Экс-прэзідэнт Паўночнага Кіпра: Не спачуваю Лукашэнку

Экс-прэзідэнт Турэцкай Рэспублікі Паўночнага Кіпра Мехмет Алі Талат назваў “некамфортнай” сітуацыю, у якой пасля ўвядзення Еўрасаюзам візавых санкцый апынуўся прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Пра гэта ён заявіў падчас сустрэчы з журналістамі з Беларусі, Украіны, Расіі і Малдовы.

Мехмет Алі Талат: “Зразумела, у такой сітуацыі знаходзіцца не вельмі камфортна. Але калі ўся праблема (візавыя санкцыі — Еўрарадыё) заключаецца толькі ў пытаннях дэмакратыі, то я яму не спачуваю. Бо для мяне дэмакратыя з’яўляецца асноўным прыярытэтам. Я лічу, што ні пры якіх умовах нельга ўтрымлівацца ва ўладзе любым коштам і нельга ставіць пытанне такім чынам: “Альбо я рызыкую ўладай, альбо я працягваю заставацца дыктарам”. Я такое ніколі не мог сабе нават ўявіць і не мог нават падумаць”.

На першы погляд, кажа былы прэзідэнт Паўночнага Кіпра, можна падумаць, што сённяшняя сітуацыя з Беларуссю вельмі падобная да сітуацыі, у якой з 1974 года знаходзіцца яго краіна. Менавіта ў той год, падчас абвастрэння канфлікту паміж грэкамі-кіпрыётамі і туркамі-кіпрыётамі, на тэрыторыю гэтага вострава былі ўведзеныя турэцкія войскі. Паўночны Кіпр, куды пераехалі ўсе мясцовыя туркі, аддзяліўся ад Рэспублікі Кіпр, але так і не быў прызнаны ніводнай краінай свету. Акрамя самой Турцыі. І такім чынам патрапіў пад “палітычнае эмбарга”, яго ў якасці прэзідэнта не прымалі ні ў адной дэмакратычнай краіне свету. Але не толькі — краіне аб’явілі блакаду, яна патрапіла пад эканамічныя санкцыі.

І калі Алі Талата кіраўнікі іншых краін для перамоў у якасці, хай не прэзідэнта, але лідэра туркаў-кіпрыётаў, то, па яго словах, нічога не можа быць горшага для краіны, як аб’яўленне менавіта эканамічных санкцый міжнароднай супольнасцю.



Мехмет Алі Талат:
 “Наша дзяржава не прызнаная большасцю краін свету. І сёння наша дзяржава не можа весці незалежнае эканамічнае жыццё. Мы знаходзімся ў ізаляцыі і не можам забяспечыць незалежнае функцыянаванне нашых эканамічных інстытуцый і розных механізмаў. Проста таму, што мы знаходзімся ў ізаляцыі і толькі Турцыя прызнала нас. У выніку залежнасць ад турэцкай падтрымкі расце з кожным днём. Што адбіваецца на эканоміцы”.

Такая ізаляванасць прывяла да таго, што аэрапорту Паўночнага Кіпра адмовілі ў міжнародным статусе і туды не прылятаюць самалёты з турыстамі. І калі ў Паўднёвым Кіпры адпачывае 1,5-2 мільёны чалавек у год, то на Паўночным беразе — каля 500 тысяч. У парты туркаў-кіпрыётаў не заходзяць замежныя караблі, а з мясцовымі бізнесменамі не хочуць весці справу калегі і фірмы з іншых краін. Каб гэта пазбегнуць ім даводзіцца рэгістраваць кампаніі ў Турцыі, плаціць падвойны падатак і несці страты за перавозку грузаў. У выніку, большасць тавараў і паслуг на поўначы Кіпра даражэйшыя, чым на Поўдні.

Больш за тое, 40% бюджэту Кіпра, якія складае 1,3 мільярды ў год, гэта — дапамога Турцыі. Непрызнаная дзяржава з-за эканамічных санкцый не можа цалкам сябе забяспечыць. Хаця, лічыць Фікры Тараз, уладальнік групы кампаній “М.Траз Трэйдынг”, маглі б забяспечваць свой бюджэт цалкам.

Але не толькі ростам коштаў, кажа ён, небяспечныя такія санкцыі для любой краіны.


Фікры Тараз: “Вы павінны разумець, што калі будзе ўведзенае эканамічнае эмбарга пасля нейкага палітычнага рашэння з вашага боку, вы рызыкуеце апынуцца ў галечы. І рызыкуеце тым, што можа пачацца выезд грамадзян з вашай краіны. Яны не захочуць мірыцца з эканамічнымі санкцыямі і тымі эканамічнымі абмежаваннямі, якія будуць уведзеныя. Яны хутчэй пойдуць на тое, каб з’ехаць з краіны. Больш за тое: вы ведаеце, што мы залежым ад Турцыі, што ад гэтага залежыць наша выжыванне. І калі ўвядуць эмбарга — ваша краіна непазбежна будзе залежыць ад нейкай іншай краіны. А гэта азначае, што ваш кантроль над справамі ў краіне зменшыцца”.

Адначасова, кажа бізнесмен Паўночнага Кіпра, хуткімі тэмпамі пачынае з’яўляцца злачыннасць.

Фікры Тараз: “У краінах, на якія накладзеныя эканамічныя санкцыі, заўсёды адкрываюцца вялікія магчымасці для тых, хто займаецца “адмываннем грошай”. Лягчэй весці бізнэс там, дзе няма жорсткіх правілаў і абавязальніцтваў. У нас, напрыклад, вельмі развіўся гульнявы бізнэс. А гэта — выдатны сродак для “адмывання грошай”. Гэта добра вядома. У Турцыі гэта забаронена, у Паўднёвым Кіпры — таксама. А паколькі мы знаходзімся пад эмбарга, то у нас гэта прапануюць. Вельмі шмат кантрабанды. Можа хтосьці лічыць гэта ўсё нейкімі асаблівымі перспектывамі, але я не лічу, што трэба абапірацца на такія магчымасці”.

Фота: aynuryilmaz.files.wordpress.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі