Колькі кілават-гадзінаў "жаруць" лядоўня і ваш камп'ютар? (+інфаграфіка)

“У сярэднім, у Мінску большасць у гэтыя нормы ўкладзецца. І тыя, у каго газавая пліта, і тыя, у каго электрычная пліта”, — завяраюць Еўрарадыё ў канцэрне "Белэнерга".

З 1 лютага норма спажывання электраэнергіі для беларускай кватэры з газавай плітой — 150 кВт на месяц. Калі ёсць электрапліта, норма павялічваецца да 250 кВт. Тыя, хто спажываюць больш, будуць аплачваць перарасход з каэфіцыентам 1,3.

“Напрыклад, сям’я, што жыве ў кватэры з газавай плітой, спажыла за месяц 200 кВт· г. 150 кВт· г аплачваюць па звычайным тарыфе [382,4 руб/кВт· г. — Еўрарадыё]. А яшчэ 50 — з каэфіцыентам [497,1 руб/кВт· г. — Еўрарадыё]”, — працягвае наша суразмоўца з "Белэнерга".

Значнае перавышэнне нормы будзе аплачвацца па поўным кошце.

Еўрарадыё вырашыла вылічыць, ці хопіць гэтай “электрычнасці” на працу прыбораў, якія ёсць у кожнай беларускай кватэры. 


Электрапрыбор

За дзень/за адно ўключэнне, кВт· г

За месяц, кВт· г

Лямпачка — 60 Вт

* 5 гадзін за дзень = 0,3

* 3 лямпачкі на люстру = 0,9 * 30 дзён = 27

Чайнік — 2200 Вт

* 4 хвіліны = 0,146 * 3 разы на дзень падаграваем ваду = 0,44

* 30 дзён = 13,2

Мікрахвалёўка — 1500 Вт

* 1,5 хвіліны = 0,037 * 4 разы на дзень грэем ежу = 0,148

* 30 дзён = 4,44

Тэлевізар на кухні 19” — 35 Вт

* 5 гадзін = 0,175

* 30 дзён = 5,25

Тэлевізар у пакоі 32” — 108 Вт

* 5 гадзін = 0,54

* 30 дзён = 16,2

Рэжым чакання 16 Вт

* 18 гадзін = 0,288

* 30 дзён = 8,64

Ноўтбук 15” — 35 Вт

* 8 гадзін = 0,28

* 30 дзён = 8,4

Пральная машына класа А — 200 Вт на 1 кг. бялізны

* 4 кг. бялізны * 1,5 гадзіны працы (адна сцірка) = 1,2

* 8 сцірак = 9,6

Лядоўня (беларускай вытворчасці) — 200 Вт

* 10 гадзін (у сярэднім працуе лядоўня) = 2

* 30 дзён = 60

Прас (сярэдняй магутнасці) — 1600 Вт

* 15 хвілін (адно ўключэнне) = 0,4

* 8 разоў = 3,2

Фен (сярэдняй магутнасці) — 1000 Вт

* 10 хвілін (адно ўключэнне) = 0,166

* 15 разоў (рэжым эканоміі) = 2,5

 

Вынік:

158,43

Не хапае. Пры гэтым, мы не ўлічылі працу міксера і іншых “выпадковых” электрапрыбораў. І мабільныя тэлефоны недзе трэба заражаць. Да таго ж, нашая сям’я з чатырох чалавек месціцца ў аднапакаёўцы. Калі дадаць яшчэ адзін пакой — павялічацца, і няслаба, выдаткі на асвятленне.

Тым часам намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк заяўляе, што каля 70% беларусаў укладуцца ва ўсталяваны тарыф. Астатнім давядзецца ці раскашэліцца, ці эканоміць. Напрыклад, тэлевізар можна не пакідаць у рэжыме standby — гэта, у залежнасці ад мадэлі, дазволіць ашчадзіць да 10 кВт· г.