Ці трэба даваць Расіі адтэрміноўку па плацяжах?

Дамову на мільён долараў прапанавалі Віцебскаму харчова-агародніннаму камбінату “Ноўка”. Адбылася гэта на 19 Міжнароднай выставе прадуктаў харчавання і напояў World Food Moscow, якая  праходзіла ў Маскве на мінулым тыдні. Вось толькі дырэктар беларускага камбіната Расціслаў Гошка нібыта прапісаў у кантракце на пастаўкі ў Расію прадукцыі такія ўмовы, што заказчыкі вымушаныя былі ад яго адмовіцца.

Такую інфармацыю паведаміў Еўрарадыё патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты, начальнік сектара знешнеэканамічнай дзейнасці Віцебскага садавіна-агародніннага камбіната Сяргей Рыжоў.

Сяргей Рыжоў:
“Там падпісаны кантракт на мільён долараў. Да прыкладу, гэта тры гадавыя планы па знешнеэканамічнай дзейнасці, якія даводзяць да прадпрыемства. Але кіраўнік прадпрыемства падпісаў кантракт на загадзя невыканальных умовах — стоадсоткавая перадаплата. У той час, калі па аналагічных кантрактах даецца мінімум 60 дзён адтэрміноўкі”.

Паводле словаў Рыжова, гэты кантракт прапанавала Віцебскаму камбінату “Беларуская гандлёвая кампанія” канцэрна “Бедзяржхарчпрам”. З тым, каб прадаваць прадукцыю віцяблян на расійскім рынку. Але дзеянні дырэктара, кажа прэтэндэнт у прэзідэнты, сарвалі падпісанне гэтага кантракта.

Сяргей Рыжоў:
“Беларуская гандлёвая кампанія” выказала жаданне з намі супрацоўнічаць, даслала нам афіцыйныя прапановы па супрацы. Яны працуюць па кантрактах з адтэрміноўкай па плацяжах у 60 дзён з усімі беларускімі вытворцамі. Наш дырэктар гэта ведае, але, каб сарваць падпісанне гэтага кантракта, ён накіраваў у Маскву на выставу прадстаўніка з зусім іншымі ўмовамі: перадаплата 100 адсоткаў. Сёння ніводнае прадпрыемства рэспублікі, якімі б відамі прадукцыі яно ні займалася, не мае такіх кантрактаў”.

А ўсё, кажа, дзеля таго, каб яго, начальніка сектара знешнеэканамічнай дзейнасці, абвінаваціць у прафнепрыдатнасці і звольніць з працы.

Намеснік дырэктара Віцебскага камбіната “Ноўка” Сяргей Сярбенка паведаміў Еўрарадыё, што ў Маскве сапраўды быў падпісаны кантракт на пастаўку іх прадукцыі. Нават два. Праўда, адзін  — аб папярэдняй дамоўленасці. А вось другі, з “Беларускай гандлёвай кампаніяй”, канчатковы. Прычым, з адтэрміноўкай па плацяжах.

Сяргей Сярбенка:
“Адзін кантракт у нас адназначна падпісаны. Мы ім займаліся яшчэ да паездкі ў Маскву, а ў Маскве толькі ўзгаднілі. Гэта — з “Гандлёвай кампаніяй”, заснавальнікам якой з’яўляецца Гандлёвы дом “Белдзяржхарчпрам”. Гэта кампанія сур’ёзная, мы ім дадзім адтэрміноўку. А з астатнімі расійскімі кампаніямі мы працуем, у асноўным, па перадаплаце”.

Больш за тое, згодна з яго словамі, адтэрміноўку па аплаце іх камбінат дае толькі правераным заказчыкам.

Сяргей Сярбенка: “З кампаніямі, з якімі мы толькі пачынаем працаваць, мы заключаем дамову аб 100-адсоткавай перадаплаце”.

Галоўнае, кажа, каб арганізацыя, якая прапануе супрацоўніцтва, была сур’ёзная, мела нейкія актывы ці маёмасць  — якія ў выпадку неаплаты пастаўленай прадукцыі можна было б адсудзіць.

Тое, што кожнае прадпрыемства мае права прапісваць ўмовы кантракту паводле свайго разумення, пацвердзіў Еўрарадыё і начальнік упраўлення эканомікі і фінансаў канцэрна “Белдзяржхарчпрам” Дзмітрый Бараноўскі.

Дзмітрый Бараноўскі: “Гэта звычайныя гаспадарчыя адносіны паміж суб’ектамі. Адна фірма з другой дамаўляецца, і ва ўмовах дамовы абгаворвае ўмовы пастаўкі, тэрміны разлікаў і гэтак далей. Гэта  — выключна пытанні прадпрыемства”.

Тое ж самае сказаў пра адмову падпісваць кантракты на пастаўку прадукцыі з адтэрміноўкай па аплаце і намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур.

А эканаміст Леанід Заіка ўвогуле параіў беларускім вытворцам з асцярогай ставіцца да расійскіх заказчыкаў.

Леанід Заіка: “Існуе ўжо зараз вялікая запазычанасць расійскіх пакупнікоў за беларускую прадукцыю. У Расіі прынята “пракатваць”, прынята падманваць. Таму я згодны з нашым прадпрыемствам, якое ставіць свае ўмовы. Прадукцыю, таго ж дзіцячага харчавання на мільён долараў,  — гэта не вельмі і шмат, за тыдзень. Калі ласка, за тыдзень і разлічыцеся. Ну, 10-15 дзён. Што за праблема, чаму 60?”.

І дадаў, што ў сённяшніх умовах лепш перастрахавацца і не падпісваць кантракт з адтэрміноўкай аплаты, чым увогуле не атрымаць грошы за сваю прадукцыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі