрарадыё, што на наступным тыдні разам з кіраўніком непрызнанага дзяржавай Саюза палякаў на Беларусі Анжалікай Борыс яны наведаюць Брусель, дзе выступяць у Еўрапарламенце, а таксама паўдзельнічаюць у абмеркаваннях новай рэзалюцыі. Сам жа Еўрапарламент дашле ў Беларусь сваю афіцыйную 4-асабовую дэлегацыю, якая на прааналізуе сітуацыю на месцы, а таксама вырашыць лёс беларускага прадстаўніцтва ў Парламенцкай асамблеі Еўранэст. 


Фота аўтара

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі