Дык у колькі разоў павялічылася колькасць нелегалаў на польскай мяжы?

Амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка кажа пра дзесяціразовае павелічэнне колькасці нелегальных мігрантаў, якія спрабуюць трапіць з Беларусі ў Польшчу. А беларускія памежнікі перасталі іх “адсейваць”, як кажа Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка: “Вельмі шмат (нелагалаў — заўв. Еўрарадыё)” пайшло ў Літву і Польшчу, хлынулі нелегалы праз мяжу”.


Еўрарадыё вырашыла праверыць, ці сапраўды, з боку Беларусі ў Еўрасаюз рушылі натоўпы нелегальных мігрантаў.

“Статыстыка паказвае рост колькасці затрыманых. У студзені-верасні 2012 года памежная служба затрымала 302 чалавекі пры перасячэнні мяжы. Каля паловы затрыманых — беларусы. За ўвесь 2011-ы год затрымалі 196 асобаў”, — распавядае Еўрарадыё Агнешка Галіас з прэс-службы польскага памежнага камітэта.

Нават калі да канца года на беларуска-польскай мяжы зловяць яшчэ 100 нелегалаў, то гэта будзе толькі ўдвая больш, чым летась. Адкуль тады звесткі пра “павелічэнне ў дзясяткі разоў?”

“Павялічаная колькасць тычыцца такіх краін: Афганістан, Грузія, В’етнам, Расія. Расія, зразумела, — гэта выхадцы з Паўночнага Каўказа” — тлумачыць міжнародны аглядальнік польскай “Газеты Праўнай” Міхал Патоцкі. І дадае, што прычына павелічэння колькасці нелегалаў на мяжы — спроба шантажу ЕС беларускімі ўладамі.

Міхал Патоцкі: “Насамрэч, у Лукашэнкі не засталося магчымасцяў неяк ціснуць на ЕС у іншых кірунках. Што ён можа зрабіць? Спыніць выдачу віз еўрапейскім журналістам і бізнэсоўцам. Але спыняць выдачу візаў бізнэсоўцам для яго ж нявыгадна”.

Прэс-сакратар беларускага памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка кажа, што беларускія памежнікі працягваюць добрасумленна выконваць свае абавязкі па ахове мяжы. Пра гэта сведчыць, напрыклад, павелічэнне колькасці нелегалаў, якіх беларускія памежнікі затрымалі на беларуска-польскай мяжы.

Аляксандр Цішчанка: “За 9 месяцаў затрыманыя 443 парушальнікі, 118 з іх — на беларуска-польскім участку мяжы. З гэтых 118 грамадзяне Афрыкі і Азіі — 73 чалавекі. Калі параўноўваць з аналагічным перыядам мінулага года, то на 28,3% больш”.

Цікава, што ў Еўрапейскім агенцтве па пытаннях знешніх межаў (Frontex) таксама кажуць пра пэўнае павелічэнне колькасці мігрантаў на ўсходняй мяжы ЕС. Праўда, прэс-сакратар арганізацыі Ева Монкур называе яго неістотным, калі браць еўрапейскі маштаб.

Ева Монкур: “У мінулым годзе усходнюю мяжу (з Малдовай, Расіяй, Украінай і Беларуссю) перайшло нелегальна 990 асобаў. 30 працэнтаў з іх былі затрыманыя на славацка-украінскай мяжы. Калі ж ўлічыць, што ўсяго нелегальна перайшлі мяжу з ЕС больш за 140 тысяч чалавек, то ўсходняя мяжа не такая і папулярная — менш за 1 працэнт нелегалаў”.

Фота: www.jaslo4u.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі