Дазіметр Еўрарадыё на плошчы Незалежнасці паказаў 60 мікрарэнтген

Паказанні прыбора ледзь не ў два разы перавышаюць лічбы, якія называла намеснік галоўнага доктара гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі – 60 мікрарэнтген у гадзіну. Пры тым, што нармальным у Мінску лічыцца фон ад 13 да 20 мікрарэнтген у гадзіну.
Радыяцыйны фон розніцца ў залежнасці ад месца замераў. Калі ў адным плітка выпраменьвае 50 мікрарэнтген, то ўжо ў другім фон даходзіць да 60-ці. Прычым, месцы замераў знаходзяцца адно ад другога ўсяго ў некалькіх кроках. Калі ж узняць прыбор на 1-1,5 метра над зямлёй, то паказанні прыбора памяншаюцца да 27-30 мікрарэнтген у гадзіну. Ёсць месцы, дзе плітка ўвогуле “чыстая”.
Па тлумачэнні, наколькі паказаныя прыборам лічбы радыяцыйнага выпраменьвання ад пліткі небяспечныя для здароўя, Еўрарадыё звярнулася да кіраўніка Інстытута радыяцыйнай бяспекі “Белрад” Васіля Несцярэнкі. На думку навукоўца, калі на гэтай плітцы не сядзець цэлымі днямі, нічога страшнага са здароўем не здарыцца. 

Васіль Несцярэнка: “Па санітарных нормах, якія дзейнічаюць у Беларусі, 30 мікрарэнтген у гадзіну дапускаецца ў жылым памяшканні. Я ўжо не кажу пра вуліцу. Таму гэта ніякай небяспекі не ўяўляе. Тым больш, што на гэтых плітках ніхто не жыве. Небяспека вызначаецца тым, колькі чалавек знаходзіцца ў “высокім” полі. А калі вы проста побач з ёй прайшлі, то небяспекі гэта не ўяўляе”.

Суцешыў ён і прадаўцоў гандлёвага цэнтра “Сталіца”, у якіх радыяцыйная плітка знаходзіцца проста над галавой. І яны, у адрозненне ад тых, хто гуляе па плошчы, знаходзяцца побач з ёй штодня на працягу поўных 8-9 гадзін.

Васіль Несцярэнка: “Гэта выпраменьванне мае кароткі шлях прабегу. І я ўпэўнены, што на іх працоўных месцах фон не будзе перавышаць 30 мікрарэнтген”.

Калі ж у прадаўцоў ёсць падазрэнні, што здароўе ў апошні час пагоршылася, то ім спецыяліст па радыяцыйнай бяспецы раіць запрасіць камісію з Гідрамета. Для правядзення замераў.

Дырэктар Інстытута распавёў, што граніт ад прыроды мае высокі радыяцыйны фон. У кар’ерах, дзе яго здабываюць, узровень можа дасягаць і 80 мікрарэнтген у гадзіну. Яго ўжо даўно выкарыстоўваюць у будаўніцтве тых жа тратуараў альбо метро. Таму гэты павышаны фон для нас ужо звыклы.

Васіль Несцярэнка: 
“Мікашэвічы, якія з’яўляюцца асноўным месцам, дзе ў нас здабываецца граніт, то там фон будзе і 60, і 80. Бо там яго вялікая маса. І з гэтай гранітнай крошкі ўся падсцілка дарог робіцца, усе тратуары ў горадзе”…

З улікам гэтага навуковец лічыць немэтазгодным мяняць плітку на плошчы.

Васіль Несцярэнка: 
“Пры тым узроўні радыяцяйнага фону, які там ёсць, я лічу, што нічога мяняць не трэба”.

Нагадаем, што спецыялісты аддзела радыяцыйнай бяспекі і аховы працы Інстытута “Сосны” ў сваіх высновах пасля праведзеных лабараторных аналізаў пліткі катэгарычна заявілі: выкарыстоўваць матэрыял з такім радыяцыйным фонам нельга ў будаўніцтве. Больш за тое – яму не месца на тэрыторыі населеных пунктаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі