Clover Club зрабілі "Музычны аўтамат выпадковых настрояў"

Мінскі гурт Clover Club скончыў больш чым паўгадавую працу над дэбютным альбомам, які атрымаў канцэптуальную назву Random Mood Jukebox.

"Гэта можна перакласці, як "Музычны аўтамат выпадковых настрояў", - тлумачыць назву дэбютніка гітарыст гурта Henry. - Умоўна кажучы, канцэпцыя альбома ў тым, што мы даем слухачам своеасаблівы музычны апарат і песні, якія ён будзе прайграваць, - вельмі моцна адрозніваюцца адна ад адной па настроі і афарбоўцы. То бок, альбом, нават, не абавязкова слухаць у нейкай паслядоўнасці, бо ўсе песні вельмі розныя і эмоцыі ў іх таксама вельмі розныя".

На дыску будзе дзесяць песень, якія музыкі палічылі лепшымі за паўтара года існавання калектыву, а таксама, якія не паўтараюцца па настроі. Тым не менш, у музычным сэнсе, перакананы музыка, агульная інды-рокнрольная стужка ў песнях прасочваецца, не гледзячы на тое, павольны гэта трэк ці ўбойны ракешнік.

У суботу 17 сакавіка песні Random Mood Jukebox з'явяцца на партале ultrа-music.com, а пазней і ў вольным доступе на старонках гурта ў інтэрнэце. Таксама музыкі плануюць выпусціць фізічныя носьбіты альбому. Праўда, пакуль яны не вызначыліся наконт таго, ці самастойна гэта рабіць, ці з дапамогай нейкага лэйблу, бо ў планах не зусім звычайнае выданне.

Канцэртная ж прэзентацыя дыску Random Mood Jukebox адбудзецца 12 красавіка ў клубе Re:Public. Разам з Clover Club выступяць і іх сябры - гурт Sang Sattawood, які таксама будзе прэзентаваць дэбютны альбом Tree. Дарэчы, ўваход на мерапрыемства будзе вольным.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі