Другая гадавіна выбараў. Якія памылкі прызнаюць кандыдаты сёння?

“Аўтаномнасць дзеянняў усіх кандыдатаў. Як перад Плошчай, так і пасля яе. Гэта, зноў жа, звязана было з адсутнасцю адзінага кандыдата. Гэтая праблема сёння зноў абмяркоўваецца. Маўляў, адзіны непатрэбны”, — распавядае Уладзімір Някляеў.

121213_pilecki_pamylki.mp3

Акурат Някляева на Плошчы і не было (адзінага, дарэчы, з усіх апазіцыйных кандыдатаў). Не дайшоў. І пасля яе кандыдат і паэт яшчэ доўгі час знаходзіўся пад арыштам, не маючы магчымасці ўдзельнічаць у палітычных падзеях. Някляеў гаворыць, што паміж штабамі падчас кампаніі існавалі дамоўленасці (у прыватнасці, даволі блізкія адносіны былі паміж выбарчым штабам Някляева і Андрэя Саннікава), аднак, паразумецца часта было складана. Кандыдаты прызнаюць, што пра навіны са штабаў даведваліся часта праз СМІ, а не ад сваіх “паплечнікаў-канкурэнтаў”.

Рыгор Кастусёў з БНФ прызнае таксама, што кампанію апазіцыянеры пачалі вельмі позна. Маўляў, доўга думалі над фарматам удзелу.

“Наша галоўная памылка, асноўная памылка — гэта тое, што Партыя БНФ вельмі позна стартанула. Мы вельмі доўга абмяркоўвалі фармат выбарчай кампаніі”.

Кастусёў заўважае, што гэтую памылку ў БНФ разумеюць і ужо выпрацавалі фармат свайго ўдзелу ў наступнай кампаніі. Партыя выступае за адзінага кандыдата ад апазіцыі і гатовая працаваць у камандзе нават у тым выпадку, калі ён не будзе з БНФ. Галоўнае, каб яго праграма супадала з праграмай БНФ па асноўным накірункам.

А вось Алесь Міхалевіч, які большую частку кампаніі трымаўся адасоблена ад выразна апазіцыйных кандыдатаў, мяркуе, што памылкі выбараў-2010 аналізаваць ўвогуле няма сэнсу. Міхалевіч гаворыць, што свой сцэнарый апазіцыянеры рэалізаваць не здолелі. А таму і памылак нарабіць не змаглі.

“Памылкі можна аналізаваць тады, калі ведаеш, які сцэнарый быў прадугледжаны, які сцэнарый збіраліся ажыццяўляць. На вялікі жаль, сцэнарый замаўлялі зусім іншыя людзі, і таму ніводны з нашых сцэнарыяў па-сапраўднаму не атрымаўся”.

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі бачыць адну галоўную памылку — адсутнасць адзінага кандыдата. Гаворыць, што ўлада добра гэтым скарысталася.

“Дык вось, улады рэпрэсавалі па-аднаму, выбіраючы тых людзей, каго намагаліся знішчыць як палітыкаў”.

Агулам, большасць апытаных кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах-2010 сыходзяцца на адным — галоўнай памылкай была адсутнасць адзінага кандыдата ад апазіцыі. Праз два гады складана сказаць, ці будзе зробленая выснова з гэтага. Наступныя выбары пройдуць зімой 2015-2016 гадоў, але ўжо цяпер можна сказаць, што кандыдатаў будзе як мінімум 3-4. За тры гады, што засталіся да выбараў, можа зноў дзесяць набрацца.

“Наша галоўная памылка, асноўная памылка — гэта тое, што Партыя БНФ вельмі позна стартанула. Мы вельмі доўга абмяркоўвалі фармат выбарчай кампаніі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі