Ці штрафуюць беларускіх артыстаў за фанаграму?

У 2007 годзе быў прыняты новы закон “Аб рэкламе”. А праз год Міністэрства гандлю ў адпаведнасці з новымі нормамі загадала арганізатарам канцэртаў абавязкова ўказваць на афішах — пад фанаграму выступаюць артысты ці “ў жывую”.

Мінула больш за год, і Еўрарадыё вырашыла праверыць мінскія афішы.

Афішы аўтараў-выканаўцаў Віктара Каліны і Змітра Вайцюшкевіча вісяць побач. Але калі афіша Каліны інфармуе гледачоў пра “жывы гук”, то на афішы Вайцюшкевіча ніякіх згадак на гэты конт няма.



Нічога пра гучанне не кажуць і афішы дуэта “Чук і Гек”



Як, прынамсі, нічога пра гэта не гаворыцца і на афішах Юры Шатунова, Алега Скоблі і Евы Польны, што вісяць ў пераходзе метро “Кастрычніцкая” побач.



Пра тое, што на канцэрце будзе “жывы гук”, слухачоў шчыра папярэджваюць “Песняры”



У ніжнім левым кутку афішы схаваў гэтае папярэджанне Аляксандр Саладуха



 і расійскі гурт “Белы арол”



Горда паведамляе пра “жывы гук” на сваім канцэрце Аляксандр Сяроў



Цікава, што мы не знайшлі ніводнай афішы, якая б папярэджвала слухачоў, што нейкі артыст будзе выступаць на канцэрце “пад фанеру”. А за гэта, паводле закону, прадугледжана пакаранне. Асабліва калі на афішы пазначаны “жывы гук”, а на выступленні артыст выкарыстоўвае фанаграму.

“У адпаведнасці з законам “Аб рэкламе” прадугледжана адміністрацыйная адказнасць альбо прадпісанне, альбо пратакол, альбо контррэклама. Гэта азначае, што такім жа чынам, альбо якім іншым чынам, які вызначае дзяржаўны орган, будзе размешчана інфармацыя, што гледачы гэтага канцэрта былі ўведзеныя ў зман і выкарыстоўвалася фанаграма”, — распавяла Еўрарадыё начальнік упраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Мінгандлю Ірына Барышнікава.

Паводле яе словаў, калі за такі падман будзе складзены адміністрацыйны пратакол, то арганізатарам канцэрта могуць выпісаць штраф у памеры ад 700 тысяч да 1 мільёна 750 тысяч рублёў. А слухачы, якія чакалі "жывога" гуку, а атрымалі фанаграму, могуць падаць на арганізатараў у суд і запатрабаваць вярнуць грошы за квіток.

Аднак у Міністэрстве гандлю распавялі, што за час дзеяння закона “на шчырасць” нашых артыстаў ніводнага разу не правяралі.

Ірына Барышнікава:
“Тэматычнага маніторынгу ў нас не было. Таму канкрэтна сказаць, выконваецца прадпісанне ці не, я вам не магу”.

Больш за тое, правядзенне такога маніторынгу нават не значыцца ў бліжэйшых планах супрацоўнікаў міністэрства.

Еўрарадыё апытала артыстаў, ці пазначаюць яны на афішах, калі спяваюць “пад фанеру”.

“А мне хаваць няма чаго! Ды і гледача няма сэнсу падманваць — у нас глядач ужо, дзякуй Богу, адукаваны. І на афішах у мяне напісана, што канцэрт праводзіцца пад “мінус адзін”. Гэта азначае — інструментальная фанаграма мінус вакал. Я спяваю “жыўцом”, — прызнаўся Аляксей Хлястоў і распавёў, што калі хтосьці з залы пачынае гучна называць яго “фанершчыкам”, то яму артыст прапаноўвае заспяваць разам. І ўвесь негатыў у такога чалавека адразу знікае.

А вось спявачка Жанэт, згодна са словамі яе дырэктаркі Ружыны Канановіч, нічога на сваіх афішах не піша. З-за таго, маўляў, што свой выступ канцэртам не называе.

Ружына Канановіч: “У яе напісана “шоў-праграма”. А калі напісана “шоў-праграма”, тады ідзе падтэкст, што дапускаецца фанаграма. Але звычайна артысты гэтага і не хаваюць. Вось Жанэт ніколі гэтага не хавае, калі ў яе пра гэта пытаюцца”.

Аня Шаркунова адзначыла, што дакладна не памятае, ці напісана ў яе на афішы што-небудзь на гэты конт. Але ўпэўніла, што заўсёды спявае “жыўцом”. Нават калі музыка ідзе фанаграмай.

А вось дырэктар Ірыны Дарафеевай Юрый Саваш расказаў Еўрарадыё, што яны і без прадпісанняў Мінгандлю вось ужо больш за дзесяць гадоў пішуць на афішах, што канцэрт праходзіць з “жывым” гукам.

Юрый Саваш: “Мы гэта робім ужо гадоў 10 і паўсюль пішам “жывы гук”. Бо лічым, што гэта дадатковая рэкламная інфармацыя, якая адрознівае нашыя канцэрты ад тысячы іншых. Таму мы ўказваем на ўсіх афішах, якія робяцца, напэўна, з 1998 года, — пішам “жывы гук”, і звычайна на канцэртах мы выступаем у суправаджэнні музычнага гурта”.

Калі ж, кажа, нечакана высвятляецца, што па тэхнічных прычынах канцэрт, анансаваны як “жывы”, адыграць “жыўцом” не атрымліваецца, то з запасаў дастаюцца афішы, дзе пра фармат гучання нічога не гаворыцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі