Дэпутаты чакаюць, калі іх зноў паклічуць у дэпутаты

120215 Luka6uk Deputaty.mp3

“Трэба, каб людзі дамовіліся паміж сабой і потым паклікалі мяне. І сказалі: “Як ты глядзіш на тое, калі мы цябе вылучым яшчэ раз?”. Тады я дам адказ, — нечакана гаворыць намеснік старшыні камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Анатоль Глаз. — А самому лезці... бацькі мяне вучылі наперад не лезці. Хаця тут няма ніякіх сакрэтаў: да мяне з такімі запытамі ўжо прыходзілі. Пакуль маўчу”.


Дэпутаты падтрымліваюць ідэю кіраўніка краіны пра “пераемнасць”, каб дэпутаты “старыя” былі ў новым парламенце. Бо каб разабрацца ў заканадаўчай працы, народнаму абранніку патрэбны... год, а то і паўтара!


“Я па сабе ведаю: калі прыходзяць новыя людзі — вось, як я прыйшоў у новае скліканне — то для таго, каб ва ўсім разабрацца, добры год трэба, а то і паўтара. Згублены час атрымліваецца”, — гаворыць Мікалай Самасейка, старшыня парламенцкай камісіі па заканадаўстве.


Старшыня камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям’і Алег Вялічка ўжо двойчы абіраўся ў Палату прадстаўнікоў. Ён таксама чакае, калі выбаршчыкі паклічуць на гэтыя выбары:


“Калі выбаршчыкі палічаць патрэбным, значыцца яны мне выкажуць сваё меркаванне. Але сам я пакуль не вызначыўся — найперш я сам для сябе павінен вырашыць гэта”.


Дэпутат Валянціна Леаненка прызнае, што сама такія пытанні не вырашае! Яна чакае прапановы — але не ад выбаршчыкаў, а ад партыі.


Валянціна Леаненка: “Я ўсё жыццё займала такую пазіцыю: “Калі Радзіма сказала: “Трэба!” — камсамол адказаў: “Слухаюся!”. Я сябра кампартыі. І калі кампартыя палічыць патрэбным мяне рэкамендаваць і вылучаць, вось тады я буду прымаць рашэнне. Пакуль так размова не ідзе. Ды і няма яшчэ рашэння — калі будуць выбары, таму гэта пытанне яшчэ ў стадыі асэнсавання”.


Мікалай Самасейка будзе вырашаць такое пытанне па-людску — у коле сям’і.


Мікалай Самасейка: “Ведаеце, я для сябе гэта яшчэ не вырашыў. Сам буду прымаць рашэнне. Можа і сям’ю далучу да абмеркавання, але сам найперш буду прымаць рашэнне”.


І ўсё ж Еўрарадыё знайшло народных выбраннікаў, якія больш у дэпутаты не пойдуць. Уладзімір Майсюк кажа, што “двух дэпутацкіх тэрмінаў” з яго хопіць, “неяк і няёмка”.


Уладзімір Майсюк: “Дзякуй, я ўжо — не, нават не буду спрабаваць. Ну, 62 гады і ўжо два разы пабыў — шчыра кажучы, ужо неяк і няёмка”.


Не хоча больш быць дэпутатам і намеснік старшыні камісіі па аграрных пытаннях Уладзімір Маёраў.


Уладзімір Маёраў: “Я не буду ўдзельнічаць у выбарах — буду працаваць на іншай ніве. Пакуль не ведаю, на якой. Але тое, што працаваць буду, — гэта адназначна”.


Можа, і сапраўды дэпутатам са стажам папрацаваць у парламенце яшчэ і наступныя 4 гады, каб іншыя людзі час дарэмна не гублялі?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі