Дзеля будаўніцтва птушкафабрыкі вяскоўцаў высяляюць у недабудаваныя кватэры
Такая сітуацыя склалася ў Гродзенскім раёне.
Паселішча Стральцы-2 знаходзіцца за пяць кіламетраў ад Скідаля. Скідальская птушкафабрыка пачала будаваць тут новыя цэхі. Як піша "Гродзенская праўда", у зону забудовы трапілі некалькі хатаў: будаўнічыя працы вядуцца літаральна ў іх пад вокнамі.
Сялянам прапануюць новае жыллё, але перасяляцца яны не спяшаюцца. Па-першае, замест уласнага жытла вяскоўцам даюць сацыяльнае. Гэта азначае, што жылплошча "арандуецца" толькі на час жыцця кватэраздымшчыка.
Па-другое, заязджаць перасяленцам няма куды. Кватэры ў новым доме недаробленыя. Сама новая кватэра выглядае не лепш: унітаз расколаты і склеены, трубы замацаваныя абы-як, краны працякаюць, дзверы проста вывальваюцца, а шыбы на гаўбцы зусім забыліся паставіць. Ацяпленне ў доме таксама не ўключанае. Між тым, у Стральцы-2 перастала ездзіць нават аўталаўка.