Дзмітрый Сакалоў-Мітрыч: Артыкул “Агідныя беларусы” ― не пра беларусаў

“Значыць, так. Ёсць такая нацыя ― беларусы. З гледзішча банальнай эрудыцыі гэта тыя ж самыя рускія, толькі беларусы. Размаўляюць па-нашаму, думаюць таксама, вось толькі пісьменства ў іх дзівацкае, але гэта нічога. Адны лічаць, што мы мусім ім спачуваць, таму што ў іх Лукашэнка. Іншыя ўпэўненыя, што мы мусім ім зайздросціць, ― ізноў жа, таму што ў іх Лукашэнка. Насамрэч беларусы зусім не такія простыя, як падаюцца”, ― так пачынае свой артыкул “Агідныя беларусы” намеснік рэдактара “Русского репортёра” Дзмітрый Сакалоў-Мітрыч.

Беларусы ўспрынялі словы журналіста ўсур’ёз. І пакрыўдзіліся. Што толькі не пісалі пра яго ў каментарах! Дасталося праз яго і ўсім рускім людзям, залічваць сябе ў шэрагі якіх беларусы ну ніяк не жадалі.

“Калі шчыра, для мяне вялікая нечаканасць, што гэты артыкул выклікаў такую рэакцыю ў Беларусі. Я быў хутчэй гатовы да таго, што апынуся ворагам рускіх нацыяналістаў, а не беларускіх”, ― здзіўляецца ў адказ на пытанні Еўрарадыё Дзмітрый Сакалоў-Мітрыч.

Зараз журналіст знаходзіцца ў камандыроўцы ў Ірландыі. Ад інтэрв’ю ён адмаўляецца. Але тое-сёе пра нашумелы артыкул пагаджаецца распавесці па электроннай пошце:

Дзмітрый Сакалоў-Мітрыч: “Артыкул, зразумела, увогуле не пра беларусаў, а пра прыроду ксенафобіі. Беларусы ў ім узятыя як прыклад нацыі, найбольш блізкай і сімпатычнай рускім. Далей у гратэскнай форме апісваецца гіпатэтычны прыступ параноі ― тым самым чытачу даецца зразумець, што для нацыяналістычнай гістэрыі мае значэнне не аб’ект нянавісці, а сама нянавісць. Мне шкада, што для пэўнай часткі аўдыторыі прыём засланіў сутнасць артыкула”.

Атрымліваецца, мелі рацыю тыя чытачы, якія палічылі публікацыю сцёбам, а згадку пра беларусаў у ёй ― не ксенафобскім жэстам, а пралічаным мастацкім прыёмам. Што праўда, ад закідвання тухлымі памідорамі гэта маскоўскага журналіста не ўратавала.

Фота: Антон Карлінер, Сиб.фм.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі