Археолаг Дзяніс Дук: На землях славян такіх ідалаў дагэтуль не знаходзілі

Старажытны ідал знайшлі нядаўна ў Расонскім раёне. Мінскія дайверы разам з полацкімі археолагамі паднялі з рэчкі Дрыса драўляную фігуру, якой каля тысячы гадоў. Еўрарадыё паразмаўляла з удзельнікам гэтай акцыі, загадчыкам кафедры гісторыі Полацкага ўніверсітэта, археолагам Дзянісам Дукам.
110816 Duk site.mp3
Еўрарадыё: Ці гэта сапраўды знаходка ўнікальная, сусветнага маштабу?

Дук: ”Гэта сапраўды так, бо на сённяшні дзень нам невядома ніводнай знаходкі драўлянага ідала на тэрыторыі, звязанай з арэалам рассялення славянаў”.

Еўрарадыё: Якім перыядам пакуль датуецца гэты ідал?

Дук: ”Папярэдне можам казаць, што ён датуецца ад X стагоддзя нашай эры да XII-га. Але, магчыма, што датаванне "верхняе" можа быць значна шырэйшае, гэта можа быць і XIII стагоддзе. Гэта часы, калі адбывалася хрысціянізацыя Полацкай зямлі, а паколькі яна праходзіла вельмі складана і гэты працэс быў шматгаліновы, то гэта магло быць і XI стагоддзе, і XIII стагоддзе. Усё залежыць ад таго, як доўга там трымаліся рэлікты паганскіх вераванняў”.

Еўрарадыё: Ці можна ўжо казаць, што гэта за ідал?

Дук: ”На сённяшні дзень мы перакананыя, што гэта ідал, які ўвасабляе Перуна. Пра гэта сведчыць матэр'ял — гэта дрэва. Па-другое, сам факт яго знаходкі — ён абсалютна цэлы, што значыць: яго скінулі ў рэчку. А гэта было нехарактэрна для ідалаў, якіх знішчалі хрысціяне. Адзіныя выпадкі фіксуюцца ў летапісах і іншых крыніцах, што толькі з ідалам Перуна абыходзіліся даволі пачэсна. Гэта тлумачыцца тым, што хрысціянства, асабліва ранняе, уключала многія перажыткі паганскія ў свае культы. Усе астатнія ідалы былі проста фізічна знішчаны. І на сённяшні дзень гэта і ёсць адзіная знаходка”.

Еўрарадыё: Дзе будзе праходзіць экспертыза і калі можна чакаць папярэдніх вынікаў?

Дук: ”Зараз гэтая знаходка ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук. Там ёсць магчымасць правесці дэндрааналіз, які дазваляе з дакладнасцю да года вызначыць час, калі было зрублена дрэва або дакладна сказаць, калі яго спілавалі. Адпаведна ад даты спіла можна прыкладна меркаваць, колькі доўжыўся час яго ўжывання ў якасці рытуальнай рэчы”.

Еўрарадыё: У які музей трапіць гэты ідал?

Дук: "Думаю, што ён будзе знаходзіцца ў Інстытуце гісторыі, там ёсць выдатны музей гісторыі і археалогіі. Вельмі сучасны музей, вельмі якасна абсталяваны. Думаю, ён там зойме сваё месца. Тым больш, калі не зрабіць надзейных умоваў для яго кансервацыі, то ён будзе разбурацца.


Адзіная ўстанова, якая адразу адгукнулася і сказала, што знойдзе ўсе магчымасці для гэтага — гэта аказалася Акадэмія навук. Кансервацыя — даволі доўгі працэс. А ён мае такі вялікі аб'ём: у вышыню — 1 метр 20 сантыметраў, шырыня асновы больш метра, вага на момант, калі яго дасталі была больш за 150 кг. Такую вялікую рэч будзе закансерваваць вельмі цяжка. Гэта зойме вельмі працяглы час, і далей, думаю, будзе экспанавацца ў музеі Інстытута гісторыі".

Фота — tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі