Ці будуць забіраць аўтамабілі ў нецвярозых кіроўцаў дзяржаўнага транспарту?

"Будзе прадугледжаная канфіскацыя аўтамабіля.
Незалежна ад таго, каму ён належыць",
гаворыць у інтэрв’ю Еўрарадыё кіраўнік
прэс-службы Генпракуратуры Пётр Кісялёў.
Прапанова Генпракуратуры канфіскоўваць аўтамабілі ў кіроўцаў, якіх спыняць
нападпітку паўторна, ужо падрыхтаваная.

Аўтаэксперт Аляксандр Канапліцкі паказвае цікавую
статыстыку: за 2011 год здарылася 894 ДТЗ па віне нецвярозых кіроўцаў, з іх
26 — гэта дзяржтранспарт.

"За рулём ездзяць не толькі кіроўцы асабістых
аўтамабіляў, але і кіроўцы транспартных сродкаў, якія належаць
дзяржпрадпрыемствам. Паводле афіцыйнай статыстыкі, за мінулы і папярэднія гады
былі затрыманыя нецвярозымі і кіроўцы дзяржтранспарту. І што атрымоўваецца,
калі кіраваў тралейбусам у нецвярозым стане, будзем тралейбус забіраць?".

Яшчэ некалькі
прыкладаў: бацька дае аўто на выхадныя сыну, а той ездзіць на ім п'яны.
Аўтамабіль у бацькі забяруць, хаця сын сам павінен несці адказнасць. Ці нехта
дае пакарыстацца нейкі час аўтамабілем сябру, а той садзіцца за руль п’яны.

Аляксандр Канапліцкі: "Чалавек
з'язджае ў адпачынак, пакідае аўтамабіль дома, а сын ці жонка едзе нецвярозым.
Як ён мог пракантраляваць? Ці муж з жонкай купілі машыну. Сумесная маёмасць —
кожнаму належыць палова аўтамабіля. Муж едзе п’яны — машыну забіраюць. Пытанне:
на якіх падставах забіраецца палова маёмасці жонкі? Яна ж нічога не зрабіла".


Былы адвакат Павел Сапелка ўзгадвае, што такая
практыка ў Беларусі ўжо была, але ад яе адмовіліся.

"Існавала норма, якая дазваляла канфіскоўваць
аўтамабілі, што былі сродкам здзяйснення мытных правапарушэнняў. Аўтамабілі,
якія перавозілі кантрабандныя грузы, маглі быць канфіскаваныя, нягледзячы на
тое, што перавозчык мог не мець уяўлення, што ўласнік грузу парушае закон.
Канфіскацыя незалежна ад таго, у чыёй уласнасці знаходзіцца аўтамабіль, —
відавочнае парушэнне канстытуцыйных правоў уласнікаў аўтамабіля, якія яго
перадалі іншым асобам".

Можна зразумець
канфіскацыю аўто ва ўласніка, калі ён едзе нецвярозы. Але ж у праве ёсць такое
паняцце, адзначае Сапелка, што канфіскацыя павінна быць толькі ў выпадку
карыслівых злачынстваў. Як варыянт — павысіць верхнюю планку санкцый.

Арцём Шаркоў лічыць, што такая сітуацыя можа давесці да
абсурду.

"Аматары паездзіць падшафэ будуць набываць
сабе аўтахлам — канфіскуюць ды канфіскуюць, а нармальныя людзі будуць ад гэтага
цярпець. Калі чалавек трапляе неаднаразова на працягу года, даваць не
канфіскацыю, а вялікі штраф і арышт аўто, пакуль штраф не будзе
выплачаны".

І хто будзе
спыняць танны аўтахлам, калі канфіскаваць дарагое аўто выгадней?

Ды і пазбаўленне
правоў кіроўцы таксама не дзейснае пакаранне, кажа Аляксандр Канапліцкі. Згодна са статыстыкай за 2011 год, у ДТЗ без правоў трапілі 682 кіроўцы, з іх 351 — 
нецвярозы.

"Я не думаю, што яны ніколі не мелі правоў.
Думаю, яны ў іх былі, але іх пазбавілі, аднак яны працягваюць ездзіць".

На сайце
"Аўтамалінаўка" было апытанне, дзе амаль 60% прызналася, што часта
выпівае за рулём. Таму Аляксандр
Канапліцкі
прапаноўвае іншы больш эфектыўны метад — арышт і прымусовыя
працы, напрыклад дворнікам.

"У Германіі, калі затрымалі нецвярозым,
вельмі вялікі штраф. Калі дробнае ДТЗ, то арышт ад 3 месяцаў. Калі сур'ёзнае
ДТЗ — крымінальная адказнасць. Але за адміністратыўныя правапарушэнні ў
нецвярозым стане —  арышт. І нікога не
цікавіць, згубіць ён працу ці не".